О проекте

Лявон Вольскі: "Італьянская "Tarantella" атрымалася як System of a Down"

 

Лявон Вольскі застаецца адным з галоўных ньюзмейкераў у Беларусі. Гэты год у яго атрымаўся вельмі насычаны: ён праехаў з канцэртамі па гарадах Еўропы, запісаў новы альбом з "Крамбамбуляй" і рыхтуецца да ягонай прэзентацыі ў лютым. Лявон распавёў Ultra-Music, дзе ён піў найсмачнейшае піва, чаму славакі не зразумелі роднай мовы і за якую песню літоўцы пачастуюць вячэрай.

"ЗАСТАЛІСЯ ЗДЫМКІ, ДЗЕ МЫ ПЕРАД АЛТАРОМ ІГРАЕМ"

– Вы толькі што вярнуліся з даволі вялікага туру з сольнай праграмай. Што было адметнага ў гэтым туры, чым ён вам запомніўся?

– У нас атрымалася такая творчая брыгада. Гэта нельга назваць нейкім прафесійным музычным складам. Паехаў я, гітарыст Алег Гарус з "Крамбамбулі" і Мацей Сабураў. Мацей узгадаў сваё юнацтва ў гурце "Плато": ён і сэмплы нейкія падкладаў, і на перкусіі граў.

Атрымалася досыць цікавая геаграфія: два канцэрты ў Празе, канцэрт у Берліне, потым Беласток зачапілі, Берасце… Там увогуле досыць нечакана згралі ва ўніяцкай царкве. Спачатку канцэрт планаваўся ў кавярні, потым нехта патэлефанаваў у яе… Але арганізатар канцэрту Зміцер Назараў меў кантакты ўсіх, хто замаўляў квіткі. Ён кожнага папярэдзіў і перанёс канцэрт у царкву. Мы спачатку баяліся там іграць, бо ў нас ёсьць песенькі, якія не адпавядалі б месцу, дзе павінны былі выконвацца (напрыклад, версія ірландскай песні "Whiskey in the Jar"). Але з першых акордаў стала зразумела, што ўсё класна і вельмі натуральна. Нечакана ўсё атрымалася. Цяпер засталіся такія цікавыя здымкі, дзе мы перад алтаром іграем.

У Празе быў вельмі цікавы другі канцэрт. На першым былі некаторыя праблемы з гукам, малое памяшканьне… А другі быў проста суперскі. Хаця мы думалі, што ён будзе як дабіўка для тых, хто не патрапіў на першы канцэрт. Але прыйшлі людзі і з першага канцэрту, і іншыя, хто не мог прыйсьці раней.

У Беластоку таксама было цікава. З бельскага ліцэю чалавек 30 прыехала, як на лекцыю. Новыя такія дзяўчынкі, гадоў па 17, усе з гамбургерамі-попкорнам-колай :)

Вельмі цікавы быў у Санкт-Пецярбургу канцэрт. Я не быў у Расіі з канца 80-ых гадоў. Калі мы пасля канцэртаў з Ганнай выйшлі на Неўскі, недзе ў палове на другую ночы, а там – не коркі, але вельмі шмат транспарту, як у нас недзе паміж 7 і 8 вечара, і поўныя вуліцы народу. І ўсё працуе, нідзе не напісана, ад якой да якой гадзіны. Зразумела проста, што трэба працаваць. Суцэльная вар’ятня! У нас там было 2 з паловай дні, і нам зрабілі такі ўжо спрэсаваны турызм.

– У Піцеры вы гралі ў культавым клубе "Котельная Камчатка".

– Клуб невялікі. Гэта былая качагарка, але ўжо, вядома ж, ніякіх катлоў там няма. Сабралося чалавек 100–150. Але там вельмі цікава. Напрыклад, вісіць вялікі плакат Майка Навуменкі. І такі крэатыўны плакат, дзе ён яшчэ зусім малады, у такім швэдары. Як зараз бы сказалі, "фрык". Па тых часах ён проста гігантычны: дзе яны ўсё гэта тады друкавалі?

Але піва ў Піцеры значна горшае за чэскае! Я яго амаль зусім не п'ю, але ў Чэхіі мы па піўку ўдарылі крыху. Я зразумеў, што няма ў свеце такога Pilsner Urquell, як там. Нідзе няма. Нават наш сябра Інга Пэтц сказаў "мммм, ну гэта нешта!". А ён звычайна не здраджвае свайму нямецкаму! Праўда, усё астатняе чэскае ён раскрытыкаваў.

А народ у Піцеры такі адвязны. Шмат было суайчыннікаў, але і шмат карэннага насельніцтва. Хтосьці даўно ўжо там сядзіць. Паехаў, напрыклад, паступаць у "мореходку", бо ў нас няма – так і прыбіўся-застаўся. Але галоўнае, па-беларуску гавораць.

– Якія песні гралі падчас вандроўкі?

– Мы адну праграму не гралі. Увесь час падбіралі рознае. Гралі штосьці з таго, што я пісаў для N.R.M., штосьці з "Я нарадзіўся тут", даволі шмат "Народны альбом" – песень 5–6, з "Мроі"… Ну і з новай "Крамбамбулі". У Празе мы паспрабавалі выканаць славацкую песню "Konopa, konopa", але славакі нічога не зразумелі. Як высветлілася, у Славакіі шмат рэгіянальных моваў, а гэта песня старая, і там такі дзіўнаваты прыпеў, больш падобны на набор гукаў. Яна такога сэксуальна-эратычнага характару, як і ўвесь славацкі фальклор, як нам потым растлумачылі :) У песні дзяўчына сумуе, што яна дзверы адчыняе, а хлопцы так і не прыходзяць… (напявае дзіўнаваты каламбурыстычны тэкст пра Дунай, зязюляў, відарысы). Але гэта старая песня, народ жа любіць неяк гэтак дзіўнавата перадаваць нейкія словы, таму славакі нават не зразумелі. Але калі я стаў неяк ім распавядаць, яны ўжо пачалі: "ааа, ну тааак".

"БАЮСЯ НЯ ДАЦЬ РАДЫ, БО ТАДЫ… ALLES"

– "Крамбамбуля" запісала вельмі незвычайны новы альбом "Драбадзі-драбада". Як нарадзілася ідэя запісаць яго на розных мовах?

– Спачатку была ідэя проста ўзяць беларускія народныя песні. Потым мы падумалі: а чаму б і іншых народаў песні не падключыць? Пачалі капаць, назнаходзілі досыць цікавых песень, розных еўрапейскіх: ёсць аўтарскія (там дзе нават аўтар ужо забыты), ёсць сапраўды карэнныя. Спачатку я думаў, што мы ўсё на беларускай мове праспяваем, і тады альбом выйшаў бы, напэўна, год таму. Але потым пайшла такая дурная ідэя: чаму б не праспяваць на нямецкай мове, на іншых? І пачалі працу ў гэтым накірунку, хоць было досыць цяжкавата.

Напрыклад, песня нямецкая "Krambambuli" пяецца літаральная скарагаворкай, і не для носьбіта мовы было вельмі цяжка вучыць яе. Але мы потым яе спявалі нават у Гамбургу разам з маладой мясцовай камандай Baby Benzine. І атрымалася класна. Потым я яе і адзін спяваў, але заўсёды стаўлю пюпітр, бо баюся не даць рады, бо тады… alles :)

– Ці слухалі носьбіты моваў песні, якія атрымаліся ў вас?

– Носьбіты слухалі. Цікава, напрыклад, паставіўся да шведскай песні амбасадар Стэфан Эрыксан. У іх мова, канечне, з рознымі прыбамбасамі: і з насавымі гукамі, і ўсё, што хочаш. Ён – чалавек такі мяккі, але настойлівы, і пачаў, маўляў, нармальны ж беларускі варыянт, навошта па-шведску спяваць. Але ж мы вырашылі на ўсіх мовах! Як гэта не будзе на шведскай? Я зняў тэкст старой песні з дудой пра цнатлівую панну і вадзяніка. У іхным фальклоры вадзянік – гэта прыгожы такі мужчына, культурыстычнага выгляду – сапраўдны вікінг. Ён грае на арфе, і адразу ў дзяўчын з’яжджае дах, яны кідаюцца ў мора і там застаюцца каханкай гэтага вадзяніка.

Атрымалася ў выніку, што я ўсё няправільна там "зняў" :) Стэфан мне потым двойчы начытаў, я запісаў на дыктафон, доўга вучыў і з некалькіх падыходаў запісаў і даслаў Стэфану. І ён такі быў уражаны: "О, я амаль што ўсё разумею!" Канечне, там дзікі акцэнт, але атрымалася.

– І колькі ўсяго моваў на "Драбадзі-драбада"?

– Пакуль 9 моваў. Напрошваецца працяг безумоўна. Якая-небудзь каталана, баскі – што-небудзь нефарматнае :)

Па-ангельску я нешта вырашыў не спяваць – праспяваў той самы Алег Гарус. Гэта ірландская песня "Whiskey in the Jar", але напісаная ад пачатку была па-ангельску.

Па-польску зрабілі адаптацыю такой дурной песні "Cicha woda". Яе калісьці граў наш суайчыньнік Эдзі Рознэр, потым спяваў такі чалавек ва ўзросце Збігнеў Куртыш: "Cicha woda brzegi rwie" (напявае). А мы зрабілі рок-версію.

Па-літоўску зрабілі "Ant kalno mūrai". Напэўна, найбольш вядомая песня ў Літве. Як сказаў Эдмінас Багдонас: гэтую песню літовец, што п'яны, што цвярозы, падымецца і будзе спяваць. Мы ў Вільні праспявалі на акустычным канцэрце, і адразу гаспадар рэстарацыі, у якой гэта было, запрасіў нас на вячэру: "Ну, слухайце, практычна без акцэнту!" Як ні дзіўна, літоўская вельмі проста праспявалася і запомнілася.

Гучанне на альбоме атрымалася такое… ў раёне "поп-панку". Але ёсць і пацяжэй. Італьянская "Tarantella" атрымалася як System of a Down :)

– Цяпер трэба зрабіць тур па ўсіх краінах, на чыіх мовах вы запісалі песні.

– Мы думалі пра такое. Трэба ж людзям кінуць гэтую прынаду. "О, на нашай мове праспявалі – давайце цяпер у нас на бірфэсце праспявайце!" Паглядзім, як будзе.

"НАРОД МОЖА САБЕ ДАЗВАЛЯЦЬ ШТО ЗАЎГОДНА – МЫ НЕ СУПРАЦЬ"

– На 11 лютага запланаваная вялікая прэзентацыя кружэлкі ў Re:Public. Але мы ведаем, з якімі цяжкасцямі шматлікія беларускія музыкі сутыкнуліся ў апошні час, у тым ліку і вашыя праекты.

– Я не магу зразумець схемы, што ўвогуле адбываецца ў нас. Мы адмыслова спрабуем тут доўга не сядзець. Калі тут сядзіш хаця б два месяцы, то пачынаеш рабіцца такім сярэднестатыстычным беларусам, прасякацца сітуацыяй, станавіцца часткай натоўпу… Зараз мы так наездзіліся, што было нават дзіўнавата па вуліцы хадзіць: а чаго ўсе такія пахмурныя?! :)

Таму зараз мяне гэтая сітуацыя не бянтэжыць, не ўводзіць у дэпрэсію. Ну, раз так, паедзем за мяжой пайграем – там вельмі проста рабіць канцэрты.

Але мы ўсе спадзяемся, што прэзентацыя адбудзецца :)

– Ці рыхтуеце для прэзентацыі нейкую адметную праграму, мо нейкае шоў?

Мы пакуль не асабліва планавалі ўсе цікавосткі і заманухі для публікі. Але мы звычайна проста так не робім канцэрт: сыгралі і ўсё. "Крамбамбуля" асабліва не нагружаная нейкім ідэалагічным складнікам, апроч беларускай мовы. А цяпер ужо і іншымі мовамі :) Таму трэба шоў! "Крамбамбуля" адразу планавалася як адпачынак і для музыкаў, і для народа. Мы таксама кайфуем і адтапырываемся на сцэне, як і народ. Адзінае, што мы не пад кайфам :) А народ можа сабе дазваляць што заўгодна – мы не супраць.

Таму мы нешта прыдумаем. Зараз шчыльна супрацоўнічаем з Мацеем Сабуравым – будзе нейкі відэа-шэраг. Шоў заўсёды прыемна рабіць.

– Каго-небудзь з удзельнікаў ранейшых супольных песень плануеце запрашаць?

– Варта такой інтэграцыяй займацца. Кулінковіч, як мінімум! Міхалок? Мне падаецца, ён арганізаваў навагодняе беларускае шоў у Маскве адмыслова. Каб сустрэцца з беларускімі сябрамі. Бо пакуль сюды ён прыехаць… праз празмерную занятасць не можа:)

"Я Ў МУЛЬТАХ НЕВЯЛІКІ СПЕЦ"

– Чым скончылася тая гісторыя з АНТ, калі выкарысталі без дазволу адну з вашых песень?

– Мы вядзем кансультацыі. Шмат розных кампетэнтных людзей нам сказалі, што ніхто ніколі яшчэ не выйграваў у судовых спрэчках з дзяржканаламі. Але мы спрабаваць будзем. Зараз яно ўляглося, бо спачатку яны былі напагатове. А зараз святы пройдуць, усё змікшуецца. Пракансультуемся яшчэ, пакуль яны ўсе будуць з бадунца :) Ёсць варыянты. Калі б гэта было проста ў перадачы выкарыстана, то без шанцаў. А гэта ўсё ж такі фільм.

Цікава толькі, чаму гэта адбылося? Гэта зрабіў нехта такі падкоп? Проста яно зусім не стасавалася з відэа-шэрагам. Ці то гэта проста халтура, ці проста хтосьці вырашыў прадэманстраваць, што ёсць і свае людзі ў тых шэрагах.

– Яшчэ вы напісалі песню да "будзьмаўскага" мультфільму пра гісторыю Беларусі.

– Усё атрымалася вельмі хутка. Я ўвесь час быў у вёсцы. Стаяла такая спёка, мы купілі і надзьмулі такі вялізны басейн.

І літаральна за дзянёк абраў асноўныя падзеі і зарыфмаваў. Потым, канечне, давялося шмат мяняць, але пісалася з вялікім натхненнем!

Мне вынік спадабаўся. Я ў мультах не вялікі спец, хоць калісьці сам здымаў на 8-міліметровую кінакамеру, але мне вельмі спадабалася. Там добра спалучаецца відэашэраг з шэрагам музычным. Я бы, канечне, некаторыя імёны прыбраў, а некаторыя дадаў, але я не быў апошняй інстанцыяй. Не буду казаць, каго б прыбраў-дадаў, але, як мінімум, Васіля Быкава трэба было б дадаць, канечне.

Тэкст: Вячаслаў Радзівонаў, Ultra-music.com


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net