Лідэр славутага беларускага гурта Ulis Вячаслаў Корань цяпер працуе ў Польшчы і зрэдчас наведваецца дамоў. Тым ня менш, ён мяркуе аднавіць тут рэпэтыцыі сваёй каманды пасля перапынку ў некалькі гадоў. Падчас прыезду ў Менск, культавы музыкант у вялікім інтэрвію згадаў слаўную гісторыю айчыннай рок-музыкі ды паразважаў пра будучыню нашага музычнага андэграўнду.
У свой час Ulis задаў высокую плянку для ўсёй беларускай рок-музыкі. Музыка, створаная камандай на пачатку 90-х, працягвае натхняць новае пакаленьне. Новая праграма гурта Akute, напрыклад, называецца паводле даўняга гіта Ulis "Як на далоні". Безумоўна, Кораня такія факты радуюць, але ранейшую творчасьць гурта ён сам лічыць састарэлай.
– Як вы сёньня самі ўспрымаеце тыя песьні, створаныя больш чым 20 гадоў таму ў гурце Ulis?
– Лічу гэты матэрыял ужо састарэлым. Ён быў сучасным у тыя часы, гэта была рок-музыка, цяпер жа гэта можна назваць поп-рокам. Наогул поп-музыка зь цягам часу робіцца цяжэйшай, у яе прыходзяць электрагітары з драйвам. Вось, у Боўі, які раней граў на канцэртах драйвова, а запісваўся больш папсова, апошні альбом атрымаўся драйвовым. Граць цяпер у такім рэчышчы, у якім граў Ulis на пачатку – гэта значыць вярнуцца ў мінулае на больш чым 20 гадоў. А я хачу рабіць музыку больш сучасную і альтэрнатыўную.
– Тым ня менш, шмат якія песьні зь першых альбомаў слухаюцца актуальна дагэтуль.
– Яны выглядаюць актуальнымі таму, што з тых часоў у нашай краіне нічога не зьмянілася – як быў Савецкі Саюз, так і застаўся.
– Якія вашы цяперашнія прыярытэты?
– Рабіць такую музыку, якая ня будзе ні на што падобна. Заўжды да гэтага імкнуўся, хоць і не заўжды атрымлівалася. Ідэі ўсплываюць, калі слухаеш шмат рознай музыкі. Канечне, падабенства можна знайсьці заўжды, але я за тое, каб рабіць музыку з чыстым сумленьнем і не плягіяціць, як гэта робіць вялікае мноства выканаўцаў, якія бывае, што зьдзіраюць адзін у адзін усё пад чыстую – мэлёдыю, уступ, тэмп, танальнасьць, як у выпадку зь Лепсам і Coldplay, напрыклад. Гэта вельмі просты шлях да папулярнасьці, а вось зрабіць нешта сваё адрознае, што можа прынесьці вядомасьць – куды складаней. Мы заўжды імкнуліся да гэтага, таму і частка публікі нас адразу не прымала і называла чухнёй, а затое праз 10–15 гадоў сталі казаць, якія добрыя ў нас былі першыя альбомы.
– Вы стаіце на пазыцыі, што беларускаму гурту трэба сьпяваць толькі па-беларуску?
– Гэта пытаньне сам для сябе я вырашыў ужо даўно. Мая музыка, якой я займаюся і жыву, павінна быць беларускамоўнай. Іншага шляху тут я ня бачу. Пазыцыя іншых гуртоў можа адрозьнівацца ад маёй, але тыя, хто арыентуецца на расейскую ці ангельскую мовы, становяцца адразу ж больш падобнымі да сотняў іншых камандаў у сьвеце. Беларуская мова ўносіць сваё ў мэлёдыку і рытміку, у аранжыроўку і робіць песьню адрознай. Я, напрыклад, не магу слухаць гурты зь Беларусі, якія робяць нешта па-ангельску.
– Калі да вас прыйшло такое ўсьведамленьне наконт беларускай мовы? Вы ж нават не ў Беларусі нарадзіліся.
– Так, я нарадзіўся ў Пскове, але ў беларускай сям’і. Тата быў вайсковым мэдыкам і яго паслалі туды па службе. Калі мне было пяць гадоў, мы вярнуліся ў Беларусь і з таго часу жылі ў Менску. Мушу прызнаць, што савецкая прапаганда ў тыя часы папросту вынішчала беларускасьць. Рабілася гэта настолькі ўдала, што і я пэўны час верыў, што жыву ў самай лепшай краіне ў сьвеце, а мова наша – расейская. Сьвядомасьць да мяне прыйшла дастаткова позна. Калі было ўжо за 30, я стаў граць у гурце "Бонда", потым пачало зьяўляцца болей інфармацыі і канчаткова стала зразумела, што сытуацыя выглядае зусім ня так, як нам казалі.
– "Улісу" дапамагло ці зашкодзіла тое, што ён прабіваўся зь песьнямі па-беларуску ў Расію, напрыклад?
– Мы гралі канцэрты зь вядомымі гуртамі і былі нароўне зь імі. З DDT і Сукачовым, напрыклад. Тады мы думалі, што ўсё будзе ў парадку і з нашай краінай, і з нашай кар’ерай. Ужо пазьней, у 1993 годзе, мы рабілі фільм пра "Уліс", які да жалю так і ня выйшаў. Для яго было запісана інтэрвію з Арцеміям Троіцкім, дзе ён называў наш гурт адным з найлепшых у былым Савецкім Саюзе. Калі мы езьдзілі ў Расею на фэстываль "Сырок", то нам там усе дыфірамбы сьпявалі і казалі, што нам трэба да Стаса Наміна, але патрапіць у расейскі шоў-бізнес чужым вельмі няпроста. Тут патрэбны вельмі добры мэнэджмэнт, у нас яго проста не было. А вось у "Ляпісаў" прадусары спрацавалі і яны прасунуліся. Сама мова тут ролі ня грае, пра гэта сьведчаць і ўкраінцы, што прабіліся на расейскі рынак.
– Можаце сказаць, як чалавек, што быў зьвязаны з "Басовішчам" ад пачатку яго правядзеньня. Чаму фэст страціў былую прыцягальнасьць для музыкаў і слухачоў?
– "Басовішча" загубілі тыя людзі, якія займаліся фэстывалем у апошні час. Фэстывалі павінны рабіць прафэсіяналы, што могуць падыйсьці да арганізацыі з пункту гледжаньня шоў-бізнэсу і зрабіць так, каб публіка прыяжджала. Аднак, запрашалі і прывозілі туды зусім ня тых.
– У сучаснай беларускай музыцы вас нешта абнайдзейвае?
– Ня тое, што беларуская, сусьветная музычная тэндэнцыя мяне апошнім часам мала натхняе, акром тых рэдкіх альтэрнатыўных гуртоў, якія імкнуцца рабіць нешта сваё арыгінальнае. Але іх не пабачыш па тэлевізары і не пачуеш па радыё, іх музыка ня мае шырокай вядомасьці. Да нас такая музыка, калі і даходзіць, то са значным спазьненьнем. Атрымліваецца, што тут яна прымаецца за сьвежую і актуальную, а на Захадзе яна ўжо лічыцца састарэлай. З нашых сучасных гуртоў я вылучу Akute, Re1ilkt, магчыма "Дай дарогу", толькі менавіта, як канцэртную каманду, а не студыйную. Вартых гуртоў па пальцах пералічыць, а іх павінна быць вялікая колькасьць.
– У 90-я беларускамоўны рок безумоўна тут панаваў. Вы, як чалавек, што меў дачыненьне прынамсі да трох гуртоў, якія тады актыўна выступалі, можаце сказаць, чаму гэты час скончыўся?
– Старыя каманды проста стаміліся ад адсутнасьці грошай, бо ва ўсіх сем’і і трэба неяк жыць і зарабляць, таму працэс разьвіцьця беларускамоўнай музыкі запаволіўся. Мы ня можам зарабіць з музыкі, у нас няма шоў-бізнэсу, адсутнічае мэдыйная падтрымка і дайсьці да слухача можна толькі праз інтэрнэт, сродкаў няма, каб запісаць альбом, зьняць кліп і так далей. Тым часам прыйшло новае пакаленьне, якое гадавалася на іншай музыцы, новыя музыкі пайшлі шляхам прыпадабненьня, яны не выкарыстоўваюць беларускую мову, таму і згасае інтарэс да ўсяго беларускамоўнага року. Ангельскамоўныя каманды зь Беларусі цяпер пакуль знаходзяцца ў стане эўфарыі, думаючы, што яны здабудуць сусьветную папулярнасьць. Але гэта ўсё няпраўда, ніколі так ня будзе. Варта найперш працаваць на сваю аўдыторыю.
– Дык чаму новае пакаленьне можа, а старыя каманды запаволіліся?
– Таму што ў гуртоў, якія пачынаюць, яшчэ гарыць агонь і ёсьць надзея, ім дапамагаюць бацькі і грошы пакуль зарабляць у іх няма вялікай патрэбы, яны ня маюць сем’яў. Праблема якраз у тым, што ў нашай краіне няма магчымасьці жыць і зарабляць, займаючыся сваёй улюбёнай справай. У нас няма сеткі клубаў, якія павінны быць на кожным кроку і даваць магчымасьць для заробку. А ў нас выходзіць шоў-бізнэс наадварот – музыкі нават гатовы самі прыплачваць, каб недзе выступіць.
– Дык выходзіць тады, што ня варта і пачынаць?
Калі чалавек адчувае свае сілы, ён павінен гэтым займацца, наколькі яго хапае. Сытуацыя можа зьмяніцца і калі-небудзь пачнецца тут нармальнае жыцьцё, як ва ўсёй Эўропе.
Тэкст: Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў", для charter97.org