Майстар колеру й гуку Юры Круглікаў заявіў, што ягоны сумесны праект з паэткай Вольгай Чайкоўскай "Mятna" спыніў існаваньне. Затое паўстаў Orkester Kruglikov, які складаецца з аднаго Юрыя. Аўтар прэзэнтуе на Tuzin.fm новы альбом "Крэкс! Пэкс! Tracks!".
Свой дэбютны альбом Orkester Kruglikov запісаў два гады таму. Сюіта "Krater Locater" распавядала пра "экзыстэнцыйнае адзіноцтва ў варожым космасе". У сёлетнім рэлізе Юры Круглікаў заняўся пераасэнсаваньнем дзіцячае клясыкі. Праца цалкам самастойная – ад стварэньня музыкі да росьпісу вокладкі.
"Нягледзячы на ўласьцівы альбому некаторы карусэльны настрой і цытаваньне з "Бураціны", я б не назваў яго такім ужо казачным, – кажа аўтар. – Калі гэта толькі не цьмяністая постмадэрнісцкая казка для дарослых. Дарэчы, я вялікі прыхільнік саўндтрэку да "Прыгодаў Бураціны", зьнятых на "Беларусьфільме", і лічу яго адным з найлепшых узораў савецкага арт-року".
Юры Круглікаў выкладае сваю музыку па нотках у праграме-сэквэнсары. У пэўным сэнсе гэта ручная праца, як гафтаваньне альбо мазаіка. Аўтар называе свой мэтад "аўтарскай арт-электронікай", а шукаць нейкія пабочныя ўплывы раіць у нямецкім краўт-року 1970-х.
Спампаваць альбом можна на сервісе "Яндэкс дыск".
Тэкст: Віктар Сямашка, Tuzin.fm