Панк-рокеры Amaroka прэзентавалі ў Сеціве сінгл "Штучны свет". Вакаліст Зміцер Афанасенка распавёў "Еўрарадыё", што песня "Штучны свет" была напісаная адной з першых, таму і пачаць вырашылі з яе. Гэтым рэлізам музыкі анансуюць будучы альбом "Pastka", што пабачыць свет у канцы траўня.
На сінгле прысутнічае і англамоўны варынят кампазіцыі, які атрымаў назву "Artificial world".
"Мы ад самага пачатку думалі зрабіць такі бонус да ўсяго альбома – перакласці нашы песні на англійскую мову, хоць раней мы ніколі не спявалі па-англійску, – распавядае вакаліст каманды Зміцер Афанасенка. – Цяпер мы шмат выступаем у Польшчы і хацелі б, каб больш людзей разумела нашы тэксты, бо яны маюць сацыяльную накіраванасць. Але гэта зусім не азначае, што мы плануем з’ехаць на Захад!"
У альбом "Pastka", які ўбачыць свет у канцы траўня, увайшло 9 кампазіцый на беларускай мове ды 4 бонус-трэкі на англійскай. У пласцінцы музыкі адыходзяць ад азначэння "пазітыў-панк-рок": лірыка Amaroka робіцца больш сур’ёзнай, а значная колькасць песень у "Pastka" атрымала больш цяжкае гучанне.
"Калі даваць нейкія арыенціры, то раней гэта быў нейкі амерыканскі стыль – сцяна гуку, дзе гітары, "хуткія" барабаны. А цяпер гэта проста класічны сучасны амерыканскі панк-рок… з Беларусі!" – акрэслівае змены ў творчасці гурта Зміцер Афанасаенка.
Альбом запісаны на мінскай студыі "Maple Tree", а звядзеннем на адной з маскоўскіх студый займаўся сябра гурта Андрэй Шлык. Над мастэрынгам працавалі на студыі "Big Brain Production" ў Гданьску.
Спампаваць сінгл можна на сайце "Еўрарадыё".
Тэкст: Міра Шульц, "Еўрарадыё"
Комментарии
Примитивный панк-рок. Сделали
Примитивный панк-рок. Сделали бы лучше своё что-нибудь.