О проекте

"Даём рады": без пафасу і напругі (+фота)

 

Першая музычная прэмія "Даём рады", заснаваная "Еўрарадыё", прайшла ў нефармальнай абстаноўцы, ненапружна і без пафасу. У канцы ўручэння падумалася – а як мы жылі дагэтуль без такіх узнагарод?

Музычная прэмія "Еўрарадыё" ўвойдзе ў гісторыю як самая карэктная і суб’ектыўная. Найлепшых сярод сур’ёзных і жартаўлівых вызначалі без дапамогі журы, а перамога ў асноўных намінацыях "Альбом" і "Гурт года" былі падзеленыя між усімі прэтэндэнтамі, каб нікога не пакрыўдзіць.

Вядоўца канцэрта "Даём рады" Ілля Маліноўскі адразу папярэдзіў публіку, што ўзнагародзіць найлепшых па выніках 2012 года журналісты "Еўрарадыё" вырашылі самі, таемным галасаваннем, а на канцэрт запрасілі "дасяжныя" гурты. Тых, хто згаданы ў "чорным" спісе, кіраўніцтва Re:Public традыцыйна баіцца пускаць да сябе, нават тых, хто ўсё ж дае зрэдчас канцэрты ў іншых мінскіх клубах.


Clover Club


Re1ikt

Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што каманда "Еўрарадыё" падышла да арганізацыі фэсту-прэміі з усёй адказнасцю і зрабіла ў гэтай сітуацыі максімум магчымага. У якасці гасцей былі запрошаныя ўсе намінанты ды іншыя віп-персоны (праўда, далёка не ўсе прыйшлі), на экране дэманстраваліся ролікі, у якіх расказвалася пра намінантаў. Праўда, закруціць інтрыгу атрымлівалася не заўжды. Пакуль журналіст Віталь Ругайн адкрываў канверт, каб назваць публіцы пераможцу ў намінацыі "Дэбют года", публіка пра яго дазналася з надпісу на экране, дзе было пазначана – Clover Club. Дарэчы, выступ гэтага гурта зрабіўся, можа, нават самай галоўнай падзеяй фэсту. Музыкі цудоўна адыгралі свой сэт, што складаўся з песняў з сапраўды выдатнага дэбютніка "Random Mood Jukebox", а ў канцы зрабілі вялікую прыемнасць для "Еўрарадыё", для сваіх прыхільнікаў і для саміх сябе, калі хіт "On Rewind" вакалістка Патрык нечакана заспявала па-беларуску. Выявілася, што свая мова вельмі пасуе "беларускім брытанцам".


Avias


:B:N:

Падчас абвяшчэння пераможцаў у асноўных намінацыях журналісты "Еўрарадыё" вырашылі трохі пакпіць з беларускіх музыкаў, уручаючы жартаўлівыя прызы. Тыя ж Clover Club атрымалі ў падарунак дзіцячы гаршчок з музыкай, Аляксандру Памідораву далі перамогу ў намінацыі "Няспраўджаная надзея" за спробу скокнуць са сцэны ў натоўп падчас канцэрту Gods Tower, аднак музыку ніхто з гледачоў не наважыўся падхапіць… Згадалі іранічным словам і цырымонію "Рок-Каранацыя", якая атрымала прыз "Непатанаючая легенда". Да слова, той жа Clover Club атрымаў зверху (разам з Akute і Yellow Brick Road) яшчэ сур’ёзны cпецыяльны прыз ад жывога яшчэ тэлеканала "A-ONE Україна" – іх кліпы ўвойдуць у шчыльную ратацыю, як толькі будуць знятыя.

Забаўна выглядала абвяшчэнне пераможцы ў намінацыі "Відэа года". Павел Свярдлоў назваў намінантаў – Iowa, Nuteki і "Ляпіс Трубяцкой" – ды заявіў, што ніхто з іх перамогу не атрымае: "Усе гэтыя кліпы былі знятыя не ў Беларусі, таму мы вырашылі ўзнагародзіць тых беларускіх музыкаў, якія знялі сваё відэа тут", – заявіў Павел і паклікаў на сцэну праект v e g e t a b l e s, якіх ушанавалі за ролік на песьню "Baloo".


Akute


"Дай Дарогу"

Нягледзячы на адсутнасць некалькіх зорных імёнаў, склад удзельнікаў канцэрта выглядаў шыкоўным. Ніводзін з іх не выпадаў з агульнай канвы, а агульная атмасфера вельмі нагадвала найлепшыя беларускія рок-канцэрты канца 90-х. Упрыгожаннем фэсту зрабіўся выступ гурта Re1ikt (ім далі дзіўнаваты прыз – "Надзея 2013 года"), не згубіўся гурт Avias, уганараваны за сінгл "Смецце", ну а зусім разгайдалі публіку :B:N:, Akute і "Дай дарогу", якія разам на сцэне, здаецца, ніколі і не сутыкаліся да гэтага.

"Выканаўцам года" прызналі Змітра Вайцюшкевіча, які ў гэтыя няпростыя для беларускай музыкі часы можа толькі перадаваць відэапрывітанні, намінацыю "Альбом года" падзялілі на трох – вакалісты "Дай дарогу!", Yellow Brick Road і Akute выглядалі падчас атрымання аднолькава шчаслівымі. Але было відавочна, што на "Даём рады" быў двубой – Брэст vs. Магілёў. Перамагла карэктнасць: журналісты "Еўрарадыё" вырашылі не вылучаць найлепшых і аддалі галоўную намінацыю "Дай дарогу!" і Akute.

Прэмія "Еўрарадыё" прайшла на належным узроўні, і хочацца спадзявацца, што яе арганізатары зробяць яе штогадовай.

Спіс пераможцаў:

"Дэбют 2012" – Clover Club
"Надзея 2013" – Re1ikt
"Музычнае відэа 2012" – v e g e t a b l e s "Baloo"
"Фестываль 2012" – "ПІКНІК.BY"
"Сінгл 2012" – Avias "Смецце"
"Непатанаючая легенда" – "Рок-каранацыя"
"Сольны выканаўца 2012" – Зміцер Вайцюшкевіч
"Альбомы 2012" – Yellow Brick Road "Futuremental", "Дай Дарогу!" "Сквозь говно" і Akute "Не існуе"
"Гурты 2012" – "Дай Дарогу!" і Akute

Тэкст: Сяргей Будкін, Budzma.org
Фота: "Еўрарадыё" і Аляксандр Ждановіч, Budzma.org


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net