О проекте

Наста Някрасава: "Я іду свядома абраным шляхам" (+фота)

 

У вялікім інтэрв'ю "Еўрарадыё" маладая этна-спявачка, якая некалькі тыдняў таму перамагла на фестывалі "Новая традыцыя" у Польшчы, расказала пра моду на этна-музыку і дала парады будучым этна-дзівам.

Без пафасу Настку Някрасаву можна назваць голасам Беларусі: меў рацыю спадар Падбярэзскі, калі казаў, што Наста яшчэ дасць фору беларускім этна-спявачкам. І дае фору, і чым далей – тым больш. Пасля перамогі на "Новай Традыцыі-2009" Наста разам з менеджарам Ігарам Зныкам завіталі на "Еўрарадыё" і падзяліліся сваім бачаннем творчасці, жыцця і беларускай музыкі.

ЕРБ: Кожны спявак ставіць перад сабой нейкую прафесійную планку. На якой стадыі дасягнення знаходзіцца твая прафесійная планка?

Наста НякрасаваНаста Някрасава(Н.Н.): Ясна, што кожны з нас – спявак, музыкант – пра штосьці марыць… Далёкія мэты я стараюся не ставіць. Максімум бліжэйшыя 3 месяцы. Гэта крокі, якія мы зараз робім. Напрыклад, нядаўна з гуртом Folk Roll, з Паўлам Рыжковым мы зрабілі вялікі крок наперад на буйнейшым фестывалі этнічнай музыкі ў Польшчы "Nowa Tradycja". Вось так паціху, але трапна стараемся рухацца далей.

ЕРБ: І што ж чакаць ад Насты Някрасавай у бліжэйшыя 3 месяцы?

Н.Н.: Сакрэцікі(смяецца). Буду працаваць.

Пра свядомыя крокі

ЕРБ: Перад тым, як паступіць у музычную вучэльню, ці стаяла ты перад выбарам: калі спяваць, дык што спяваць? Ці прыход да этнічных спеваў – гэта твой свядомы крок?

Н.Н.: З самага дзяцінства я спявала этнічныя песні. Насамрэч у музычную вучэльню я збіралася паступаць па класе цымбалаў, аднак народная песня ўзяла верх у маім жыцці. Уся мая творчасць цяпер мае ў аснове народную песню, традыцыю. Гэта шлях, які я абрала. Ён галоўны ў маім жыцці. Гэта зроблены мною свядомы крок…

ЕРБ: А чым жа ўзяла цябе народная песня?

Н.Н: А чым бярэ слухачоў народная песня, калі я спяваю? Я не ведаю… Гэта ўнутраны адказ чалавека самому сабе. Калі сядзіш у зале, калі чуеш народную песню, якая ідзе ад душы, – і ёсць адказ на пытанне.

Пра моду на этна

ЕРБ: На твой погляд, ці модна ў наш час быць этна-спявачкай?

Наста НякрасаваН.Н.: Модна быць поп-спявачкай. Модна, калі цябе па радыё круцяць. Модна, калі ёсць канцэрты… Я спяваю не дзеля таго, каб гэта было модным. Я раблю гэта, таму што адчуваю гэта, і яно ёсць важным для мяне… А модна гэта, ці не – вырашаць слухачу, па-першае. А па-другое, калі ты знойдзеш слухача дзякуючы таму, што робіш, значыцца, гэта варта, а, адпаведна, і важна, і модна… Калі мы выступалі на "Новай традыцыі" з гуртом Folk Roll, мы не кіраваліся тым, ці модна гэта будзе, ці зрабіць нашыя песні даступнымі, "пад" слухача… Мы кіраваліся нашымі ўнутранымі пачуццямі. Ніколі на нас не звярталі ўвагу столькі СМІ, як гэтым разам. А значыць – гэта важна, і, магчыма, папулярна…

ЕРБ: Так, гэта модна… Апроч бабулек і выкладчыкаў, ці ёсць для цябе яшчэ нейкія музычныя арыенціры, якія працуюць ў розных музычных накірунках?

Н.Н.: Вядома… Этна-трыа "Троіца", Urszula Dudziak і яе вучаніца Grazyna Auguscik (некаторыя слухачы сцвярджаюць, што мая манера выканання песень нагадвае некаторыя прыёмы вакалу Urszuly Dudziak). Сярод інструменталістаў мне вельмі падабаецца Lieszek Mozdzer – вядомы піяніст, канцэрт якога запомніцца надоўга. Цікаўлюся творчасцю гуртоў, якія таксама слухаюць бабулек: "Ветах", "Камерата"…

Парады

ЕРБ: Як ужо вядомая спявачка, на што раіш звярнуць увагу маладым дзяўчынам, якія толькі пачынаюць свой шлях у этна-музыцы?

Наста НякрасаваН.Н.: Я не такая ўжо вядомая спявачка(смяецца)! Я таксама толькі пачынаю свой шлях у этна-музыцы, я таксама прымаю ад людзей парады і стараюся прыслухоўвацца да іх. Я лічу, што трэба ісці, трэба шукаць, трэба рабіць і не звяртаць увагу на тое, калі на самым пачатку нехта можа сказаць, што гэта нікому не патрэбна, што лепш зрабіць штосьці пад "фармат" і г.д. Трэба ісці наперад, трэба глядзець у будучыню і рабіць тое, што адчуваеш. Я шаную погляды і музыку розных людзей, і хачу, каб таксама шанавалі тое, што мы робім…

ЕРБ: Ці маеш ты асабліва любімыя вакальныя прыёмы?

Н.Н: Прыёмаў шмат. Я вучуся. Шчыра? Кожны раз пераслухоўваю песню, якую ўжо вывучыла, зрабіла, пераняла прыёмы і кожны раз думаю: як гэта бабулька рабіла? Гэта ж яе падсвядомае, генетычная памяць. Мне падабаецца, калі ў нашых традыцыйных беларускіх песнях выкарыстоўваецца VI ступень лада. Напрыклад, пры такім спуску з мажора атрымліваецца мінорнае гучанне.

Спявае: У гародзя, на пагодзя і канапелька стояла…

Н.Н.: Шмат такіх класных прыёмаў, нават не ўзгадаю ўсе…

ЕРБ: Ну, а раскажы пра свае ўласныя вакальныя фішкі.

Н.Н.: А, не, не раскажу (смяецца)… Я толькі вучуся.

Наста НякрасаваБеларускія этна-дзівы

ЕРБ: Некалі мы Русяй склалі "топ-5" беларускіх этна-спявачак – нават больш за 5 атрымалася ў выніку. Назаві свой "топ", калі ласка…

Н.Н: Іх сотні ў Беларусі. Маю, вядома, на ўвазе бабулек. Яны для мяне і ёсць "топ-спявачкі". Не хачу нікога крыўдзіць. Я праўда ўсіх шаную…

ЕРБ: Паводле нашага топу беларускія этна-дзівы – Вераніка Круглова, Настка Някрасава, Маша Яр, Руся, дзяўчыны з гурта NHS, Наста Хмель, Юля з гурта P.S...

Н.Н.: Я б да спісу далучыла дзяўчынак з гурта Guda і Таццяну Бадунову – чалавека з непасрэдным і цікавым вакалам…

Пра складаную музыку

ЕРБ: Тваё супрацоўніцтва з гуртом Folk Roll дае плён. Ці не баіцеся напалохаць слухача складанасцю аранжыровак, а, адпаведна, і складанасцю песень?

Н.Н.: Песні складаныя?

ЕРБ: Вядома!

Н.Н: Гэта бачанне Пашам музыкі. У аснове ляжыць народная песня, але напалохаць слухача не баімся. Беларуская песня ўвогуле складаная, нават калі паглядзець на традыцыі Палесся – па мелодыцы, па структуры, па манеры выканання – гэта вельмі складаныя песні. Таму сам твор, які кампануе Паша, вельмі складаны сам па сабе. У ім ёсць адгалоскі Баха, Шонберга, Пендэрэцкага, Орфа… Нашае жыццё складанае… Мы мусім выхоўваць публіку – гэта задача кожнага артыста, праўда?

У студыю – рана

ЕРБ: На мой погляд, Наста Някрасава і гурт Folk Roll павінны тэрмінова запісаць альбом…

Наста НякрасаваІгар Знык(І.З.): Па-першае, я лічу наадварот: гурт занадта малады, каб увайсці ў студыю. Тое, што Folk Roll і Наста атрымалі ўзнагароды імя Чэслава Немэна на "Новай Традыцыі" – вельмі адказна, і калі ўжо ісці ў студыю – трэба быць добра падрыхтаваным. Тым больш, мы ўжо перажылі аднойчы ўваход у студыю з вуліцы з гуртом "NHS" – дыск атрымаўся вельмі добры, аднак ніхто пасля запісу не быў цалкам задаволены… Па-другое, тэхнічныя магчымасці. Мусім пашукаць сапраўды добрую студыю, бо гэта музыка, якую трэба сапраўды добра запісаць…

Пра дуэты

ЕРБ: Настка, цябе можна было заўважыць у некалькіх зусім не фолькавых дуэтах. Ты – прыхільніца дуэтных спеваў? І ўвогуле, з кім з беларускіх і не толькі беларускіх музыкаў ты б хацела праспяваць дуэтам?

Н.Н.: Мой удзел у дуэтах з гуртамі "B:N" i "Dali" былі хутчэй эксперыментамі, па-першае. А па-другое, дуэт – выдатная форма для адчування партнёра, паралельнае суіснаванне дзвюх ліній… А з кім бы хацела заспяваць – з Уршуляй Дудзяк, напэўна, ці з яе вучаніцай… Ці ўвогуле ўтрох… Але да гэтага, мабыць, вельмі далёка (смяецца)…

Пра беларускі кансерватызм

ЕРБ: Наста, ці сочыш ты за музычным жыццём у Беларусі? Якія станоўчыя тэндэнцыі яго развіцця можаш заўважыць?

Наста НякрасаваН.Н.: Вядома, сачу. Не хапае нашаму музычнаму жыццю фестываляў, конкурсаў, менавіта беларускіх. Як Янка Купала пісаў: "трэба ў розных краях пабываць, каб любіць Беларусь нашу родную". Чамусьці так атрымоўваецца, што толькі пасля таго, калі ты выступіш на буйных замежных музычных фэстах, цябе пачынаюць заўважаць у Беларусі. А павінна быць наадварот. Я б хацела, каб штосьці ўсё-такі змянілася ў Беларусі, у разуменні беларускай музыкі, каб яна была патрэбная… Я б вельмі хацела, каб беларускія музыкі зараблялі грошы беларускай музыкай у Беларусі…

І.З.: Хачу дадаць, што праблема ў тым, што Беларусь – вельмі кансерватыўная краіна. Прабіцца ў Беларусі практычна немагчыма. Напрыклад, вось-вось адбудзецца першы беларускі Open Air "Bela Music". Упэўнены, калі б ён адбыўся 10 гадоў таму, у ім ўдзельнічалі тыя ж гурты. Я з павагай стаўлюся да "Крамы", "Палацу", "Нейра Дзюбеля", – гэта супер-гурты. Аднак, апроч такіх вялікіх зорак, якія ўжо столькі гадоў на сцэне, чаму там няма маладых гуртоў?!

ЕРБ: Рэч у тым, што сёлета гэтыя вядомыя гурты раскручваюць новае фестывальнае імя…

І.З.: Няхай. А імя "Басовішча" ужо 20 гадоў раскручваюць! Я ведаю складанасць беларускай сцэны. Але чамусьці няма такога, каб тыя ж вялікія зоркі цягнулі маладых. У Бярозе штогод адбываецца фестываль маладой музыкі гэтага рэгіёна. Вядома, ягоны ўзровень не вельмі высокі, але для маладых невядомых гуртоў гэта шанец выйсці на сцэну з мясцовай зоркай, гуртом "B:N"… Чаму б таму ж гурту "N.R.M." не заняцца падобным?

Наста-харошая :)

ЕРБ: Зусім нядаўна Наста-пераможца выходзіла на сцэну "Новай традыцыі" па ўзнагароды… Наста-непераможная і Наста-жыццёвая чым адрозніваюцца?

Н.Н.: Я звычайная дзяўчына, такая ж, як і 5 мільёнаў жанчын Беларусі… Якая непераможная!!! Што вы! (смяецца).

ЕРБ: Якой ты бачыш сябе праз 10 гадоў?

Н.Н.: Спадзяюся, што гурт Folk Roll і музыка Паўла Рыжкова зробяць адбітак у сусветнай музыцы. Хочацца, вельмі хочацца спяваць, хочацца, каб усё было добра. Трэба нешта для гэтага рабіць, і, спадзяюся, неба нам у гэтым дапаможа…

Арыгінал публікацыі (больш фота) на сайце "Еўрарадыё".

Тэкст: Маша Яр
Фота: Tarantino


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net