Гурт TonqiXod прадставіў на Ultra-Music дэбютны альбом "Pradmova" – сем розных па настроі трэкаў, аздобленых медытатыўнымі, настраёвымі ўступам і эпілогам. Альбом стаўся вынікам двухгадовай дзейнасці трыа. Для запісу музыкі нават адрамантавалі мандаліну 30-х гадоў мінулага стагоддзя.
Уладзімір Лянкевіч (гітара/вакал) пра "Pradmovu":
– Альбом нельга назваць канцэптуальным у звыклым сэнсе. Але ў яго ўвайшлі не ўсе песні, якія ёсць у нашым рэпертуры: мы адмыслова выбудоўвалі трэк-ліст "Pradmovy", гэта не справаздача за нейкі перыяд існавання гурта. Проста мы самі такія сабе "звышканцэптуальныя", таму і матэрыял у нас выходзіць адпаведны :) Уласна пісаліся мы цягам года, але праца над песнямі ішла амаль два гады. Фіксацыю адцягвалі ў тым ліку таму, што спачатку хацелася дасягнуць паразумення паміж музыкантамі, сыграцца, каб музыка прыстойна гучала не толькі на запісе, але і жываком усё атрымлівалася на нармальным узроўні. Да таго ж мы адводзім ладнае месца імправізацыі, а з гэтым трэба быць асцярожнымі.
На альбоме "Pradmova" даволі разнапланавыя кампазіцыі, хацелася, каб яны адрозніваліся адна ад адной. Падобныя песні на той самай хвалі і на адной эмоцыі – гэта хвароба многіх гуртоў. Мы стараліся не захварэць. Так, наш дэбютнік у пэўнай ступені атрымаўся даволі стракатым, але гэта хутчэй прынцыповая эклектычнасць.
Спампаваць альбом можна на сайте Ultra-Music
Максім Субач (клавішы/вакал) пра запіс "Pradmovy":
– Наогул пачалі пісацца мы яшчэ ў канцы 2013 года, калі рыхтавалі сінгл "Nasypać hory". Але пасля праца над астатнімі песнямі ішла павольней. Да запісу мы падыйшлі даволі грунтоўна. Перабралі некалькі студый, кватэр, нават лецішча. Увогуле я лічу, што студыя далёка не найлепшае месца для стварэння музыкі з пункту гледжання настрою: ты загадзя абмежаваны часам і, галоўнае, якія б там прафесіяналы не сядзелі, ты знаходзішся на іх тэрыторыі і часам мусіш граць па іх правілах. Таму ў выніку частку інструментаў мы запісвалі на студыі, а рэшту пісалі, дзе заманецца. Напрыклад, з абсталяваннем з’язджалі за горад і спакойна рабілі колькі хочаш дубляў, а затым сядалі ля вогнішча ды смажылі хлеб. Перыядычна даводзілася вырашаць розныя тэхнічныя цяжкасці – напрыклад, некалькі разоў перапайваць савецкія сінтэзатары, склейваць наноў раструшчаную мандаліну 30-х гадоў. Але мне асабіста не сорамна за вынік, хаця далёка не ўсё ўдалося ўвасобіць. І цяпер можна не хаваць вочы, калі сваякі запытваюць: "Дзе працуеш, чым займаешся?", а да звыклага "інжынер" дадаваць: "Ну, граем з гуртом свае неадназначныя песенкі". Пры гэтым трэба шматсэнсоўна і хітра ўсміхнуцца, павёўшы брывом :)
Андрэй Аляксеенка (барабаны):
– На запісах, акрамя электрагітар, сінтэзатараў і ўдарных можна пачуць кларнэт, кантрабас, трубу, скрыпку, акардыён, раяль, акустычную гітару, мандаліну, блок-флейту, званочкі, бразготкі і шмат іншага. Звядзеннем і майстарынгам займаўся Канстанцін Пыжоў (акрамя песні "Nasypać hory", якую зводзіў Яўген Сухавей).
Апроч таго, гурт TonqiXod дзякуе ўсім, хто так ці іначай спрычыніўся да альбому, у тым ліку запрошаным музыкам (Віктару Сямашку, Эрыку Арлову-Шымкусу, Уладзіміру Галавачу), Паўлу Някрасаву, які дапамагаў запісвацца, "Еўрарадыё" за прэмію "Дэбют" і гадзіны на студыі "Осмос" ды мноству-мноству іншых людзей.
Канцэртная прэзентацыя альбома "Pradmova" адбудзецца на пачатку 2015 года.
Тэкст: Аляксандр Чарнуха, Ultra-Music
Комментарии
нарэшце
ммм, дык вось ён якi, альбом году..
Интересная музыка. Чем-то
Интересная музыка. Чем-то напоминает ивановский "Сейф", но не он.
Временами сложная, временами смешная, и в целом качественная и профессиональная. Видно, что люди в музыке разбираются. Так держать
Это как минимум открытие
Это как минимум открытие года.
Давно не получал такого
Давно не получал такого удовольствия от рока. Насыпать горы, насыпать!
Есть тонкие ходы в музыке),
Есть тонкие ходы в музыке), странный такой бессмысленный рок
Удивительно! Повеяло 70-ми.
Удивительно! Повеяло 70-ми. Сейчас такую музыку ( арт - рок , прогрессив ) думал никто не слушает у нас, оказывается - даже играют ! Музыка для музыкантов, непопса.
.