Бард-рокерка Тацяна Беланогая запісала альбом "Ніткі". Гэта чацьвертая кружэлка 26-гадовай сьпявачкі. Мы завіталі да Тацяны ў госьці ў ейны здымны пакойчык і паразмаўлялі пра Беланогую ў першым альбоме і сучасную, пра тое, што найбольш любіць рабіць пасьля канцэртаў, пра каханьне і літаратуру, трагізм і ворагаў.
"ЛЮДЗІ БЕЗ ЛЮБОВІ АБМЕЖАВАНЫЯ"
Наша гутарка адбываецца ў сьціплым пакойчыку, што здымае Таня ў Менску. Тут ейныя малюнкі – у рамках, бо пабывалі на выставе ў Воршы. Партрэцік бабулі на стале. А "Ніткі" – гэта ж праца, бацькам прысьвечаная!
– Я не зь Менску, мой родны горад Маладзечна, – кажа Тацяна. – Ня тое, каб мне тут было няўтульна, але я тут у гасьцях. У Менску працую, а дахаты прыяжджаю – цалкам расслабляюся, тэлефонны званок зрабіць не магу.
– Таня, свой першы альбом, не студыйны, "Там, дзе мы", ты запісала ў 2004 годзе. Што зьмянілася ў сьпявачцы Беланогай?
– Я вельмі люблю пераслухоўваць "Там, дзе мы", бо там ёсьць моцная эмоцыя. Жарсьць, дзіцячая наіўнасьць, злосьць. Зараз гэтага ўжо няма. Не вярнуць тое падлеткавае, шалёнае: я хачу так і больш ніяк! Але не скажу, што мая лірычная гераіня зьмянілася. Не цярплю, калі кагосьці крыўдзяць – адразу сьпяваю пра тое, што бачу. Аднак ужо не з такім асуджэньнем. Прыйшло разуменьне, што людзі без любові абмежаваныя.
– Чый уплыў ты адчуваеш у альбоме?
– Блізкіх людзей. Разрыў нейкіх нітак даў штуршок для напісаньня новых
сьпеваў. А слухаць я зараз люблю Джоні Мітчэл, Мэлані.
– У цябе моцны і харызматычны голаc!
На камплімэнт Таня рэагуе сьмехам. Кажа, апасьля заняткаў з прафэсійнай выкладчыцай вакалу ёй сорамна за свой узровень…
– Я толькі цяпер пачынаю разумець што да чаго: як фарміруецца гук, як яго правільна вымаўляць.
– У тваёй лірычнай гераіні заўжды быў пэўны трагізм: "І белы голуб б’ецца аб шкло", "Я тая, што будзе падаць"…
– Трагізм ня выдуманы, я праз усё гэта прайшла. Напэўна, трэба неяк больш пазытыўна думаць – і ўсё зьменіцца. Што рабіць мне з маёй галавой? У ёй столькі перажываньняў! За ўсіх, за ўсю плянэту, за лёсы маленькіх народаў. Можа быць, калі-небудзь я пачну, як Алесь Камоцкі, да ўсяго ставіцца з гумарам. Ён вельмі глыбокі чалавек, але ў паўсядзёнасьці прыкаліст.
""БЫЎ, ЁСЬЦЬ, БУДУ" КАРАТКЕВІЧА – ГЭТА РЭВАЛЮЦЫЯ!"
Музыкай на жыцьцё хіба заробіш? Як "нармалёвы" чалавек, Таня Беланогая працуе ў турыстычнай фірме восем гадзін у дзень.
– Цяжка! Ідзе перабудова ад простага мэнэджэра да артыста, які мусіць працаваць на сцэне і выкласьціся на сто адсоткаў перад гледачамі. Але мінулы год быў актыўны па канцэртах. Два канцэрты ў месяц – гэта нармалёва. Выступы на сцэне – вялікая аддача. Два ці тры месяцы таму я адыграла канцэрт у Нясьвіжы. Пасьля канцэрта я проста праспала некалькі гадзін. Людзі бяруць тваю энэргію, сілкуюцца з гэтага. Хтосьці нешта ня тое падумаў – і гэта можа адбіцца на тваім стане. Ёсьць такія канцэрты, пасьля якіх трэба два дні ляжаць у ложку і адчуваць сябе каралём – я зрабіў справу! Вельмі люблю сон. І каб усё было ахайна, утульна – ад гэтага бяру супакаеньне. Трэба яшчэ і добрая кніжка для адпачынку.
– І якія кніжкі для цябе зараз добрыя?
– Мікола Купрэеў, напрыклад. Усім раю Дануту Янаўну Бічэль-Загнетаву пачытаць – "Мост сьвятога Францішка". Кніга пра каханьне, прыгажосьць, і напісаная яна для дзяўчат. Але разам з тым там напісана праўда пра Савецкі Саюз з пункту гледжаньня сялян. І настолькі прыгожа прырода апісаная! Вельмі ўражаная ад Леаніда Галубовіча – крытыка і паэта. Па вялікім рахунку, мы жывем у Расіі. Ахматава, Цьвятаева – гэта ня нашыя героі. А чаму б ня выдаць Яўгенію Янішчыц у прыгожай вокладцы? "Быў. Ёсьць. Буду" Караткевіча – гэта рэвалюцыя!
У ЛЮБЫ МОМАНТ РЭЧЫ ЗЬБІРАЦЬ – І НА КАНЦЭРТ!
Каб і каханы, і музыка – ня проста для Тані!
– Для мяне, жанчыны, асабістае жыцьцё – вельмі важна. Але я заўважыла, што асабістае жыцьцё і музыка не стыкуюцца. Хлопцы адразу пачынаюць раўнаваць да музыкі. Калі мяне абудзяць ноччу і скажуць: "Таня, арганізуем канцэрт!" – я зьбяру рэчы і паеду. Музыка пакуль мяне перацягвае. Пакуль не знайшла чалавека, які б быў мацнейшы за мяне, ня тое што за музыку. Няхай мяне пачуе зараз Бог і мой лёс: сям’я, каханы чалавек – гэта абавязкова. Але трэба, мне здаецца, каб каханы разумеў і, наадварот, падымаў твой дух.
– Ты сталееш, а гітара часта асацыюецца з маладосьцю.
– Так, бывае, пераросткам пачуваюся. Нешта ня тое! Зьяўляецца іншае адчуваньне сябе і адчуваньне: "Навошта гэта ўсё? Хто я такая з гітарай? Я прыкалваюся ці сур’ёзна?" Але ў нас проста мэнталітэт такі. У Эўропе і ў шэсцьдзесят сябе маладымі адчуваюць.
Для творчасьці Тані Беланогай патрэбныя перашкоды.
– Вельмі рэдка нешта вартае нараджаецца, калі ўсё добра. Чым болей перашкодаў па жыцьці, тым лепшая творчасьць. Напрыклад, калі я жыла ў інтэрнаце, са мной жылі людзі, якія вельмі агрэсіўна ставіліся да беларускай мовы, маглі ў твар нешта гідкае кінуць. І атрымоўвалася песьня як плач. Калі ёсьць ворагі, яны падбухторваюць нешта ствараць.
Быць музыкам – гэта сур’ёзна.
– Часам музыкі – гэта настаўнікі па жыцьці, якія дапамагаюць выбіраць між дабром і злом, быць беларусам ці маскалём, разьвівацца ці "і так нармалёва".
Прэзэнтацыя альбому Тацяны Беланогай "Ніткі" пройдзе 27.02 у менскай кавярні "Добрыя мысьлі".
Кацярына Безмацерных, Generation.by
Друкавая вэрсія інтэрвію мае выйсьці ў газэце "Чырвоная змена"