Музыка і актор Сяргей Пукст прэзентаваў свой альбом "Внутреннее" шалёным шоу-спектаклем. Ён паўстаў перад гледачамі ў вобразе статуі напаўаголенага Апалона і адмовіўся ад доўгіх уводзінаў і прэзентацый праекта. Ён усяго толькі звярнуўся да гледачоў з рытарычным пытаннем: мусіць статуя размаўляць альбо маўчаць?
Але ўсё ж размаўляў. Нават гучна. Нават крычаў так, што людзі на першых радах закрывалі вушы рукамі. Але Пукст – ёсць Пукст, і нечага банальнага ад яго чакаць не даводзіцца.
"Здорава, што ён сумяшчае візуальны план і акустычны, і яго канцэрт знаходзіць новае вымярэнне, – кажа музыка Атмараві, які падтрымлівае Пукста ў яго эксперыментах. – Гэта такая асаблівая бравада, бунт супраць класічнай, акадэмічнай музыкі ці некай фальшы. Людзі хочуць рознага роду забаваў. Таму што, калі ўвесь час ідзе аднастайна музыка, без нейкіх асаблівых візуальных эфектаў, гэта сумна. Сяргей не можа ўвесь час мяняць касцюмы. Ён адзін раз выйшаў у белым колеры і ўсё".
"Я вось зараз думаў, што, калі б ён мяняў колер, было б прыкольна: белы, чорны, чырвоны, – працягвае Атмараві. – Але гэта трэба было б вельмі хутка ўсё змываць і нанова пакрываць. Ён робіць усё ў меру сваіх магчымасцяў. Але, на маю думку, тое, што яны сёння разам з фатографам Алексам Жарнасекам сумясцілі свае творчыя імкненні, гэта адразу бачна. Бо калектыўная творчасць больш моцная, чым аднаасобная".
Вобраз Пукста-Апалона быў прадстаўлены шырокай аўдыторыі ў сакавіку ў студыі фатографа Аляксандра Жарнасека. З ім і з альбомам "Внутреннее" музыка Пукст вярнуўся на сцэну пасля творчага адпачынку. І вось восеньская прэзентацыя альбома мела мэту паўтарыць сакавіцкі спектакль, дзе ўсё было насамрэч прадумана і ўбудавана ў інтэр’ер. Дзе ва ўсіх было месца. Менавіта такога выступу, дзе гледачы змаглі б убачыць усё так, як і было задумана аўтарам, а не "дафантазіраваць" сваё, не хапіла шмат каму.
"Хочацца, каб гэта быў нармальны канцэрт, а не прома, зробленае наспех і крыху неахайна, – кажа фатограф Уладзімір Парфянок, які выстпупае за "платны канцэрт Пукста па ўсіх канонах". – Я – перфекцыяніст па натуры. Мне трэба, каб усё было ідэальна. Ідэя – цудоўная, але яе трэба было давесці да дасканаласці і зрабіць нармальны, паўнавартасны, платны канцэрт, а не бясплатную дэма-версію для ратазеяў. Даводзіцца ўвесь час нешта інтэрпаліраваць. Пукст дае нейкі імпульс тым, што ён паказвае і спявае, а глядач павінен увесь час нешта апускаць, ад чагосьці абстрагіравацца, і гэта асабіста мяне раздражняе. А так ён малайчына, мне падабаецца, што ён вельмі шмат эксперыментуе, і гэты яго новы вобраз “чалавек-экран”, чалавек-скульптура і экран для праекцый – я такога ў Беларусі не памятаю".
Пукст спяваў пра вантробы. Чытаў пра вантробы. Крычаў пра вантробы. А па ім бегала вар'яцкая праекцыя аўтарства Алекса Жарнасека. У зале было вельмі горача. З-за дыму, які Сяргей увесь час пускаў са сцэны, зусім не было чым дыхаць. Ды і разгледзець спектакль маглі далёка не ўсе – з-за вялікага натоўпу людзей і адсутнасці крэслаў было амаль нічога не бачна. У нейкі момант падалося, што нават калі б нехта з гледачоў страціў прытомнасць, то наўрад ці хто звярнуў бы на гэта ўвагу – усё б выглядала вельмі арганічна ў сюррэалістычным спектаклі Пукста.
І калі нехта выбягаў на вуліцу са словамі "Не, мабыць я яшчэ не гатовы да такой сацыялізацыі”, іншыя заставаліся і смакавалі спектакль да самага канца. Напрыклад, лідар гурта "Петля Пристрастия" Ілля Чарапко-Самахвалаў застаўся ў захапленні ад убачаннага. Адзінае, кажа музыка, і "целесамі", і тварам Пукст візуальна нагадаў яму не грэчаскага бога, а рымскага імператара, які замовіў сабе статую ў антычным рымскім стылі.
"Сяргей цудоўны, і на мой погляд ён цудоўны ў любым амплуа. Але мяне вельмі ўразіла дзея, бо я яго вельмі даўно не бачыў і ўжо падзабыў, наколькі ён харошы. А сёння ён мне пра гэта нагадаў, і я вельмі задаволены. Сяргей Пукст – адзін з таленавіцейшых музыкаў усёй планетарнай прасторы".
Сам Апалон-Пукст таксама застаўся задаволены дзеяй і назваў сябе "неграм, які толькі на сцэне становіцца выключна белым".
"То бок я станаўлюся чалавекам абсалютна разняволеным, які не цураецца сваіх пачуццяў і гэтыя пачуцці становяцца абсалютна натуральнымі, і чый інтэлектуальны багаж абсалютна эмацыйна не зашораны. Функцыя мая сёння была ў большай ступені разрушальнай і альбом, уласна кажучы, у мяне такі. Бо яна пра чалавечае адзіноцтва, а каму і на які хрэн трэба нешта ведаць пра адзіноцтва? Кожны чалавек пра гэта ведае сам, а вось, набыўшы мой альбом, даведаўся яшчэ і пра мае пачуцці. Я сёння стаў чалавекам, які вызваліўся за межы чаканых забаўляльных момантаў. Я спадзяюся, што тыя, хто быў сёння на маім спектаклі, лепш зразумелі ідэю дыска, чым тыя, хто проста яго набыў і паслухаў".
Тэкст і фота: "Еўрарадыё"