О проекте

Наста Шпакоўская (Naka): "Я такая, якая ёсць" (+відэа)

 

Cпявачка ды акторка Наста Шпакоўская перад сваім сольным выступам у Мінску расказала ў вялікім інтэрв’ю, як ставяцца ў тэатры да яе музычнай кар’еры, чаму яна жыве цяпер на два гарады, з кім марыць запісаць дуэт і якія песні выконвае на застоллях.

"Цяжка кагосьці цяпер у Мінску знайсці, усе нібы толькі праездам у горадзе. Такое адчуванне, што тут жывуць толькі тыя, хто пры ўладзе", – разважае Наста, калі мы абмяркоўваем яе найбліжэйшы выступ. Яна думала паклікаць на канцэрт некаторых сваіх калегаў, але потым адмовілася ад гэтай задумы. Спявачка і сама цяпер жыве на два гарады – месяц таму паехала ў Кіеў са сваімі двума дзеткамі ўслед за мэнэджарам гурта Naka Андрэем Ісачэнкам, які ўладкаваўся працаваць на "A-ONE Украіна".

Пры тым рэпетыцыі з музыкамі і працу ў тэатры ў Мінску яна не кінула. 4 лютага ў яе канцэрт у Loft-café, а 8 лютага яна ўпершыню выканае адну з галоўных роляў у спектаклі "Эдып" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра. Так сталася, што яе музычны праект Naka апынуўся летась у клятым чорным спісе. Таму, каб працягваць дзяліцца сваімі песнямі, Наста вырашыла рабіць сольныя выступы з музыкамі свайго гурта. Так супала, што з пачаткам сольнай кар’еры яна запісала і некалькі дуэтных кампазіцый.

– Наста, з чаго раптам ты вырашыла заспяваць у дуэце?

– Па-першае, мне падаецца гэта цікавым у плане прасоўвання творчасці, бо прыцягваецца аўдыторыя адразу двух выканаўцаў. Па-другое, што да "У баі", то там у мяне было канкрэтнае разуменне і адчуванне, што трэба, каб спяваў мужчына. Я была някепска знаёмая з Вайцюшкевічам і падумала, што ён аптымальна пасуе. А што да "Пагоні", то гэтая кампазіцыя вымагала прысутнасці ваяўніча настроенага беларускага хлопца. І тут мы хутка дамовіліся з Янам Маўзерам. Пакуль не атрымліваецца прадставіць дуэты ўжывую – і Змітра, і Яна няпроста заспець у Мінску. Спадзяюся, гэта атрымаецца зрабіць увесну – на прэзентацыі нашага новага альбома.

– А з кім бы яшчэ хацелася запісаць дуэт?

– Не буду забягаць наперад, але ёсць яшчэ задума задзейнічаць аднаго "неахопленага" мной любімага чалавека. Я думаю, у нас атрымаецца заспяваць, праўда, ён пра гэта яшчэ не ведае, так што пакуль не скажу яго імя. А яшчэ марыла б заспяваць з Юрыем Шаўчуком. Спадзяюся, што гэтая мара здзейсніцца.

– А ёсць падставы на гэта спадзявацца?

– Так, ёсць. Мы трошкі знаёмыя, няхай гэта адносіны далёкія і цьмяныя (Naka выступала на разагрэве "ДДТ" на канцэрце ў Магілёве – заўвага С.Б.). На жаль, пакуль няма песні, якую можна было б прапанаваць.

– З часоў "Рок-каранацыі – 2009" цябе нязменна называюць "рок-князёўна". Ты сама як да такога тытула ставішся?

– Цяпер спакойна… Памятаю, што ў годзе 2006 для мяне гэта было сапраўды вельмі важна.

Тады гэты тытул быў бы істотнай падтрымкай і стымулам для далейшай працы, але яго ў мяне на той час не было. Калі ж мне яго далі, то быў ён ужо без патрэбы, бо я сама знаходзілася ўжо на іншым узроўні. Не скажу, што мне непрыемна, калі называюць "рок-князёўнай", але цяпер сам тытул для мяне нічога не значыць.

– Дык тытулы і званні музыкам не варта надаваць, па-твойму?

– Мне здаецца, што важна ўсё ж. Музыкі ў нашай краіне нічога не зарабляюць, дык няхай хоць нейкія прэміі ды ўзнагароды для іх будуць.

– Прызнайся, ці наўмысна ты адбудавала такі свой трагічны вобраз, у якім паўстаеш на сцэне?

– Нічога наўмысна не адбудоўвала. Я такая, якая ёсць. І гэта найлепшае ў рок-музыцы – быць такім, якім ты насамрэч ёсць. Проста часцей мне сумна, чым весела, хоць вясёлых песняў хапае. Весялосць і добрая іронія мусяць быць неад’емнай часткай творчасці кожнага артыста, які сябе паважае. А трагічнасць кожны можа ўгледзець.

Хоць ніхто ж не абвінавачвае ў трагічнасці гурт Muse, скажам,у якога фактычна няма мажорных песняў. Проста людзі робяць такую музыку, якую яны адчуваюць. І я імкнуся да гэтага. Калі мяне нешта хвалюе і змушае перажываць, то я не магу ператварыць гэта ў нейкую гумарэску… Хоць лічу адносным і суб’ектыўным сцверджаннем, што мая творчасць – трагічная.

– Свае песні ты прысвячала і ўдзельнікам акцыі 19 снежня і ахвярам тэракту ў метро. То бок ты лічыш, што музыка павінен адгукацца на падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве?

– Канечне, нехта ж мусіць на гэта адгукацца. Не ўсё ж спяваць "опца-дрыца-гоп-цаца", як у нас усё квітнее і як у нас зашыбіся. Мне здаецца, што я проста абавязаная адгукацца на тое, што адбываецца вакол. А калі б падзеі былі весялейшыя, дык, можа, і песні пісаліся б адпаведныя.

– А як у тэатры ставяцца да тваёй музычнай кар’еры?

– Ды вельмі добра ставяцца. Да ўсялякіх іншых справаў вакол маёй музычнай кар’еры ставяцца так сабе. А што да самой музыкі, то ніякіх прэтэнзій не агучвалі.

– А што ты спяваеш падчас нейкіх прыватных вечарынаў і святкаванняў? Здараецца ж такое, што пяеш проста за сяброўскім сталом?

– Не, ніколі не спяваю на застоллях. Не было яшчэ такога…

Наста Шпакоўская. 4 лютага ў Loft-café (Мінск, вул. П.Броўкі, 22). 19.00.
Цана квіткоў – 40 000–70 000 руб.
Даведкі і замова квіткоў: (029) 380-00-10, (029) 268-07-56, (029) 674-64-41.
Для іншагародніх прадугледжаная зніжка на ўваход пры наяўнасці квіткоў на праезд.

Тэкст: Сяргей Будкін, Budzma.org
Фота: Аляксандр Ждановіч, Budzma.org

Naka

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

Комментарии

"Сольник" Анастасии Шпаковской переносится на 16 марта

+1
0
-1

"Мой коллектив впору назвать самой хрупкой группой белорусского рок-н-ролла", – так прокомментировала отмену концерта Анастасия Шпаковская. "Сольное" выступление певицы и актрисы, запланированное на 4-ое февраля в минском кафе LOFT , пришлось перенести на 16 марта из-за травмы барабанщика.

Дмитрий Рыбаков, постоянный на протяжении семи лет ударник команды Анастасии Шпаковской, временно "выбыл из строя" из-за перелома руки. Группа решила подождать выздоровления опытного музыканта – тем более, что случилась неприятность не только накануне предстоящего концерта, но и дня рождения Дмитрия. Музыканты смеют надеяться, что зрители также будут к ним великодушны, и простят коллективу досадные временные проволочки с выступлением.

Все билеты, зарезервированные на концерт 4 февраля, будут действительны 16 марта. Место встречи – кафе LOFT – остается прежним. Анастасия Шпаковская и ее коллектив еще раз приносят извинения за вынужденные неудобства.

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net