Праз паўзу ў дзевяць гадоў гурт Pomidor/OFF выдае свой другі нумарны дыск пад назвай "Патас/Попс/Прапаганда", які абяцае стаць сапраўднай падзеяй у беларускай рок-музыцы. "Мы ўрэшце выпрацавалі адзіны настрой і адзінае гучаньне. Тое, што мы зрабілі – гучыць!" – кажа Аляксандар Памідораў. Зь яго новым альбомам здарыўся цікавы прэцэдэнт: кампанія-выдавец папрасіла выканаўцу даць тэксты на вычытку, каб праверыць, ці няма ў песьнях заклікаў да экстрэмізму.
Ад часу выданьня альбому "Сьвята пакрадзенае", які яўна ўвайшоў у лік лепшых айчынных рок-працаў новага стагодзьдзя, мінула ўжо дзевяць гадоў. Аляксандар Памідораў прызнаецца, што нават не падлічваў, колькі ж цягнуўся перапынак у дыскаграфіі. "Паўза сапраўды вялікая, бо мы рыхтавалі матэрыял у розны час, у розных студыях і з розным настроем". Музыкант кажа, што яго новай працы зьявіцца раней зашкодзілі найперш жыцьцёвыя абставіны. Спачатку зьехаў працаваць за мяжу бубнач гурта Зьміцер Харытановіч, затым зьехаў на два з паловай гады сам Памідораў. У выніку ўсе сабраліся зусім нядаўна. Агульны настрой і адпаведнае гучаньне музыкі знайшлі ў студыі "Осмос", дзе і быў запісаны ўвесь матэрыял дыску "Патас/Попс/Прапаганда" – 13 песень і два бонусныя трэкі. Дарэчы, першы інтэрнэт-сынгл з гэтай кружэлкі "Дым" стаў самай запатрабаванай песьняй кастрычніка на партале "Тузін Гітоў". Яе спампавалі больш за 2000 разоў.
"Наш новы дыск мае шмат чаго супольнага зь "Сьвятам пакрадзеным", але ў той жа час існуе і шмат адрозьненьняў, – разважае лідэр гурта Pomidor/OFF. – Мы граем усё тую ж гітарную музыку, але цяпер гучаньне ў нас больш празрыстае. Мы экспэрымэнтуем з рознымі дзіўнымі гукамі, але граем усё той жа клясычнай рокавай троечкай – гітара, бас, бубны. Калі песьні зь першага дыску можна было сыграць у акустыку, то гэтыя давядзецца перарабляць, бо напісаныя яны менавіта для выкананьня гуртом. Прычым у стварэньні музыкі бралі ўдзел мы ўсе ўтрох. Ну і рэчытатыву на новым дыску практычна няма".
З альбомам "Патас/Попс/Прапаганда" здарыўся цікавы прэцэдэнт: выдавец дыску папрасіў выканаўцу даць тэксты на вычытку: "У нас у штаце няма намесьніка па ідэалёгіі ды і ня наша гэта задача адсочваць палітычную арыентацыю выканаўцаў, – тлумачыць прадстаўнік кампаніі "Вигма" Сяргей Рудовіч. – Але існуе юрыдычны аспект праблемы. Тая прадукцыя, якая выдаецца пад нашым лэйблам, як мінімум ня мусіць зьмяшчаць ніякіх экстрэмісцкіх заклікаў. Таму запыт тэкстаў песень варта разглядаць, як звычайную юрыдычную працэдуру. Мяркую, ніхто ня будзе трымаць за гэта крыўду". Урэшце рэшт выдаўцы прыйшлі да высновы, што нічога супрацьпраўнага ў тэкстах гурта Pomidor/OFF няма, а таму альбом можа зьявіцца ў продажы ўжо на пачатку сьнежня.
Экслюзіўная лайт-прэзэнтацыя дыску "Патас/Попс/Прапаганда" адбудзецца ў межах праекту "Тузін. Unplugged" 2 cьнежня ў клюбе "Графіці"
Тэкст: Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"