У інтэрвію "Тузіну Гітоў" сьпявачка Тацьцяна Беланогая распавяла пра новы альбом "Ніткі", а таксама пра сэнс сваёй творчасьці і мары стаць беларускай Шынэд О’Конар. Запісала і выдала свой новы альбом Тацьцяна за ўласныя сродкі.
– У колькі табе абыйшоўся гэты альбом?
– Ён мне абыйшоўся ў 500 даляраў. Гэтага хапіла, каб запісаць гітару і голас. Болей інструмэнтаў на гэтым альбоме няма. У адной песьні прапісаны клавішныя як аздабленьне, ну проста вельмі прасілася іншая фарба да песні "Горы". Толькі гэта.
– Што не ўдалося ўвасобіць? Як бы мог выглядаць альбом Тацьцяны Беланогай, калі бы яна мела неабмежаваны фінансавы рэсурс?
– Думаю, гэта была б музыка, падобная да ветру – рэха, струнныя, пэркусія. Гэта што тычыцца любоўнай лірыкі. А калі браць патрыятычную лірыку, то атрымаўся б добры клясычны рок. Мне вельмі падабаецца творчасць Шынэд О’Конар, Трэйсі Чэпман, Джоан Баэз. Думаю, можна зрабіць добры якасны беларускі гурт. Канкрэтна на новым альбоме, я бы вельмі хацела запісаць скрыпку, флейту і фартэпіяна. Па–мойму, яны пасавалі б да шмат якіх песень.
– У чым бачыш сэнс сваёй музычнай дзейнасьці?
– Мая мэта зараз – стварыць гурт, таму запрашаю да супрацоўніцтва музыкаў – гітарыста, флейціста, пэркусіяніста. А місія музыкі – адкрываць сэрцы, каб людзі ўбачылі сябе саміх – і дрэннае, і добрае, што ёсьць унутры нас. І ня трэба цурацца гэтага. Бо музыка не судзьдзя, ён сам асуджаны мець звышадчувальную душу. Таксама творца не дае ацэнкі, ён канстатуе, што мае свой сьвет. Па-сутнасьці, ён стварае тое, чаго да яго не было. Таму місія творцы адкрыць сябе і паказаць, што нават просты зялёны лісточак дзеля чагосьці зьявіўся на сьвет. Песьня – гэта сродак і рэсурс. Сыс казаў: "У гэтай краіне не маю я песьні, якая б народнай была і маёй". Песьня – гэта таксама форма нацыянальнай самаідэнтычнасьці.
– Як тую песьню данесьці? Дзе знайсьці музыканту грошы на запіс?
– Дзе ўзяць грошы? Я працавала і адкладала на альбом. Мая сяброўка таксама мне трошкі пазычыла. Волечка Кастрамінава, дзякуй! Дзякуй кампаніі "Будзьма", яны мне дапамаглі і я аплаціла працу дызайнэра па аздабленьні дыску. Там ёсьць укладка, якая ўтрымлівае тэксты песень на польскай і ангельскай мовах.
– Ці ня лепей было адкласьці запіс, калі цяжка было ўвасобіць свае ідэі?
– Я вырашыла запісаць "Ніткі", нягледзячы на зьнешнія перашкоды. Пэўна, штуршок да запісу альбома ўзьнік дзякуючы маёй добрай знаёмай, якая сказала мне: "Таня, а калі ўжо твой новы альбом?" Я падумала, што трэба яго запісаць, Хай толькі для аднаго чалавечка. Ён чакае. Адзін жывы чалавек чакае. Музыкант мусіць запісваць альбомы, нават тады, калі ў яго адзін слухач.
– Якая рэакцыя была ў першых слухачоў новага альбома?
– Мая маці паслухала і сказала, што песьні вельмі складаныя. Я такую характэрыстыку чую ня ў першы раз. Я назвала альбом "Ніткі", каб паказаць узаемасувязь людзей паміж сабой. А яны ня могуць быць адназначныя і простыя, як у галівудзкіх фільмах. Усё больш заблытана і ў той жа час проста. Людзі сустракаюцца, ідзе ўзаемаабмен – энэргіяй, навінамі, сабой, сваёй душой. Часта сустракаюцца па жыцьці людзі, якія ўмеюць толькі браць, і тады ты прыходзіш да высноваў, што пасьля чалавека засталася толькі пустэча. Але нічога марна не мінае. Нітачка завязваецца зь іншай нітачкай, атрымліваецца клубок нашага жыцьця.
– Наступны альбом таксама зьбіраесься запісваць самастойна?
– Цяпер пішу альбом на вершы Яўгеніі Янішчыц, і я знайшла музыкаў, якія пагадзіліся на дабраахвотнай аснове паўдзельнічаць у запісе альбома. Усё ж я не адна – імя Тацьцяна Беланогая створана шматлікімі людзьмі, якія дзеля ідэі дапамагаюць мне. Дзякуй вялікі Зьмітру Саўку і Зьмітру Занеўскаму, якія дапамагалі мне ў працы над альбомам "Ніткі". Спадар Зьміцер Саўка рабіў карэктуру тэкстаў, Зьміцер Занеўскі зрабіў цудоўны і таленавіты пераклад тэкстаў на ангельскую мову. Я вельмі ўдзячная лёсу і Андрэю Хадановічу, які пазнаёміў мяне са спадаром Зьмітром. Гэта яшчэ і мае сябры з Польшчы, сябры зь Беларусі, якія арганізуюць мае канцэрты. Але мусяць быць прафэсійныя агенты-мэнэджэры, якія б займаліся арганізацыяй выступаў. Я хачу працаваць з такім чалавекам.
Выканаўца ў сеціве – www.bielanohaja.org
Дыск "Ніткі" ў продажы ў дыскарнях кампаніі "Вігма", яго можна замовіць і праз электронную скрыню bielanohaja@gmail.com і ваш поўны адрас.
Тэкст: Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"
Фота: www.agmimage.com