Напярэдадні выхаду новага альбома гурт Avias прадстаўляе відэа, якое раскрывае ўнатраныя механізмы працэсу запісу. Музыкі абяцаюць прадставіць дыск публіцы ўжо напрыканцы месяца.
"Гэта проста жартоўнае відэа, якое, як мне падаецца, раскрывае працоўны працэс, – мяркуе лідар гурта Раман Сухоцкі. – У ім няма нічога асаблівага, але ў той жа час у нас вельмі весела адбываўся працэс запісу і мы хацелі гэтым падзяліцца. Большасць матэрыялу для альбома ўжо зведзена, і напрыканцы месяца мы плануем паказаць пласцінку грамадскасці".
Для альбома запісана 12 трэкаў. Але ёсць верагоднасць, што адзін з іх музыкі пакінуць "на потым".
"Як мне падаецца, некалькі змяніўся падыход да стварэння музыкі, – працягвае Раман. – Але ўсё атрымліваецца вельмі гарманічна. Нягледзячы на тое, што мы сабраліся ў гурце такія разнашэрсныя, рабіць нешта агульнае з уплывамі розных поглядаў вельмі кайфова".
Назву лонгплэя музыкі збіраюцца трымаць у сакрэце рэліза. Дату канцэртнай прэм'еры дыска Avias аб'явяць у бліжэйшы час.