Ляўрэаты фэстаў "Басовішча-2001" і расейскага "Про-рок-2007" выдалі другі паўнафарматны дыск "Дагары нагамі". Напярэдадні прэзэнтацыі лідэр гомельскай каманды Міця Гаўрылін распавёў "Тузіну Гітоў", як дасягнуць эўрапейскага гучаньня ды прыкінуў, колькі яшчэ часу можна карыстацца народнай спадчынай.
– Чаго прапануеце новага ў сваім другім альбоме, ці ён будзе працягам "Забабонаў"?
– Гэты альбом у адрозненьне ад папярэдняга зьяўляецца зусім цэльным, найперш з пункту гледжаньня гучаньня. Добрага гуку дамагаліся доўга, таму запіс альбома крыху зацягнуўся. Хацелася дасягнуць эўрапейскага высокаякаснага саўнду. У выніку мы задаволеныя і гукам, і міксам.
– Адкуль такая ўпэўненасьць, што дамагліся гучаньня эўрапейскага?
– Мы запісваліся на "Фабрыцы гуку" – гэта адна зь вядомых гомельскіх студыяў з добрымі тэхнічнымі магчымасьцямі і таленавітымі гукарэжысэрамі. Гучаньне адпавядае эўрапейскім стандартам у першую чаргу па якасьці запісу. Але і ў гучаньні, напрыклад, гітары, арыентаваліся на брытанскую вінтажнасьць, хардавасьць.
– Вы па-ранейшаму актыўна карыстаецеся народнымі песеннымі здабыткамі? Ці не вычарпалася гэта крыніца?
– Як і ў папярэдніх альбомах, аснову "Дагары нагамі" ўяўляюць апрацоўкі народных песень. Але ёсьць і некалькі аўтарскіх кампазыцыяў. Адна зь іх – "Гэтае каханьне" – ужо вядомая слухачам з гіт-параду на ТГ. Што тычыцца беларускай народнай песеннай спадчыны, то яна надзвычай багатая, што дазваляе карыстацца ёй неабмежавана доўга. І "Бан-Жвірба" зьбіраецца рабіць гэта і надалей, бо такая першапачатковая сутнасьць гурту. Хаця, магчыма, аўтарскіх твораў будзе станавіцца больш.
– Ці выйшла нешта з прасоўваньнем вашай творчасьці на Маскву і далей на ўсход?
– На дадзены момант усходні вэктар для нас знаходзіцца ў замарожаным стане. Маленькі расейскі лэйбл, які выдаваў папярэдні альбом, не валодаў дастатковымі рэсурсамі для сапраўднага прасоўваньня. Але ж нам вельмі камфортна на беларускай прасторы.
Гурт у сеціве – www.banzhvirba.com
Тэкст: Сяргей Будкін, "Тузін гітоў"