О проекте

CherryVata адзначылі свой сёмы дзень нараджэння (+фота)

 

Музыкі распавялі пра змены, якія адбыліся з гуртом пасля сыходу вакалісткі Веры, запрасілі на сцэну сяброў і адкрылі мінчукам некаторыя таямніцы будучых альбомаў. Разам з CherryVata на сцэне час ад часу з'яўляліся сябры гурта, якія, дарэчы, будуць гучаць у будучых рэлізах. Так, напрыклад, Зміця, вакаліст гурта Dandyskills (г.Брэст) прэзентаваў трэк "Vision Up" з будучага сольнага альбому Diamos Roll.

Ужо відавочна, што сольны праект Diamos'а будзе не такі танцавальны і рухавы, як матэрыял сучаснай CherryVata, бо сумесны са Зміцем трэк больш нагадаў сімбіёз Depeche Mode і Marilyn Manson, а не дынамічны nu-jazz.

Зміця лічыць CherryVata "беларускім Massive Attack" і марыць паўтарыць досвед Джэймса Сцюарта Пота (2G, Gorillaz), які працаваў на апошнім альбоме гурта (Massive Attack):

"Я лічу, што CherryVata першымі ў Беларусі падтрымалі новы подых джаза і зрабілі проста залаты мікс джаза і электроннай музыкі. CherryVata – гэта варты павагі праект з вельмі сяброўскай кампаніяй і крутым дырэктарам (Dish). Ён проста мега! Рэінкарнатар "Рэактара". Бо, як толькі ён прыйшоў у гэты клуб, усе вечарыны сталі намнога круцейшымі! Напрыклад, апошняя вечарына "Therapy Session" – гэта быў проста ўлёт! Гэта лепшая вечарына за апошні год"!

Павіншаваць сяброў ажно з Маскоўскага канцэрту, наўпрост з цягніка прыехаў і Зміцер
Іваноў (Addis Abeba). Відаць, у галоўнага растамана Беларусі не было часу на плённую падрыхтоўку, так што музыкі пазбавіліся манатонных рэпетыцый малой крывёю і проста сумясцілі два гурты ў адным.

То бок, CherryVata граў свае песні, а Зміцер спяваў зверху тэксты Addis Abeba. Часам словы пакідалі касмічны розум Змітра, але ён добра ведае, што рэгей можна выратаваць спецыфічнымі выклічнікамі кшталту "shhhhhhhhu!", што і практыкаваў. Дзіўны эксперымент, але цікавы.

На гэтым эксперыменты не скончыліся. Прыхільнікі CherryVata ведаюць, што у мінулым месяцы гурт вёў няспынную барацьбу за рэмікс ад англійскай зоркі электроннай сцэны – Саймана Грына (Bonobo). На жаль, выйсці ў лідэры CherryVata не пашанцавала, але разам са спявачкай Русяй музыкі вырашылі зрабіць крок насустрач Bonobo і падрыхтавалі трыбьют-версію аднаго з яго самых вядомых трэкаў "Walk In The Sky". Так што, зусім хутка гэты трэк будзе запісаны і адпраўлены Bonobo як музычнае прывітанне з Беларусі.

Галоўны удзельнік праекту Diamos Roll лічыць, што эксперыменты з вакалістамі не спыняцца, і расказаў нам, якія наступствы для гурта меў сыход вакалісткі Веры Новікавай:

"Наш гурт вельмі моцна змяніўся, таму што ўсялякія экстрэмальныя сітуацыі правакуюць чалавека на наступны крок. Кожны раз, калі ў нашым складзе адбываюцца змены, мы пачынаем больш працаваць. Як бачыце, напрацавалі мы ўжо шмат. Так што мінулы год я лічу годам CherryVata.

А ўвогуле, жыццё гурта нагадвае жыццё звычайнага чалавека. Спачатку ты малады, у цябе ёсць пэўная сувязь с космасам. Пазней ты расцеш, сталееш, павялічваеш свой інтэлект і досвед. Так што мы зараз адышлі ад космасу і набліжаемся да сталасці, падыходзім да acid-jazz".

Канцэртны дырэктар CherryVata Зміцер Шэпялевіч (Dish) прызнаўся нам, што зараз бачыць у хлопцах вельмі моцны фестывальны гурт, які варты таго, каб выступаць на вялікіх пляцоўках:

"Я думаю, што ў сучасным выглядзе кола нашых слухачоў пашырыцца. Гэта адбываецца таму, што CherryVata стаў больш даступным, зразумелым. У нас ужо не засталося самакапання, рэфлексій. Замест гэтага ў нас цяпер ёсць дынаміка і рытм.

У нас пытаюцца пра вакалістаў, ці не вернемся мы да гэтай практыкі. Дык вось я скажу, што мы плануем працаваць з рознымі вакалістамі, хаця такой сапраўднай патрэбы ў нас няма. Я не думаю, што без голасу мы гучым дрэнна ці горш. Проста, існуе нейкі стэрэатып, нібыта ў CherryVata мусіць быць нейкі вакал. Гэта не так".

З Dish мы таксама паспрабавалі прааналізаваць сусветны трэнд адмаўлення музычных гуртоў ад вакалістаў. Зміцер лічыць, што сучасныя апрацоўкі інструментаў могуць выдатна замяніць голас чалавека і прывёў свае доказы:

"Я здзівіўся, напрыклад, калі ўбачыў, што ў кліпе Bonobo ёсць вакал, а ў альбомнай версіі трэку голасу няма! Гэта даволі дзіўна. Ці, вось, Red Snapper адмовіліся ад вакалу і г.д. Магчыма, што нарэшце з'явілася дастатковая колькасць эфектаў і магчымасці, каб выразіць інструментальна тое, што пажадаеш.

Раней інструменты гучалі суха, без нейкіх прымочак, але сёння любую гітару можна засэмпліраваць так, што яна будзе гучаць, як сапраўдны голас. Таму гурты і адмаўляюцца ад вакалістаў. Яны становяцца больш самадастатковымі.

Прысутнасць вакаліста ў гурце – гэта абазначэнне фронтмэна, але альтэрнатыўныя гурты ўсё ж такі часта не жадаюць вылучаць некага аднаго, бо існуюць як суцэльны арганізм".

Цяжка сказаць, што святочны канцэрт CherryVata выглядаў як "суцэльны арганізм", таму што былі свае мінусы, якія наўрад ці маглі кантраляваць самі музыкі.

Нягледзячы на добры ўзлёт гурта пасля таго, як сышла Вера Новікава, хлопцы ўсё ж такі згубілі пэўную частку аўдыторыі і зараз вымушаны "напрацоўваць" сваіх слухачоў зноў. Музычная рэдакцыя Еўрарадыё віншуе CherryVata з Днём нараджэння, зычыць хуткага станаўлення на моцныя ногі і далучаецца да віншаванняў, якія пакінуў для хлопцаў іх канцэртны дырэктар Dish:

"Гурт – гэта вялікая сям'я. Звычайна, сям'я мусіць перажыць два складаныя этапы. Гэта перыяд трох і сямі гадоў. Сёння мы перажываем свае сем лет і мне здаецца, што перажываем іх якасна, на самым вялікім уздыме сваіх магчымасцяў.
Калі мы дашлі да гэтага моманту, то далей з намі будуць адбывацца толькі добрыя і яскравыя рэчы. Я зычу хлопцам, каб яны заўсёды былі на хвалі, каб у іх стала больш слухачоў, ідэй, крэатыву і радасці кожнаму моманту, які з намі адбываецца".

Тэкст: "Еўрарадыё"
Фота: Tarantino


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

 
 
Developed by Lynxlab.net