Лідэр гурта Зьміцер "Міх" Міхневіч прызнаецца, што ўжо сёмы месяц сядзіць на антыдэпрэсантах. "Да дэпрэсьняка прывяло насычанае жыцьцё: праца на трактарным заводзе, потым адразу праца ў студыі, плюс чарачка на выходных ды яшчэ канцэрты, рэпэтыцыі. І сям’я яшчэ ёсьць". Апошняя падзея з жыцьця гурта – сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
Цяперашні стан адной з самых папулярных рэп-камандаў зь Беларусі можна акрэсьліць, як падвешаны. "Пэўна гэта можна назваць творчым адпачынкам. Па сутнасьці мы анічога ня робім, няма аніводнага радка. Але старыя песьні выконваем, па два выступы на тыдзень маем, хоць нейкую капейчыну прыносіць". Мяркуючы па словах Міха, ён надта расчараваны ва ўсім – у творчасьці, у шоў-бізнэсе, ва ўласным праекце, у сваёй студыі. "Беларусь скараць цікавасьці аніякай, у Расею ды Ўкраіну рваліся-рваліся ды не прарваліся. Можна было засьпяваць па-беларуску ды па-ангельску ды пайсьці на Захад, але цяжка пісаць".
Тым ня менш, посьпех песьні "Да неба", запісанай для праекту "Тузін. Перазагрузка", і сымбалічная ўзнагарода на апошняй "Рок-Каранацыі" Зьмітра трошкі абнадзеілі. "Распускаць "Нестанду" ня думаю. Проста хочацца адпачыць, паглядзець тэлевізар, пагуляць па парку, пабарыжнічаць у пляне "купі-прадай"".
Апошняя падзея з жыцьця гурта – сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Музыкантаў паклікалі актывісты БРСМ, пасадзіць дрэвы. На суботніку зьявіўся і кіраўнік дзяржавы з сынам Колем. "Мне было цікава зь ім фоткацца. Ён сам прапанаваў, а я падвязаўся, як шныр. А чаго? Я даўно хацеў пабачыць прэзыдэнта, хоць здалёк". Пры гэтым Міх прызнаецца – палітыка як такая яго ні каліўца не цікавіць. Досыць абыякава ён ставіцца да таго, што іх вэрсія "Паветранага шара" гучала на Плошчы ў 2006 годзе. "Мне падабаецца творчасьць N.R.M., Neuro Dubel з музычнага гледзішча, ня больш за тое. А да палітыкі мне пофіг, маю куды большыя прыярытэты. Во на днях дачка народзіцца".
Тэкст: Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў", для udf.by