Удзельнікі рок-гурта з прымесcю этна Міця Гаўрылін і Зміцер Вінаградаў распавялі "Еўрарадыё" пра Гомель, прызналіся, чым яны займаюцца па-за сцэнай, а таксама расказалі пра новы інструмент, які мусіць з'явіцца ў складзе гурта.
ПРА ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ…
– Мінулі Каляды. Ці можна было на вуліцах Гомеля падчас зімовых святаў сустрэць гурт "Бан-Жвірба" ў ролі калядоўшчыкаў? Якім чынам захоўваеце беларускія традыцыі? Святкуеце традыцыйныя святы?
Зміцер Вінаградаў: Калі ў нас не было сем’яў, мы заўсёды святкавалі святы. Зараз менш, будзем казаць шчыра. Але намагаемся святкаваць па магчымасці.
Міця Гаўрылін: Мы адсочваем усе святы, ведаем іх і спрабуем, вядома, сустракацца і нешта рабіць. На Купалле, напрыклад, прасцей збірацца і ладзіць нешта цікавае, бо лета і цёпла.
Зміцер Вінаградаў: Мы, праўда, не вельмі сур’ёзна ставімся да гэтых рытуалаў, таму вогнішча можа і не быць.
– У аснове вашай творчасці ляжаць бабульчыны песні. Аднак перавагу вы аддаеце ўсё-такі папулярным і добра вядомым песням. Чаму ігнаруеце больш рэдкія творы народнай творчасці? Ці бываеце ў экспедыцыях?
Зміцер Вінаградаў: У нас як усё адбываецца: прыходзіць Хрысціна і спявае. А мы глядзім, што з прапанаванага ёю кладзецца добра на нашы рок-рытмы, і тады прымаем рашэнне, наколькі гэта ўсё добра гучыць. Тут няма ніякай ідэалогіі, нам усё роўна, наколькі песня папулярная. Для нас істотны вынік.
Міця Гаўрылін: Пакуль гэта хітовыя песні, якія на слыху. Аднак ёсць на прыкмеце ў нас песні гомельскага рэгіёну.
Зміцер Вінаградаў: Так. У нашай новай праграме будуць песні, якія не настолькі вядомыя. Мы ўжо іх робім. А наконт экспедыцый… Мы туды не ездзім. Мы чытаем кнігі, ну, і галоўная крыніца нашых песень – гэта Хрысціна, якая ведае іх процьму.
Міця Гаўрылін: Так, Хрысціна – гэта наша вакалістка, якая з самага дзяцінства ўдзельнічала ў розных фальклорных гуртах, вельмі шмат падарожнічала са сваім калектывам, таму ў яе такі вялікі багаж гэтых песень. Трэба пакорпацца, там можна знайсці шмат цікавага.
ПРА НОВЫЯ ПЕСНІ І GIBSON FLYING V
– Мінула паўгода пасля выхаду вашага другога па ліку альбома. Колькі новых песень вы стварылі за гэты час?
Зміцер Вінаградаў: Дзве. Пакуль што дзве, але ёсць у нас яшчэ песні недаробленыя, якія не ўвайшлі ў апошні альбом, не ведаю, ці будзем мы да іх звяртацца, ці не. Але дзве цалкам новыя песні ўжо маем.
– Як пажывае ваш знакаміты Gibson Flying V, здабыты крывёй і потам падчас конкурсу “Рух на асвяжэнне” у межах апошняга “Року за баброў”? Вы ім карыстаецеся?
Зміцер Вінаградаў: Карыстаемся з вялікім задавальненнем! Вельмі дарэчы прыйшлася нам гэта гітара.
ПРА ГОМЕЛЬ І КАНЦЭРТЫ
– Увогуле, ці шмат у вас канцэртаў у родным горадзе, па Беларусі, за мяжой?
Міця Гаўрылін: Зараз атрымліваецца, што канцэртаў не так шмат. Калі ўзяць апошнія паўгода, дык пасля “Року за барбоў” іх было 5-6. Гэта былі выступы ў мінскіх клубах, у Віцебску, у Гомелі мы зрабілі сольны канцэрт, прымеркаваны да выхаду альбома. Мы б больш канцэртавалі, але пакуль так атрымліваецца, што ў нас у Гомелі з гэтым складана, бо там больш папулярны стыль цяжкай музыкі.
Зміцер Вінаградаў: Гомель – гэта мекка металу.
Міця Гаўрылін: Так, таму мы, як адзіны, па вялім рахунку, калектыў, які займаецца фолькам, часам не можам знайсці яшчэ некага, каб сыграць разам канцэрт.
– То бок, вялікага попыту на этна-музыку ў Гомелі няма?
Міця Гаўрылін: Няма, мабыць, мэнэджэраў, арганізатараў, якія б гэта добра зрабілі, і паказалі народу, што ёсць і такая музыка. У гэтым уся справа. А так, гледзячы па форумах, попыт ёсць. Людзі цікавяцца нашым гуртом, попыт ёсць.
– А ходзяць гамельчукі на канцэрты, ці шмат у вас клубаў, дзе можна граць?
Зміцер Вінаградаў: У нас ёсць клубы, і гамельчукі ходзяць на канцэрты. У Гомелі склалася вялікая метал-тусоўка, якая сапраўды добра функцыянуе, і з рэгулярнасцю адбываюцца дастаткова маштабныя мерапрыемствы. Што тычыцца нейкага інды-руху, да якога мы сябе таксама адносім, то тут не так усё добра... Ёсць клубы, ёсць пляцоўкі. Праўда, зараз пляцовак стала менш, таму што чамусьці нашы ўлады вырашылі 3 ці 4 палацы культуры адрамантаваць адначасова. Затое, у наступным годзе будзе ўжо столькі пляцовак, што выбірай – не хачу! Мы ж – культурная сталіца Беларусі 2011 года.
Міця Гаўрылін: Мне падаецца, што і ў Мінску, і ў Гомелі народ стаў менш хадзіць на жывыя выступы. І справа зусім не ў гуртах.
Зміцер Вінаградаў: Народ у інтэрнэце сядзіць, там усё ёсць, там музыка ёсць, там "Бан-Жвірба" ёсць.
Міця Гаўрылін: Так лягчэй. А збірацца, траціць грошы – гэта ўжо складаней.
– Ці не збіраецеся скарыстацца прыкладам гомельскага гурта "Рэлікт" і пераехаць жыць у Мінск?
Зміцер Вінаградаў: У іх былі падставы, а ў нас падставаў няма. Мы жывем, маем працу, маем сем’і.
Міця Гаўрылін: Нас задавальняе жыццё ў Гомелі. Гомель – таксама цікавы горад, прыязджайце да нас у госці!
Зміцер Вінаградаў: І чаму б вам не пераехаць у Гомель?! Гэта другі па велічыні горад у Беларусі! Можа ў Рэлікта атрымоўваецца займацца толькі музыкай, быць мабільным, з’ездзіць пажыць у Мінск, а ў нас – не.
ПРА БУХГАЛТАРА, НАСТАЎНІКА НЯМЕЦКАЙ МОВЫ, КУЛЬТАРГАНІЗАТАРА І “РАБАЦЯГ”
– Дарэчы, чым вы займаецеся па-за сцэнай? Гітары з прымочкамі трэба ж за нешта набываць?
Зміцер Вінаградаў: Гітары мы выйграем, нам іх не трэба набываць, хоць, вядома, набываць шмат чаго даводзіцца. Кожны ўдзельнік Бан-Жвірбы займаецца сваёй справай. Вось Міця ў нас - бухгалтар! Пры чым галоўны бухгалтар на адным з прадпрыемстваў.
Міця Гаўрылін: Сярэдняе прадпрыемства – Маторарэмонтны завод. Даводзіцца займацца бухгалтарскім улікам, што таксама добра, што падабаецца, і не замінае заняццю музыкай. Зміцер у нас – выкладчык нямецкай мовы ва ўніверсітэце імя Францыска Скарыны. Хрысціна Перагудава – культарганізатар, вучыцца зараз ва ўніверсітэце Культуры, ну, і некалькі “рабацяг”(смяюцца). Кожны зарабляе сабе на жыццё, бо без гэтага займацца музыкай складана.
ПРА ЛЮБІМУЮ МУЗЫКУ
– Хацелася б даведацца пра вашых куміраў у свеце этна-музыкі…
Зміцер Вінаградаў: У нас няма агульных куміраў. А так шмат хто падабаецца. Падабаецца вельмі “Троіца” з этна-музыкі, але мы ж – рокеры, мы больш па року.
Міця Гаўрылін: “Троіцу” давялося ўпершыню пачуць нажыва на “Камяніцы”, гэта было сапраўды цудоўна. Я лічу, што гэта – першы гурт у Беларусі, узровень якога пакуль недасяжны. А так ёсць шмат маладых гуртоў, за якімі я сачу і цікаўлюся іх дзейнасцю.
Зміцер Вінаградаў: Што тычыцца мяне, то я слухаю шмат рок-музыкі розных часоў і розных краін. Менавіта фольку ў маёй фанатэцы амаль што няма.
– А што з музыкі вас здзівіла апошнім часам?
Зміцер Вінаградаў: Перыядычна з’яўляюцца альбомы, якія ты не чуў паўтара года, зноў яго паслухаеш, і ён западае.
Міця Гаўрылін: Так, не абавязкова гэта альбом, які выйшаў зараз. Вельмі шмат знаходзіцца цікавай мінуўшчыны, якой захапляліся яшчэ нашы бацькі.
Зміцер Вінаградаў: Я, напрыклад, нядаўна адкрыў для сябе англійскі гурт “Пайлат”, які існаваў у сярэдзіне 70-х. Яны, аказалася, рабілі прыгожую бітлападобную добра зробленую музыку. Гукарэжысёрам быў Алан Парсанс. Вось такія імёны часам адкрываюцца. Вядома, акрамя іх ёсць такія мастадонты і куміры, як Radiohead ці Muse, якія заўсёды слухаюцца.
Міця Гаўрылін: Дарэчы, хочацца ўзгадаць пра Камерату – цудоўны гурт, які часта наведвае Гомель. Проста супер!
ПРА НОВУЮ ПРАГРАМУ, НОВЫЯ ІНСТРУМЕНТЫ І САПРАЎДНЫХ МУЗЫКАЎ
– Што цікавага будзе ў вашай новай праграме, ці з’явяцца кардынальна новыя фішкі, ці будзеце па-ранейшаму прытрымлівацца сваёй стылістыкі? Можа збіраецеся ўвесці новыя інструменты ў палітру гурта?
Зміцер Вінаградаў: Можа і ўвядзем!
Міця Гаўрылін: Ёсць задумы наконт іншых інструментаў. Ёсць даўняя мара ўвесці клавішныя інструменты. Не атрымліваецца неяк зрабіць праграму адзінанакіраваную, цэласную. Хутчэй за ўсё, гэта зноў будзе праграма, складзеная і з аўтарскіх, і з народных песень.
Зміцер Вінаградаў: Крыху эклектычна яно заўсёды будзе – хай нас за гэта крытыкуюць, хай аблайваюць. Але гэта такі профіль, і мы лічым, што ён такі, прынамсі, толькі ў нас. Але што можа сапраўды памяняцца, дык гэта змест песень: жартоўных і пахабнаватых песень будзе менш, таму што мы ўжо старыя занадта для гэтага. А вось у музычным сэнсе, мне здаецца, будзем прытрымлівацца той плыні, якую мы абралі.
Міця Гаўрылін: У этна-музыцы суседніх краін мяне цікавяць гурты Zdob Si Zdub, Воплі Відаплясава. Таму, хачу падкрэсліць, Бан – Жвірба – не этна-гурт, а рок-гурт з этна-ухілам.
– Якім мусіць быць сапраўдны музыка ці музыка які грае рок з этна-ухілам?
Зміцер Вінаградаў: Тут ніякага адрознення няма: музыка павінен жыць музыкай. Калі ты гэтым жывеш, калі не можаш без гэтага, значыць, ты – сапраўдны музыка. Астатняе – добра ён грае, кепска – не мае аніякага значэння. Калі кепска – дык навучыцца, калі не жыве – кіне. Калі трэба – будзе займацца. Павінна яшчэ быць планка фанатызму, калі ты фанатык – значыць ты – музыка!
Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё" і з архіву музыкаў
Комментарии
Пытаньнi маюць месца
Незразумела, чаму канцартаваць можна толькi разам зь якiм-небудзь гуртом? А як наконт сольнага пэрформанса? Цi няма рэпертуару на дзьве гадзiны? Наступнае. Няужо гомельскiя клюбы ( а насамрэч дыскатэкi, iншых няма) аргунiзуюць нейкiя канцэрты (з прадугледжанай узнагародай музыкау)? Цi вы - аб бясконцых гатычна-панкаускiх пiянэрскiх салянках? Гэта на ваш погляд клюбныя канцэрты? Далей. Чамусьцi а нi воднага слова ня чутна аб рэгi, ска, фолк-мадэрне i блюзе?
Ніякіх пытанняў
Сольны пэрформанс - часцей і адбываецца, але хацелася каб прыходзіла больш народу, людзі пазнавлі нейкія новыя гурты, якія займаюцца нечым падобным. Назавіце мне хаця б адзін гурт з Беларусі, (не бяручы грандаў НРМ, Крама, Нейра Дзюбель) які б сабраў хаця б 200 чалавек тут? а дзе тыя гурты? чамусці іх у Гомелі я не бачыў ніколі. Лічу, што тут справа больш не ў музыках, справа якіх рабіць цікавую музыку, а ў арганізацыі. Далей, за 10 гадоў існавання Бан-Жвірбы, рэпертуару накапілася болей за дзве гадзіны, (канешне не Дзеці дзяцей;), але ж навошта грузіць. "Чамусьцi а нi воднага слова ня чутна аб рэгi, ска, фолк-мадэрне i блюзе?" - а ніхто і не пытаўся пра іх, гэта проста пералічаны стылі, а што гэта за гурты, мабыць я іх не ведаю? Дарэчы, калі цікава падыскутаваць пішыце ў скайп mitenka4, дзякуй за каменты!
Цiкавая практыка
Вось чаго ня ведау, дык ня ведау. Атрымлiваецца, што галоуная мэта канцэрта гэта назьбiраць "by all means" слухачоу... Як мага болей. (Тады кошт квiткоу зрабiце амаль нулявы... смайлiк) А як вы плянуеце дзялiць ганарарныя пiястры на 8 цi 9 чалавек? Вы ж, я спадзяюся, усур`ез займаецесь музыкай. А калi так, дык вы павiнны перш за усе прадугледжваць магчымасьць зарабляць грошы (iнакш гэта усе, прабачце, паражняк). Вы ж дарослыя людзi. Павiнны клапацiцца аб адэкватнасьцi аплаты, чым больш, тым лепш. А вы усе пра салянкi ды пра iгру удзьвох цi утрох. Цiкавая практыка у вас, нiбыта у цацкi гуляеце. Вы ж прафессiйны гурт! What`s going on !!!