На прэс-канферэнцыі з нагоды выхаду двух новых дыскаў гурта "Палац" Алег Хаменка заклікаў музыкантаў ствараць уласныя творы на падставе беларускіх паданняў і легендаў, а не перапяваць у соты раз адны і тыя ж народныя песні. "Кожная песня па-беларуску ўжо можа лічыцца фальклорам", – заявіў музыкант.
"Палац" сабраў сяброў і журналістаў у страўні "Камяніца" з нагоды выхаду адразу двух рэлізаў – нумарнога альбому "Кола грукатала" і праекта "Салдат-доктар". Дыскі выйшлі акурат да 20-годдзя гурта. Важнасці падзеі дадаваў яшчэ той факт, што апошні альбом "Палац" выдаваў ажно ў 2003 годзе. "Мы найперш сябры, а потым музыканты, можа, таму наш гурт існуе так доўга", – раскрыў сакрэт доўгажыхарства сваёй каманды Алег Хаменка.
Гэты гурт прымаюць за выканаўцаў народных песень ва ўласных аранжыроўках. Аднак, на новым альбоме "Кола грукатала" толькі адна народная песня. Астатнія належаць аўтарству Хаменкі. "На першым альбоме ў нас было 100% народных песень, у трэцім ужо палова на палову, а цяпер практычна ўсе аўтарскія. Пэўна, што гэта нас адрознівае ад астатніх фольк-гуртоў. Мы наогул перакананыя ў тым, што трэба браць тэмы, звязаныя з беларускай гісторыяй і на іх падставе ствараць свае тэксты. Інакш фольк-музыкі заганяюць самі сябе ў тупік", – заявіў музыкант. Цікава, што шмат якія песні "Палаца", напісаныя Алегам, лічацца за народныя. Сярод іх "Праваджала маці сына", якая ўвайшла ў альбом "Кола грукатала". Тэкст быў напісаны на падставе аднаго вядомага радка з песні, якую спявалі касінеры Каліноўскага – "Ой, лёлі, каліна, ягада горкая".
"Фальклор – гэта не музей. Музыкі, у тым ліку і прафесійныя, ствараюць тое, што пазней будзе называцца народнай творчасцю. Вось, напрыклад, "Госці" Лявона Вольскага ці "Гуляць дык гуляць", што "Сябры" выконваюць, – гэта і ёсць прыклады сучаснага фальклору. Тым не менш, у гэтых песень ёсць аўтары, і яны вядомыя. І для нас будзе за гонар, калі нашыя песні будуць прымаць за народныя".
Музыканты таксама прадставілі свой праект – аўдыёвыданне беларускай народнай казкі "Салдат-доктар". Цікава, што на дыску пазначана, што казку гэтую рэкамендуецца слухаць толькі з 10 год з дазволу бацькоў. Але Хаменка кажа, што гэта досыць умоўнае абмежаванне. "Няхай спачатку казку праслухаюць бацькі і самі вырашаць, ці ставіць яе дзецям. Але мы перакананыя, што нашыя казкі мусяць быць вядомыя па ўсёй Беларусі. Бо ўсе ведаюць Пушкіна ды Андэрсэна, а вось нашых казак не згадаюць". У перспектыве "Палац" разлічвае, што "Салдат-доктар" можа пераўтварыцца ў тэатральную пастаноўку, а то і ў яшчэ нешта больш сур’ёзнае. Хаменку здаецца, што гэты твор важны, бо ён можа быць яркай ілюстрацыяй таго, якім ёсць беларус насамрэч, з усімі ягонымі праблемамі, комплексамі ды страхамі.
Абодва дыскі можна будзе набыць праз сетку распаўсюду кампаніі "Вігма", якая дайшла да кожнай беларускай запраўкі і амаль кожнага супермаркета, як заяўляюць яе прадстаўнікі. Праўда, цяпер "Вігма" сур’ёзна задумваецца над тым, каб асобна пазіцыянаваць беларускую музыку.
Вечар у "Камяніцы" скончыўся невялічкім канцэртам, які "Палац" даў для самых набліжаных сяброў. Музыканты кажуць, што гатовыя як ніколі да жывых выступаў і мараць праехацца з праграмай "Кола грукатала" па ўсёй Беларусі.
Тэкст: Сяргей Будкін, Budzma.org
Фота: Антон Сурапін, Bel New Photos
Комментарии
-
-