О проекте

"Рокаш": "Гэты сьвет аднойчы прагнецца пад нас"

 

Ідэоляг гурта "Рокаш", а па сумяшчальніцтве выкладчык гісторыі ў БДУ Лявон Казакоў, у сувязі з выхадам новага альбома "Запалі агонь" распавёў "Тузіну Гітоў" пра сваё захапленьне півам, пастараўся вызначыць кірунак, у якім грае яго каманда, і выказаў пэўнасьць, што сьвет аднойчы прагнецца не пад ангельскамоўных, а пад беларускамоўных выканаўцаў.

– Вы назваліся гэтак жа, як вядомы пры канцы 80-х гурт "Рокаш". Навошта браць назву гурта, які ўжо быў?

– Калі мы абралі назву "Рокаш" (гэта адбылося ў канцы 2003 году), то пра існаваньне наваполацкага "Рокаша" ня ведалі. Ну, а як дазналіся, усё ж вырашылі назву не зьмяняць, бо ўжо прыкіпелі да яе і неяк не ўяўлялі наш гурт зь іншай назвай. Спадзяюся, што ўдзельнікі колішняга "Рокаша" ня надта крыўдуюць на нас. Зрэшты, апошнім часам і яшчэ адзін "Рокаш" зьявіўся – ужо ва Ўкраіне, у Закарпацьці. Пішуцца яны, праўда, трохі інакш, пасьля таго як пра нас даведаліся – Rock-H.

– Ад пачатку вы вырашылі граць у забаўнай стылістыцы "піўны фольк". Песенькі сьпявалі такія, як "Наша піва", "Карчма", "Хмяльны бранль". Але чаму вырашылі зьмяніць кірунак?

– Піва мы любім па-ранейшаму, але кірунак насамрэч зьмянілі. Прычына ў пэўнай неадпаведнасьці вобразаў. Пакуль гурт наш быў выключна мужчынскі па складзе, то ўсе было лягічна – доўгавалосыя, барадатыя хлопцы выходзяць ды хрыплымі галасамі равуць розныя оды хмяльному напою. Калі да нас далучылася наша чароўная вакалістка Паліна, то сытуацыя зьмянілася і неяк адразу захацелася пісаць іншыя песьні па зьмесьце – каб больш адпавядалі яе пяшчотнаму вобразу. Зрэшты пара-тройка бірфолькавых тэмаў у нас засталася – нават граем іх зрэдку – вось і на Грунвальдзкім фэсьце ўзгадаем адну.

– У "Рокаша" пры тым, што ён працуе ў фольк-плыні, выключна аўтарскія творы. Чаму не выконваеце народныя песьні?

– У кожнага свой шлях. Мне вельмі падабаецца слухаць народныя песьні, асабліва ў цікавай апрацоўцы. Ад таго, што робіць у апошні час "Троіца", проста дах зносіць. Але асабіста для нас бліжэй усе ж аўтарская творчасьць, неяк у большай ступені нам адпавядае. Гэта ня фольк-музыка ў клясычным яе разуменьні. Можна назваць яе па рознаму – нэафольк, фэнтэзі-фольк, пост-фольк, хоць стод-рок які (дарэчы, неблагое азначэньне) – няма розьніцы. Галоўнае, што мы спрабуем перадаць атмасфэру беларускай мінуўшчыны сродкамі сучаснай музыкі.

– Складваецца ўражаньне, што вас хістае ад стылю да стылю і вы ніяк ня можаце намацаць свайго. Ці аспрэчыце такое меркаваньне?

– Так – элемэнтаў розных стыляў у нас багата прысутнічае. Справа тут у тым, што ў гурце 6 чалавек, якія слухаюць абсалютна розную музыку, і адпаведна нешта дадаюць ад сябе ў песьнях. Як па мне дык гэта добра, бо ня хочацца зацыклівацца ў межах нейкага аднаго канкрэтнага стылю. Трэба проста граць тое, што падабаецца, ды не замарочвацца па тым, які усё ж стыль у нас. Гэта мы ў прынцыпе і робім. У пэўнай ступені стылёвая рознабаковасьць і ёсьць адметнасьць нашага стылю.

– Чаму так доўга выпакутваўся альбом?

– Пачалі альбом запісваць мы ажно тры гады таму. Надоўга расьцягнулася таму, што вельмі доўга разважалі над тым, якое гучаньне павінна быць у нашага альбома. Шмат варыянтаў перабралі – усё нешта ня тое было. У выніку пры дапамозе Пашы Сінілы са студыі Everest, за што яму вялікі дзякуй, знайшлі такі гук, які нам нарэшце спадабаўся. Ну а так – здаецца ніколі не мажліва быць на 100 адсоткаў задаволеным вынікамі сваей працы. Пэрыядычна хочацца недзе аранжыроўку памяняць, недзе партыю якую запісаць па-іншаму. Але альбом будзе такі, які ёсьць і як па мне – неблагі. Зрэшты тут ужо няхай хто іншы ацэньвае.

– Як мяркуеце самі, вы лепш гучыце ў запісе ці ўжывую?

– Тут цяжка параўноўваць што лепш, а што горш. У запісе немажліва перадаць нейкую энэргію, драйв канцэртны. Зь іншага боку на запісе якасьць гуку лепей будзе чым, на жаль, на большасьці канцэртаў у Беларусі. Таму па мне і жывы выступ і запіс маюць свае плюсы і свае мінусы.

– З ангельскамоўным камандамі ўсё ясна – яны імкнуцца ўвайсьці на замежны рынак, трапіць на эўрапейскія фэсты. А куды вы трымаеце шлях з сваім нацыянальным калярытам і беларускай мовай?

– Туды ж куды і ангельскамоўныя. Насамрэч я не лічу, што беларуская мова перакрывае шлях у Эўропу ці яшчэ куды, для гуртоў. Для мяне, напрыклад, значна цікавей слухаць які-небудзь фольк-мэтал зь Фінляндыі менавіта на фінскай мове, а не па-ангельску. Адпаведна і шукаю такія гурты, якія на сваіх мовах сьпяваюць. Як паказвае практыка ў той жа Ўкраіне, Літве народ цудоўна ўспрымаў нашыя беларускамоўныя выступы. Гэта было для іх як прыемная нечаканасьць, можа ў нечым экзотыка, таму і выклікала цікавасьць. Вельмі ня хочацца, каб у Беларусі беларуская мова экзотыкаю стала. Так што ў прынцыпе беларускамоўнасьць абсалютна не перашкаджае гурту трапіць у тую ж Эўропу, што бліскуча даказвае прыклад той жа "Троіцы", "Старога Ольсы", Znich таго ж самага. Прыемна, што нашыя гурты добра прымаюцца эўрапейскімі слухачамі. Узгадаўся нешта ў кантэксьце гэтага пытаньня радок зь песьні "Машины времени": "Не стоит прогибаться под изменчивый мир, пусть лучше он прогнется под нас". Так што няхай увесь сьвет прагнецца пад беларускую музыку (усьміхаецца).

Тэкст: Іван Бяспалы, "Тузін Гітоў"

Rokash

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net