Заснавальніца гурта Akana-NHS Ірэна Катвіцкая ў інтэрвію парталу Tuzin.fm заявіла, што распачынае сольную кар’еру. Цяпер сьпявачка працуе над запісам свайго дэбютнага дыску: "У маім новым праекце іншая эстэтыка – пошук гамы выключна жаночай эмацыйнасьці ў сьпевах і гуках раяля".
Каб пералічыць усе гурты і праекты, у якіх задзейнічана Ірэна Катвіцкая, спатрэбіцца нямала часу. Яна аўтар і лідэр праектаў Ethno-NHS і Akana-NHS, вакалістка і аранжавальніца ў беларуска-швайцарскім праекце Kazalpin. Сёлета зьявіўся яшчэ адзін праект, у якім удзельнічае Ірэна – New Image Orkestra. Акром таго, яна супрацоўнічае з гуртамі "Князь Мышкін", Diagilew Projeсt (Нямеччына), Apple Tea, Hair Peace Salon, Muzzart. Пры гэтым пасьпявае выкладаць у беларускім унівэрсытэце культуры і займацца ўласнымі дасьледаваньнямі, нядаўна скончыла асьпірантуру Акадэміі навук. Апынулася, што Ірэне і гэтага мала. Яна вырашыла распачаць сольную кар’еру, пра што і распавяла ў інтэрвію парталу Tuzin.fm.
– Чаму вы вырашылі ўзяцца за сольны праект?
– У нейкі момант у мяне ўнутры нарадзілася пачуцьцё неабходнасьці асабістага выказваньня. Эмоцыя, для якой магчыма толькі сольнае існаваньне. Нешта падобнае да прыватнага творчага дзёньніка…
– А што да гэтага падштурхнула?
– Музычная праца над праектамі NHS, Akana, Kazalpin гэта быў і ёсьць доўгі працэс пошуку новых этна-джазавых фактур, што маглі б падкрэсьліць унікальнасьць беларускай сьпеўнай традыцыі. Як кампазытар і аранжыроўшчык я супастаўляла сучасныя музычныя стылі, характары інструмэнтаў, манеры выкананьня. Была магчымасьць працаваць і выступаць з музыкамі іншых краін, такіх як Нямеччына, Нарвэгія, Партугалія і Швайцарыя, дзе этна-джазавы кірунак мае свае асаблівасьці і фарбы. Праца ў New Image Orkestra дазволіла разьвіць ідэю "trip-music", калі кожная народная песьня паўставала падарожжам у часе ад традыцыі да пост-мадэрну. Вялікая праца, шмат выканаўцаў…
– Чым ваш сольны праект будзе адрозьніваецца ад таго, што вы робіце ў Akana i New Image?
– У маім новым праекце іншая эстэтыка – пошук гамы выключна жаночай эмацыйнасьці ў сьпевах і гуках раяля. І вядома замацаваньне беларускай этнічнай самаідэнтыфікацыі ў абрамленьні новых музычных фактур.
– Ці такое раздрабненьне яркай асобы на некалькі праектаў ідзе на карысьць яму?
– Перакананая, што самастойная праца дазваляе больш разьвіваць патэнцыял іншых маіх праектаў на ўзроўні выкананьня, кампазыцыі, працы над саўндам.
– Якой можа быць аўдыторыя вашага сольнага праекту?
– Зразумела, гэта аўдыторыя, якая цікавіцца новымі зьявамі беларускай культуры, музыкай этна-стылю. Спадзяюся, што новы праект вызывае цікавасьць у аматараў сучаснай акадэмічнай музыкі. Як паказвае практыка, народныя напевы не пакідаюць абыякавым амаль нікога.
– Якія творы ўвайшлі ў вашу сольную праграму?
– Аснову праграмы складае мікс этнічнага вакалу і "кантэмпорары імправізацыі" на раяле, гучаць беларускія рытуальныя сьпевы розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама арыгінальныя праграмныя інструмэнтальныя кампазыцыі для раяля. Цяпер у студыі "Осмос" ідзе праца над мастэрынгам альбому, у якім будуць прадстаўлены гэтыя кампазыцыі. Прадусарам альбому выступае Павал Юрцэвіч.
– Ці гэта будзе выключна студыйны праект?
– Якраз не. Вельмі хацелася б паказаць музыку ў жывым выкананьні, таму адгукнуся на ўсе прапановы. У канцэрце задзейнічаны толькі раяль і голас. Ёсьць сьпевы акапэла, ёсьць толькі інструмэнтальныя кампазыцыі. Творы розныя па эмацыйным, фактурным і акустычным настроі. Адзін з твораў хацелася б паказаць наведнікам Tuzin.fm. Кампазыцыя мае назву "Вясна". Яна была на альбоме Kazalpin, але ў сольнай праграме яна мае іншую аранжыроўку. Запіс і майстэрынг зрабіў Аляксандар Хаўкін.
Спампаваць кампазіцыю "Вясна" можна на сайце Tuzin.FM.
Тэкст: Іван Бяспалы, Tuzin.FM
Комментарии
Красивая и песня и
Красивая и песня и исполнение, если бы слова и музыка были свои - вообще было бы замечательно.