О проекте

"Сузор’е": вяртанне "Рок-терапии" (+фота)

 

Першы ў гісторыі беларускай музыкі непадцэнзурны альбом "Рок-терапия", які распаўсюджваўся на кампакт-касэтах, датаваны 1984 годам. Ён быў запісаны музыкамі групы "Сузор’е" – штатнага на той час калектыву Белдзяржфілярмоніі.

Праўда, тады калектыў насамрэч працаваў як творчая філярманічная адзінка, але вось назва "Сузор’е" ўжо не існавала. І зьнікла яна "дзякуючы" чарговай эпахальнай пастанове ЦК КПСС, якая рэглямэнтавала ў СССР дзейнасьць вакальна-інструмэнтальных ансамбляў і дыскатэк. Расфарміраваць калектыў, які прыносіў філярмоніі шмат прыбытку, яе мастацкая рада не рашылася, а вось назву – забараніла.

Дарэчы, адзін з пунктаў той пастановы дазваляў уключаць у рэпэртуар ВІА ня больш за 20 працэнтаў песень, напісаных аўтарамі, якія не зьяўляліся сябрамі Саюза кампазітараў. Гэта вось, забарона называцца "Сузор’ем" і выконваць тыя песьні, якія хочацца, а таксама імкненьне данесьці да публікі цалкам аўтарскі рэпэртуар і падштурхнулі ўдзельнікаў калектыву заняцца даволі рызыкоўным на тыя часы праектам. Бо ўсё магло скончыцца ня толькі звальненьнем з працы...

Неабходна дадаць, што на той час у афіцыйнай дыскаграфіі групы ўжо меўся выдадзены Ўсесаюзнай студыяй "Мелодия" міньён. А вось праблема зрабіць запісы песень, многія зь якіх не мелі дазволу на выкананьне, існавала вельмі істотная. Тады ў Менску была хіба што студыя на радыё і, бадай, усё! Раз на два гады ў Менск прыязджаў аўтобус фірмы "Мелодия", які праводзіў запісы беларускай музыкі згодна з плянам Міністэрства культуры. Вось чаму музыкі "Сузор’я" змушаныя былі карыстацца тым, што мелася.

Аляксандр Несьцяровіч, які тады зьяўляўся музычным кіраўніком калектыву, згадвае:

– Месца для запісу мы адшукалі ў сутарэннях тэатральна-мастацкага інстытута, дзе зьбіраліся ўдзельнікі калектыву "Студия 7". Гэта былі Вячаслаў Сцяпанаў, Іван Маркаў, Ігар Варашкевіч. Ужо не памятаю добра, як так яно атрымалася, аднак у тым памяшканьні стаялі два вялікія магнітафоны "Тембр", на якія з ужываньнем пэўных хітрыкаў і быў запісаны ў стэрэаварыянце матэрыял альбома. На ўсё пайшло два ці тры дні.

Зьмест альбому склалі 9 расейскамоўных песень у асноўным аўтарства Валянціна Пучынскага на вершы розных паэтаў. Колькасьць песень дыктавалася тым аб’ёмам, які магла зьмяшчаць стандартная кампакт-касэта. Аляксандр Несьцяровіч дадаў:

– Мы тады запісалі на адну песьню больш, але яна ў альбом не ўвайшла, цяпер нават і не памятаю чаму. Называлася яна "Где мы были вчера", у яе запісе разам з "Сузор’ем" паўдзельнічаў і Ігар Варашкевіч, які іграў на губным гармоніку. Ці захаваўся запіс? Ня ведаю...

Далёка ня ўсё запісанае ва ўмовах сапраўднага андэграўнду магло выконвацца "Сузор’ем" на канцэртах: ня трэба забывацца, што тэксты песень тады праходзілі абавязковую цэнзуру. Вось чаму змест і сэнс такіх песень, як "Невежество", "Слоновий рок", "Дождь смывает все следы" вельмі насьцярожвалі цэнзараў ад музыкі, у той час як публікай яны ўспрымаліся з энтузіязмам.

Цяжка казаць, якім накладам разыйшлася "Рок-терапия" па СССР. Касэты гэтыя шматкроць перапісваліся, але назва "Сузор’е" часьцей за ўсё на копіях не згадвалася. З гэтай прычыны песьня "Старый мост" прыпісвалася ці не дзясятку калектываў, аднак толькі не "Сузор’ю"...

І вось у 2011 годзе Аляксандр Несьцяровіч задумаў перазапісаць праграму, крыху ажывіўшы аранжаваньні і далучыўшы да гэтай працы былых калег. Маецца папярэдняя дамоўленасьць са сьпеваком Аляксандрам Брынцавым, які жыве ў Маскве, гітарыстам Андрэем Казлоўскім. А.Несьцяровіч патлумачыў ідэю даць новае жыцьцё "Рок-терапии" трыма, прынамсі, прычынамі.

– Па-першае, многія песьні па-ранейшаму актуальныя па зьместу. Па-другое, сама праграма заслугоўвае запісу на прынцыпова іншым тэхнічным узроўні. Па-трэцяе, яна павінна стаць данінай памяці аўтару музыкі Валянціну Пучынскаму.

Нагадаю, што паводле адукацыі Валянцін быў журналістам, працаваў рэдактарам у спартыўнай рэдакцыі БТ. А напісаныя ім песьні ў выкананьні "Сузор’я" ў свой час зьбіралі цэлыя стадыёны слухачоў...

Ня выключана, што новую версію "Рок-терапии" дапоўняць і іншыя запісы, зробленыя ў першай палове 80-х, якія таксама ніколі афіцыйна не выдаваліся, у тым ліку своеасаблівы трыпціх "Во все времена", "Король и шут" і "Охота", у якім саліруе Нэлі Дзянісава.

Дзмітрый Падбярэзскі, Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net