О проекте

Лявон Вольскі прэзентаваў "Белую яблыню грому" (+фота/+відэа)

 

Пры поўным аншлагу ў тэатры імя Я.Купалы Лявон Вольскі прэзентаваў свой новы праект "Белая яблыня грому" на вершы класікаў беларускай літаратуры. Як высветлілася, падобнага праекту ад Вольскага чакалі даўно: маўляў, Лявон, бацька і дзед якога – вядомыя беларускія пісьменнікі – не павінен быў забыцца на літаратурную спадчыну.

"Увогуле канцэрт вельмі чаканы. Бо сапраўды бракуе песень на вершы класікаў беларускай літаратуры. І выдатна, што менавіта сын вядомага беларускага пісьменніка Артура Вольскага ў такой сучаснай аранжыроўцы здолеў падаць гэтыя творы", – распавядае адзін з гледачоў, які прыйшоў на канцэрт з дзецьмі-дашкольнікамі. – "Нават маім дзецям цікава было паслухаць, я сачыў за іх рэакцыяй. Многія словы песень невядомыя, але гэта пытанне часу – вывучацца словы і будуць падпяваць".

Спецыяльна да прэзентацыі быў падрыхтаваны адмысловы відэашэраг: з пачаткам кожнай песні на вялікім экране з'яўлялася выява маленькага зярнятка, якое пакрысе ператваралася ў партрэт паэта, на верш якога выконвалася песня. Тут Лявон Артуравіч выступіў не толькі ў ролі аўтара музыкі, але і ў якасці мастака – партрэты для відэаінсталяцыі, як і для кнігі, якую можна знайсці ўнутры плыты "Белая яблыня грому", Вольскі намаляваў сам.

Кожную з песень Лявон пачынаў кароткім расповедам пра аўтара ці сам твор: загучалі напісаная "беларускім хлопцам Адамам у Адэсе" рамантычная кампазіцыя "Сон" Міцкевіча, добра вядомая ўсім па школьнай праграме "Пахне чабор" Броўкі, падобнай да своеасаблівага гімна атрымалася "Вецер Радзімы" Максіма Танка.

Пад музычны заклік "Гэй, наперад!" на верш Янкі Купалы Лявон спусціўся ў залю.Простыя словы прыпеву гледачы з задавальненнем спявалі разам з музыкантам.


Адным з самых запамінальных нумароў прэзентацыі стала выкананая з Аляксандрам Памідоравым песня на верш Францішка Багушэвіча "Немец". А "шчымлівы смак песні пра складаныя й заблытанныя пачуцці" Вольскі паспрабаваў перадаць кампазіцыяй на верш Аркадзя Куляшова "Парушыўшы законы прыцягнення" у дуэце з жонкай Аняй.

Апошняй песняй першага аддзялення канцэрту стала аднайменная "Белая яблыня грому" на верш Рыгора Барадуліна. Сам пісьменнік, на жаль, не змог прысутнічаць у залі, але спецыяльна для прэзентацыі напісаў верш. Пры поўнай цемры ў залі на экране з'явіўся партрэт дзядзькі Рыгора, як яго ласкава клічуць сябры, а ў сценах Купалаўскага, як заклік нашчадкам, загучалі запісаныя аўтарам радкі:

"Спартанцы збіраліся на вайну
Вастрылі мячы, арміравалі латы.
З усімі ўстаў ў шэрэнгу адну
Спартанец нягеглы, пасіпаваты.
"Куды ты? На што ты такі на вайне?" –
Спытаўся нехта. Юнак прызнаўся:
"Як іншай карысці няма – аб мяне
варожы затупіцца меч прынамсі...."

Ці таму, што песня "Белая яблыня грому" атрымалася ў Вольскага вельмі шчымлівай і кранальнай, ці заклік з вуснаў Рыгора Барадуліна не мог застацца непачутым, але на вачах у добрай паловы гледачоў заблішчэлі слёзы...

Падчас антракту ў фае тэатра стварылася чарга за новай плытай. Тое, што "канцэртны тыраж" альбому, які паспелі надрукваць да прэзентацыі, разыйшоўся ў імгненне, сведчыць аб яго поспеху:

"Гэта вельмі цікава і класна, што Вольскі зрабіў праект у такой дасяжнай для моладзі форме, такім чынам далучаючы нас да беларускай мовы, да роднай культуры", – дзеліцца ўражаннямі дзяўчына гадоў 25-ці. – "Мне хочацца верыць, што гэта ідэя будзе мець працяг у творчасці Лявона і стане прыкладам для маладых артыстаў".

Пра тое, што з дапамогай праекту Вольскага ўрокі літаратуры стануць больш цікавымі, сведчыць і сёлетняя выпускніца:

"Калі б я ў школьным узросце пачула гэтыя песні, я б больш імкнулася вывучаць беларускую літаратуру і чытаць нешта дадаткова. Спадзяюся, настаўнікі хуценька ўключаць гэты прает у свае планы".

У гэты ж час на лесвіцы ў файе сабралася цэлая дэлегацыя амбасадараў. Неабыякавыя да культурнага жыцця Беларусі, яны ўважліва разглядалі новы альбом Лявона Артуравіча і... размаўлялі паміж сабой па-беларуску!

Другое аддзяленне Вольскі распачаў добра вядомай кампазіцыяй "Я нарадзіўся тут". Затым на сцэне з'явіўся фронтмэн гурта J:морс Уладзімір Пугач, які ў дуэце з Лявонам выканаў песню "Такога няма нідзе".

"Дзякуючы Пугачу, які нарадзіўся ў Пінску і з'яўляецца сапраўдным патрыётам сваёй малой радзімы, у кампазіцыі "Такога няма нідзе" з'явіўся радок "на Піне бабры", – жартуе Лявон са сцэны.

Следам за Валодзем на сцэну выйшла Аня Хітрык. Пажартаваўшы крыху на тэму ўзаемнага хвалявання, гаспадыня сцэны Купалаўскага і Лявон Вольскі прэзентавалі новы дуэт. Песня атрымала назву "Вера, Надзея, Любоў".

"Брава, Аня! Брава, Маэстра!" – крычалі музыкантам з залі.

Цяжка ўявіць, што для выканання гэтай шыкоўнай кампазіцыі можна знайсці лепшую спявачку. Шчырая, прыгожая і сціплая Аня Хітрык расчуліла і запэўніла ў тым, што "сапраўднае не мусіць памерці".

Яшчэ адной прэзентацыяй гэтага вечару стала песня "Героі рок-н-ролу".

У заканчэнне канцэрту прагучаў "небяспечны мікс" усім вядомых хітоў "Крамбамбулі".

Пасля фінальнай "Госці" заля і не думала разыходзіцца: колькі не запэўніваў Лявон, што "пасля трохгадзіннай праграмы бісу ўжо не будзе", супрацьстаяць народнай любові не змог і пад гучныя апладысменты на развітанне выканаў "Старых хіпаноў" і "Абсэнт".

З упэўненасцю магу сказаць, што ў праекту "Белая яблыня грому" няма шанцаў застацца недзе ўбаку: ён па-за часам, па-за ўзростам, па-за сацыяльным статусам.

У ліку апошніх сыходзячы з тэатру чую аднекуль: "Аяяяяй... От маладзец!..". Азіраюся па баках – старэнькая гардэробніца складае ў шэраг "нумаркі" і працягвае: "Такая праграма харошая: і Багушэвіч, і Чачот, і Колас. А колькі яшчэ ўсяго ёсць!" Тут бабуля заўважае мой уважлівы позірк і дадае: "А што Вы думаеце – у нас ведаеце, якая акустыка ў тэатры! Я тут усёёё чула! Хай бы часцей у нас выступалі!"

Што тут дадаць – нічога не маем супраць!

Тэкст: "Еўрарадыё"
Фота і відэа: Tarantino


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net