О проекте

Наста Някрасава: "Мы адкрылі новы бок фольк-авангарду" (+відэа/+фота)

 

Напярэдадні канцэрту ў Мінску з гуртом FolkRoll адна з самых яскравых спявачак беларускай фольк-сцэны дала вялікае інтэрв’ю ды расказала, як пачалося яе захапленне музыкай, што яна слухае на ўласным плэеры і што новага гатовая прапанаваць беларускаму і замежнаму слухачу.

Наста ўжо два з паловай гады жыве ў Варшаве. Яна просіць не раскрываць падрабязнасцяў яе побыту ў польскай сталіцы. Кажа, што гэта яе прыватная справа, і ўсё можа змяніцца ў любы момант. Цяпер яна вучыцца на трэцім курсе інстытута музыкалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Пэўна, яшчэ як мінімум два гады яна правядзе тут, бо збіраецца працягваць навучанне, каб атрымаць ступень магістра. На больш далёкую будучыню пакуль загадваць не бярэцца. Але прызнаецца, што жыць і працаваць ёй хацелася б на Радзіме, асабліва калі тут сітуацыя зменіцца да лепшага.

– Наста, а як пачалося тваё захапленне фольк-музыкай?

– Я вырасла ў маленькім гарадку Ельску. Гэта Палессе, Гомельшчына. У дзяцінстве пачала займацца спевамі і цымбаламі. Мае першыя фестывалі – "Зямля пад белымі крыламі", што праходзіў у Мазыры, "Усе мы родам з дзяцінства", які ладзіў, здаецца, Анатоль Ярмоленка… Прайшла ўсе звычайныя конкурсы, у якіх удзельнічаюць дзеткі, што толькі пачынаюць спяваць.

– А першую песню, выкананую са сцэны, памятаеш?

– Так! Гэта была песня "Дубравушка ты зялёная". Мне было 11 гадоў тады (смяецца). Галоўнае– сустрэць добрых людзей, якія цябе скіруюць. Рэальнае зацікаўленне беларускім спевам у мяне пачалося ўжо ў Мінску, калі я паступіла ў музычную вучэльню імя Глінкі. Гэта было ў самым пачатку навучання дзякуючы кампазітару Алесю Рашчынскаму, у якога я скончыла дырыжыраванне. Маёй выкладчыцай, між іншым, была Ірэна Катвіцкая…

– У гурце NHS-etho пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай ты пачала музычную кар’еру, але потым сышла. Чаму вырашыла выступаць асобна?

– Не хацела б гэтую тэму кранаць, бо ўсё гэта забытае старое. Паміж усімі ўдзельнікамі таго гурта было сяброўства, і мы пачалі рабіць музыку разам. Для кожнага з нас гэта было нешта новае, нейкі пачатак. А потым мы разышліся, і кожны пайшоў у сваім кірунку. У мяне цяпер ёсць FolkRoll, і гэта самая важная музычная з’ява ў маім жыцці. Мяркую, што і для фолькавай прасторы яна таксама важная, і FolkRoll адкрыў іншы бок такой плыні, як фольк-авангард. А наогул я за тое, каб беларускіх гуртоў было як мага больш. І каб беларуская музыка заняла сваё месца ў сусветным кантэксце.

– Ты адчуваеш, што тая музыка, якую робіш цяпер, патрэбная?

– Так, адчуваю. Колькі людзей пасля нашага канцэрту казалі, што гэта было нешта, непараўнальнае з іншым, што такой музыкі раней не чулі. Выявілася, што беларускаму слухачу такая музыка сапраўды патрэбная, што ён ужо не хоча слухаць… не буду казаць каго (смяецца). Ацэньваць не мне, а слухачам, я раблю сваё.

– А канкрэтна альбом гурта FolkRoll карыстаецца попытам, маеш нейкія звесткі на гэты конт?

– Вельмі важна, што наш дыск агульнадаступны, бо быў выдадзены дзяржаўнай структурай – "Польскім радыё". Таму яго можна набыць па ўсёй Польшчы ў крамах Empik ды замовіць праз інтэрнэт. Кажуць, што ў некаторых месцах нашы дыскі скончыліся. Канкрэтных лічбаў пакуль не маем.

– Цікава, што ты слухаеш на ўласным плэеры?

– Не паверыце, цяпер у маім плэеры адзін рамантызм: Шуберт, Шуман, Брамс, Шапэн… Якраз гэтую эпоху вывучаю. У нас з кожным семестрам прыходзіць новая эпоха. Пачыналі ад Сярэднявечча і антычнасці. Гэта вельмі добра, бо дае грунтоўныя музычныя веды, на якіх можна збудаваць уласную інтэрпрэтацыю.

– Каго б ты хацела бачыць на сваім канцэрце ў Мінску?

– Канечне, усіх, каму прыйшоўся даспадобы мінулы канцэрт. Хоць прайшло няшмат часу, бо мы гралі ў Мінску ў верасні, але з’явілася шмат новага, чым хочам падзяліцца. Таму хочацца запрасіць усіх яшчэ раз сустрэцца. І, канечне, тых слухачоў, хто тады не здолеў нас пачуць, таксама будзем чакаць у спадзеве заваяваць большую аўдыторыю.

***

Усе музыкі гурта FolkRoll, акрамя Насты, жывуць у Мінску. Усе яны або скончылі, або заканчваюць дзяржаўную кансерваторыю. Таму рэпетуюць яны з вакалісткай на адлегласці, пастаянна перакідваюць запісы праз інтэрнэт і карыстаюцца кожнай магчымасцю правесці сумесную рэпетыцыю ўжывую пры прыездзе Насты на Радзіму. Але навука і гурт FolkRoll – яшчэ не ўсе музычныя захапленні 24-гадовай спявачкі. Паралельна ў Варшаве яна рыхтуе сумесную праграму з польскай камандай R.U.T.A. "На Усход", якая будзе складаецца з песняў бунту і нядолі, антыпрыгонніцкіх, сабраных на тэрыторыі Беларусі ды Украіны. Але гэты маштабны праект вымагае асобнай размовы.

3 лютага 19.00 КЗ "Мінск" (Малая сцэна) – канцэрт з нагоды дня народзінаў спявачкі.
Цана квіткоў – 30 000 і 40 000 бел. руб.
Квіткі: каса КЗ "Мінск", пераход ля ГУМа, пераход ст. м. "Пл. Я. Коласа".
Тэл. для даведак: 2544909 мтс, 6715865 вэлком.

Тэкст: Сяргей Будкін, Budzma.org
Фота: Tarantino, Павал Хадзіньскі


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net