Гурт BosaeSonca 1 сакавіка запрашае прыхільнікаў на "Самы незвычайны канцэрт", які адбудзецца на студыі Everest Media з Мінску. Падчас выступа таксама адбудзецца запіс новага рэлізу гурта, першага з часоў альбома "Адпусці", які прынёс музыкам узнагароду Experty.by за "Лепшы беларускамоўны альбом" па выніках 2013 году.
Канцэртную праграму складуць творы ў выкананні толькі двух музыкаў: лідара гурта Алеся Кот-Зайцава і акардэаніста Аляксандра Ясінскага. Апошні, дарэчы, даўно сягнуў за межы свайго інструмента, выкарыстоўваючы як у працы з гуртом, так і ў сольных выступах гітару, ударныя і клавішныя інструменты.
"Дуэтам з Аляксандрам Ясінскім мы гралі ўжо не раз, – кажа Алесь Кот-Зайцаў, – і заўжды гэта гучыць іначай, чым выступы з поўным складам гурта BosaeSonca. Цяпер мы вырашылі запісаць live-рэліз, дзе ўся музычная праграма пабудаваная толькі на двух музыкантах. Эксперыментальнасць гэтай ідэі ў тым, што запіс гэты будзе адбывацца падчас канцэрту ў студыі гуказапісу, у прысутнасці самых адданых нашых слухачоў. Мы можам запрасіць вельмі няшмат людзей праз абмежаваную прастору студыі, але гэтая камернасць і нават інтымнасць супадае са зместам праграмы, яе настроем і характарам. Кожны ўдых і кожны гук мусіць быць заўважаным".
У праграму канцэрта ўвойдуць як песні з папярэдніх альбомаў – "Адпусці" і "Залаты", перааранжаваныя ў фармаце дуэта, так і новыя творы музыкаў. Эксклюзіўны студыйны канцэрт гурта BosaeSonca адбудзецца пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" 1 сакавіка а 20-й гадзіне ў студыі "Everest Media".
Падрабязную інфармацыю пра мерапрыемства можна атрымаць па тэл. +37529 279-63-39, +37544 579-63-39 альбо праз суполкі гурта ў сацыяльных сетках.
Тэкст: прэс-реліз