Апошні АР "шматсерыйнага" альбома мінскага гурта Martin S. ужо выкладзены ў сетку. Услед за "Blue Album Part" і "Red Album Part" гэтая частка абазначная зялёным колерам і называецца адпаведна – "Green Album Part".
"Ну, як мне падаецца, было зразумелым загадзя, што апошняя частка альбома будзе нечым сярэднім, і ніякай нечаканасці гэтая частка альбома не прынесла. Гэта, ведаеце, такія ацэначныя песні, бо не маюць яскрава выражанай ані пазітыўнай, ані меланхалічнай афарбоўкі, – распавядае клавішнік гурта Ілля. - Ну я проста кажу пра тое, што пад розны настрой можна тут знайсці і вясёлыя і сумныя ноткі. Адна і тая ж песня ў розных абставінах можа гучаць па-рознаму. Гэта тычыцца ўсёй музыкі наогул, але ў гэтым нашым зялёным АР той факт асабліва падкрэслены. Сумна? Уключы зялёны АР. Весела? Уключы зялёны АР. Усё да лямпачкі? Уключы зялёны АР. Карацей, проста ўключай зялёны АР і слухай."
Зялёны АР, традыцыйна для гурта, складаецца з 3 песен: "Дзённікі", "Механіка", "Хто ты".
"Ну так, песні ж самі па сабе рытмічныя, але пад іх можна не толькі скакаць, – дадае скрыпач гурта Яўген. – Насамрэч, песні з зялёнага АР вось так, па-шчыраму, нельга аднесці ні да чырвонай ні да сіняй часткі. Ну мы прынамсі не змаглі гэта зрабіць. І не сказаць, што мы проста ўзялі і ўпіхнулі ў зялёны АР тыя песні, што не ўвайшлі ў папярэднія два. Проста так па збегу абставінаў і атрымалася, што як раз набралася песень з адным "сярэднім" эмацыйным пасылам на цэлую частку. Не забывайцеся, што паўнафарматны альбом будзе змяшчаць 12 трэкаў. Гэта значыць, што некаторыя песні мы проста вынеслі па-за "шматсерыйнасць" нашага альбому."
Праслухаць усе тры часткі можна таксама на афіцыйным сайце гурта http://www.martin-s.org ці на Vk.com. У хуткім часе гурт абяцае рэліз альбома цалкам. Як кажуць хлопцы, акрамя трох АР, ён будзе змяшчаць 3 дадатковыя трэкі.
Комментарии
Качественно, но
Качественно, но посредственно, от того скучно