Дырэктар гурта Sciana Зьміцер Назараў прызнаўся ў інтэрвію "Тузін Гітоў", што яго гурт мяркуе прыпыніць канцэртную дзейнасьць у роднай Беларусі, ды скіраваць увагу на Ўкраіну ды Польшчу: "Мы паціху прыходзім да такой думкі, што з канцэртамі па Беларусі трэба завязваць. Стаміліся мы ад гэтых адносінаў да свайго. У Беларусі ўсё тухла. Ня хочацца больш займацца альтруізмам".
Гурт Sciana дайграўся да таго, што Ўкраіны з Польшчай яму ўжо мала, ня кажучы пра родную Беларусь. У сакавіку берасьцейцы выправіліся ў гастрольны тур, што складаецца зь сямі канцэртаў. Пачалі з Кіева, 23 сакавіка граюць у Бэрліне, а сканчаюць выступам у Кракаве. У невялікім перапынку паміж "украінскімі" і "заходнімі" канцэртамі дырэктар калектыву Зьміцер Назараў распавёў пра асаблівасьці…
– На старонцы гурта ў сеціве шмат пазітыўных фотак з Украіны. Яшчэ больш там захопленых водгукаў ад вашых канцэртаў. Што такога фэерычнага адбывалася ва Ўкраіне?
– Тур атрымаўся амаль спантанны. Нашыя сябры – гурт "Роллікс" – павінны былі ў Кіеве прэзэнтаваць альбом. Клюб, дзе гэта меркавалася адбыцца, запрасіў і "сьценку" таксама, ведаючы, што мы цесна кантактуем. Мы, натуральна, пагадзіліся. Не ўяўляеш, якія там нас напаткалі прыгоды! Пасьля канцэрту ў нас стырылі нумары з машыны. І пакінулі запіску, каб мы паклалі даволі-такі немалыя грошы на тэлефон. Мы выклікалі міліцыю, але самі прасядзелі цэлую ноч у мянтоўцы. Але ў рэшце нам выпісалі даведку, каб нас даішнікі не штрафавалі, і так без нумароў мы і паехалі ў Хэрсон, адкуль паходзяць "Роллікс".
Сустракалі нас вельмі цёпла. Разумееш, там усё заўсёды па-іншаму. І людзі нейкія іншыя. Наш гурт ня ведаюць, першы раз прыехаў, а ўсе зь першай песні падрываюцца і пачынаюць танцаваць. А пасьля канцэрту падыходзяць за аўтографамі, купляюць дыскі і пытаюцца, дзе можна паглядзець акорды да песьняў.
Для мяне яшчэ адна была дэталь паказальнай. "Роллікс", гурт нашага ўзроўню, выпусьціў альбом, дык пасьля прэзэнтацыі вакол хлопцаў сабралося ня менш за 15 журналістаў. Прыйшлі музычныя крытыкі. Адбылася прэс-канфэрэнцыя. І нам было так прыемна пабачыць, што хоць ва Ўкраіне ёсьць нейкі шоў-бізнэс.
– Абяцаную сумесную песьню Sciana з "Ролліксам" ужо запісалі?
– Амаль. Мы са свайго боку ўжо ўсё зрабілі. Засталося, каб "роліксы" дапісалі сваю частку. Думаю, што на беларускіх гастролях "Роллікса" пры канцы красавіка два гурты прасьпяваюць яе разам. Пакуль што яе выконвала Sciana на абодвух украінскіх канцэртах. Публіка яе ўспрыняла на "ура!". І ня дзіўна – там жа пра сяброўства ўкраінцаў і беларусаў. Гэтыя пачуцьці многія падзяляюць.
– Далей у вас Польшча, да чаго нам не прывыкаць, і Нямеччына. А вось апошняя адкуль намалявалася?
– Усё мой язык (сьмяецца). Мы летась перамаглі ў Польшчы на фэстывалі "Rock-noca". Тады з намі пазнаёміўся рэдактар аднаго нямецкага музычнага часопіса і паабяцаў паспрыяць канцэрту ў Нямеччыне. Але нешта там не атрымалася, карацей, справу спусцілі на тармазах. А хлопцы вельмі загарэліся гэтай ідэяй. Вось і пачаў я сам шукаць зацікаўленых людзей. І знайшоў.
– Украіна, Польшча,Нямеччына… А беларусам нешта з канцэртаў перападзе?
– Ведаеш, мы ўжо паціху прыходзім да такой думкі, што з канцэртамі па Беларусі трэба завязваць. У красавіку яшчэ павыступаем, а там толькі калі нас кудысьці будуць адмыслова клікаць. Стаміліся мы ад гэтых адносінаў да свайго.
Узяць тую ж Украіну, калі прыклад сьвежы ў памяці. Там няма такога, што ўкраінскую культуру пад плінтус заганяюць. Там ня трэба быць Вакарчуком, каб цябе ведала ўся краіна. Там ёсьць спонсары, якія ахвотна падтрымліваюць мясцовую культуру. У нас жа наадварот. Калі ладзіцца рок-фэстываль, то там лабаюць усе, акрамя сваіх. У нас ты становісься вядомым толькі тады, калі зьезьдзіш за мяжу і там у газэтах напішуць, што ты крута граеш. Нават Sciana ва Ўкраіне мае пэўную фан-зону, на яе канцэрт прыйдзе не 200 чалавек, як тут, а значна больш. Ці пакінем Украіну, возьмем Польшчу. Там не заўжды разумеюць пра што мы сьпяваем, але захапляюцца падачай, а пасьля пампуюць нашы песьні. Гэта заўсёды лёгка адсачыць, бо колькасьць памповак пасьля канцэртаў рэзка павышаецца.
А ў Беларусі ўсё тухла. Ня хочацца больш займацца альтруізмам. Гурт прыяжджае за свой кошт, купляе інструмэнты, а які сэнс, калі нават канцэрты не акупляюцца? Таму і пайшла цяпер тэндэнцыя да стварэньня кавэр-бэндаў з добрых, прафэсійных музыкаў. Бо музыкі хоць неяк хочуць зарабіць з музыкі.
– У вас рыхтуецца новы альбом. Штосьці дакладнае можаш ужо сказаць пра яго?
– Большая палова альбому гатовая, але дакладны тэрмін не магу сказаць. Зь мінулым дыскам у нас былі жорскія тэрміны, бо ён нам быў вельмі патрэбны. Цяпер мы вырашылі пісаць, як пішацца. Аптымальна, калі зробім да канца 2012 году. Але калі творчы працэс зацягне, то я, напрыклад, ня буду хлопцаў падганяць. У нас жа не кантракты, каб гнацца некуды.
– Як лічыш, наколькі наогул актуальна рабіць дыскі ў наш час, калі іх ужо мала хто купляе?
– Мы, відаць, пакуль не дарасьлі ў Беларусі да таго, каб выпускаць інтэрнэт-альбомы. Ня вельмі гэта разьвіта. А дыскі сапраўды цяпер маюць чыста эстэтычны характар. Іх купляюць пасьля канцэртаў толькі, каб памяць пра гурт пакінуць.
Тэкст: Іна Хоміч, "Тузін Гітоў"
Фота: vk.com/sciana