Гурт Avias сканчае працу над першым паўнафарматным альбомам. Напярэдадні яго выдання музыкі прадставілі на Ultra-Music новы сінгл "Падман зроку". Па словах музыкаў Avias, альбом будзе адрознівацца па гучанні ад песень, якія выдаваліся на міні-альбомах "Маяк" і "Смецце", у першую чаргу па якасці запісу.
"Першапачатковай мэтай было зрабіць гучанне альбому некалькі папсовым і нават больш мяккім, чым тое, што можна пачуць ад нас жыўцом, " распавядае лідар гурта Раман Сухоцкі. " На стадыі міксавання мы пайшлі на парадаксальны эксперымент: аддалі матэрыял на звядзенне Антону Матвееву, які ў асноўным займаецца цяжкай музыкай. Але ў выніку не пашкадавалі і засталіся вельмі задаволеныя яго працай і індывідуальным падыходам. Мы атрымалі ўсё тое, чаго хацелі, і вельмі рады, што выбралі менавіта яго.
Для першага поўнафарматнага альбому Avias запісалі 12 трэкаў. Магчыма, адзін з іх у альбом не трапіць, але будзе прэзентаваны пазней.
"Я давяраю таму творчаму настрою, з якім песня нараджаецца раптоўна, хутка і як быццам бы з ніадкуль, " кажа Раман Сухоцкі. " У такіх выпадках звычайна яна не прывязана да нейкай пэўнай тэмы, у той жа час можа проста і немудрагеліста распавесці пра розныя важныя рэчы. Трэк "Падман зроку" як раз адзін з такіх: простая музычная структура, жыццесцвярджальны настрой і аповед пра ўсё патроху -пра час, каханне, ілюзіі і адзіноту.
Назву будучага альбому музыкі гурта Avias пакуль трымаюць у сакрэце. Затое вядома, што паслухаць яго можна будзе ўжо ў траўні. Прыкладна ў гэты ж час плануецца і канцэртная прэзентацыя.
Тэкст: Вячаслаў Радзівонаў, Ultra-Music