О проекте

Hasta La Fillsta: "Усё-такі за 10 гадоў мы сталі граць лепш" (+фота/+відэа)

 

Бубнач адроджанага нядаўна гурта Hasta La Fillsta Зміцер Харытановіч падзяліўся з Еўрарадыё прычынамі вяртання гурта на сцэну, распавёў пра спробы дыфузійнай мяшанкі вобразаў Вольгі Самусік і "Хасты", а таксама запэўніў у неабходнасці існавання Hasta La Fillsta у беларускай музычнай прасторы.

ПРА ЎЗ'ЯДНАННЕ, ХРЫСЦІНУ І ВОЛЬГУ

Еўрарадыё: Мінула 10 гадоў з моманту распаду гурта Hasta La Fillsta, і раптам з’яўляюцца чуткі пра яго актыўнае адраджэнне. З чым звязана ваша жаданне вярнуцца ў музычны рух?

Зміцер Харытановіч: Напрыканцы 90-х мы гралі разам, мы былі адной сям’ёй. І пасля таго як наша спявачка, наш голас, наш фронтмэн з’ехала за мяжу, мы вырашылі нікога не шукаць у якасці замены, нам проста не захацелася рабіць іншы гурт з іншымі тварамі. На той момант мы лічылі, што толькі наша чацвёрка магла быць той Hasta la Fillsta. Таму разбегліся па розных гуртах, гралі ў моры розных калектываў. А зараз так атрымалася, што мы вызваліліся ад гэтых калектываў і вырашылі зноў сабрацца разам і граць.

Еўрарадыё: Вядома, што вакалістка Hasta La Fillsta Хрысціна Мендзялеева жыве ў Бельгіі. Яна ў курсе, што вы вырашылі адрадзіць гурт? Як яна ставіцца да гэтай ідэі? Ці чула Хрысціна трэкі, які вы аднавілі, запісалі і выклалі ў Сеціве?

Зміцер Харытановіч: Так, вядома, яна ў курсе. Мы не так даўно з ёй пра гэта размаўлялі. Я думаю, што яна чула адроджаныя і новыя песні гурта, якія выкладзеныя на нашым сайце www.hastalafillsta.com. Яна цалкам нас падтрымлівае, са свайго боку хоча дапамагчы, і я не выключаю верагоднасці, што аднойчы мы яшчэ нешта зробім разам з Хрысцінай.

Калі мы вярталіся, мы прыйшлі да запрашэння аднаго спевака, з дапамогай якога ў межах адной песні мы і ёсць гурт. Мы паставілі мэтай выдаць гэткі альбом-вяртанне з запрошанымі рознымі тварамі. Насамрэч мы пачалі ўпарта ўвасабляць у жыццё гэту ідэю, і паралельна з ёй у нас з’явіліся варыянты канцэртнага складу, што прывяло да відатрансфармацыі ідэі.

Еўрарадыё: У канцэртны склад гурта ўвайшла былая вакалістка "Тарпача", Zygimont Vaza, рок-князёўна Вольга Самусік. Чаму выбар упаў менавіта на Вольгу? Гэта звязана з яе нядаўнім сыходам з "Тарпача", ці прафесійныя якасці Олі цалкам адпавядаюць вашым патрабаванням?

Зміцер Харытановіч: Як звычайна любяць казаць: так гістарычна склалася! Так, яна стала вольнай, і яе прафесійныя якасці супадаюць з поглядамі членаў калектыва. Мы ўсе задаволеныя. Аднак ідэя наша жыве: новыя песні будуць пісацца і з Вольгай, і з іншымі музыкамі. Таксама мы падымем некаторыя нашы старыя песні, якія, вядома, будуць гучаць па-іншаму. Усё-такі за 10 гадоў мы сталі граць крыху лепш!

Еўрарадыё: З прыходам Вольгі Самусік імідж гурта Hasta La Fillsta павінен змяніцца…

Зміцер Харытановіч: Я думаю, што адбудзецца трансфармацыя вобраза Олі і нашага вобраза. То бок, мы не будзем адмыслова прыстасоўвацца да яе рок-вобраза, а яна – пад наш. Мы будзем дыфузійна змешвацца адзін з адным.

ПРА МОЎНУЮ ПАЛІТЫКУ, АЛЬТЭРНАТЫВУ І АКТУАЛЬНАСЦЬ

Еўрарадыё: Дзіма, некалі ў далёкім 1997-м годзе Hasta La Fillstа стала адзіным гуртом, які першы і апошні раз перамог у конкурсе "Басовішча" з небеларускамоўнай праграмай. Якая моўная палітыка пануе ў адроджанай Hasta La Fillstа?

Зміцер Харытановіч: Пачалі з беларускай мовы. Але вось нядаўна нас запрасілі да ўдзелу ў трыб’юце гурта "Нейра Дзюбель". Мы выбралі рускамоўную песню "Можно жить". Мы яе запісалі, і прыйшлі да высновы, што аднолькава добра гучым і на рускай, і на беларускай мовах. Усё ж залежыць ад канкрэтнай песні: нейкая не можа добра гучаць на беларускай мове, іншая – на рускай. Гэта ўсё індывідуальна ў межах адной песні. Думаю, мы асабліва не будзем зацыклівацца на мове : вядома, прыярытэт за беларускай. Аднак не выключаю рускай і іншых моў. Мы пазіцыянуем сябе, як гурт з Беларусі, з Мінску, які прадстаўляе беларускую культуру.

Еўрарадыё: 10 гадоў таму вы абвяргалі сваю прыналежнасць да нейкага пэўнага музычнага накірунка, выкарыстоўваючы тэрмін "альтэрнатыўны рок". Зараз вы можаце акрэсліць сваю музыку прыгожым словам, ці Hasta La Fillstа па-ранейшаму - самы альтэрнатыўны гурт Беларусі?

Зміцер Харытановіч: Наконт рэгалій і самай альтэрнатыўнай беларускай каманды не нам вырашаць, а нашым прыхільнікам. А наконт стылістыкі… Мы працягваем граць мікс таго, што мы любім і слухаем. Акрэсленай стылістычнай накіраванасці па-ранейшаму ў нас няма. Магчыма, гэта стала больш фарматна і ўспрымальна, аднак мы засталіся тымі ж, кім былі, проста сталі больш дарослымі. Адзінае, што магу дадаць без ілжывай сціпласці: мы заўсёды трошачкі апярэджвалі час, і нас людзі пачыналі разумець са спазненнем. Спадзяюся, зараз адбудзецца тое самае: тыя, хто нас не разумее, зразумеюць пазней.

Еўрарадыё: На нейкім форуме прачытала нешта кшталту: хлопцы, давайце чаго-небудзь новага ды моднага, таго ж рэвайвл-року… Як вы ставіцеся да падобных парад, і ці патрэбна музыка гурта Hasta La Fillstа Беларусі?

Зміцер Харытановіч: Насамрэч, наконт моднасці музыкі можна паспрачацца. Я не скажу, што тады мы гралі модную музыку. Мы гралі тую музыку, якую мы адчувалі. А потым праз некаторы час яна стала моднай. Тое самае адбываецца і зараз: мы граем у тым ліку і модны рэвайвл-рок. Мы лічым, што граем сучасную музыку, а наколькі яна будзе больш ці менш моднай, пакажа час. Мы ж намагаемся яго крыху апярэджваць.

Еўрарадыё: Дык а ці патрэбна музыка гурта Hasta La Fillstа беларусу?

Зміцер Харытановіч: Вядома! Справа ў тым, што ў часы, калі мы гралі ў іншых гуртах, такога ніхто не стаў граць. Усе гралі нешта іншае! Таму мы бачым, што проста абавязаны граць гэту музыку для Беларусі!

ПРА КАНЦЭРТЫ ДЫ АЛЬБОМЫ

Еўрарадыё: 23-га лютага ў Jolly Roger Café адбудзецца першы пасля 10-гадовай паўзы канцэрт гурта Hasta La Fillstа. Якім будзе гэта вяртанне на сцэну?

Зміцер Харытановіч: Гэта будзе звычайны канцэрт . Так атрымалася, што мы вырашылі вяртацца не адразу з канцэртнай дзейнасці, а з новых песень, каб нагадаць пра сябе па ўсіх інтэрнэт-рэсурсах, радыёстанцыях. А тут падвярнуўся сумесны канцэрт разам з нашымі сябрамі IQ48 і ZM99. Некалі ж трэба пачынаць!

Неяк адмыслова мы да яго не ставімся, не рыхтуемся. Гэта проста адзін з тых шматлікіх канцэртаў, якія павінны адбывацца як мага часцей і паўсюль! Людзі, якім карціць паглядзець, як жа мы змяніліся за час нашага неіснавання, маюць шанец прыйсці і пабачыць!

Еўрарадыё: Памятаю твае выказванні наконт таго, што Інтэрнэт-сінгл – найбольш слушны сродак папулярызацыі сваёй музыкі. А паўнафарматны альбом калі-небудзь будзе ў Hasta La Fillstа? Можна на гэта разлічваць прыхільнікам?

Зміцер Харытановіч: Я па-ранейшаму застаюся прыхільнікам думкі, што сучаснасць некалькі змяніла крытэрыі шоў-бізнесу, якія панавалі 10 гадоў таму, калі ў гуртоў былі стандартныя схемы прасоўвання: CD-дыскі, пара мін’ёнчыкаў… Зараз час настолькі імклівы, што бывае, лепш выдаць песню, данесці да слухача, каб яна не стала неактуальнай да моманту выпуска альбома. Галоўнае правіла, па якім я жыву, гэта палка з двума канцамі, залаты мікс! Таму паўнавартасны альбом канешне ж будзе. Мы паспрабуем рабіць паралельна: недзе сінгл, недзе альбом. Усё залежыць ад натхнення!

Еўрарадыё: Вы імкнецеся да поспеху? Што гэта такое па-вашаму?

Зміцер Харытановіч: Так! Поспех і ёсць поспех – гэта гастролі, гэта вельмі шмат канцэртаў, грошы ў дадзеным выпадку таксама маюць значэнне. Насамрэч, мы не думаем пра вялікія грошы, мы проста хочам шчыра рабіць сваю справу. І ў залежнасці ад таго, як шчыра мы яе будзем рабіць, грошы з’явяцца альбо не. Зараз мы абыходзімся сваімі сродкамі, але калі нехта нам дапаможа, будзе ўсё нашмат прасцей і лепш: недзе мы можам сябе не абмяжоўваць у студыйным часе, недзе ў паліграфіі і г.д.

Еўрарадыё: Які лозунг, імкненне, папярэджанне, сцвярджэнне нясе музыка гурта Hasta La Fillstа людзям?

Зміцер Харытановіч: Людзі, будзьце сабой! Не трэба баяцца штампаў, якія дыктуе грамадства вакол вас, спрабуйце быць яскравымі і заўважнымі! Не звяртайце ўвагі на ўмоўнасці, жывіце, як хочацца менавіта вам!

Тэкст: Маша Лагодзіч
Фота, відэа: Tarantino
"Еўрарадыё"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net