Бельгійскі нэт-лэйбл Tape Safe апублікаваў новы альбом "Марсаў дзень" праекту "Віктар Сямашка ды Кумпанія" – імправізацыйны саўндтрэк да імправізацыйнай пластычнай пастаноўкі. Паказ і запіс адбыліся ў Мемарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура ў Менску ў сакавіку 2017.
У новым саўндтрэку мУзыка суправаджае вершаваныя тэксты пра аўторак, як пра дзень, што ў старажытных рымлянаў прысвячаўся богу Марсу, а ў розных народаў лічыцца або "чырвоным днём", альбо "днём вагню". Інструментальнае суправаджэнне сугучнае і з мастацкім творам, вынесеным на вокладку.
"Мой бацька-мастак недзе напачатку 1990-ых аздобіў памяшканне ПТВ №228 у Мазыры манументальнай працай. Прычым, выкананая яна ў тэхніцы, у якой пісаліся раннехрысьціянскія абразы, калі фарба змешвалася з воскам. Не ведаю, ці захавалася гэтая выява. У мяне застаўся толькі слайд з фрагментам роспісу, які і змешчаны на вокладцы", – распавядае Сямашка.
У працы над альбомам "Кумпанію" склалі Максім Іўкін (клавішы), Алесь Сямашка (гітара) і пластычнае трыё ў складзе Юліі Бондар, Ірынікі Басалаевай і Дзяніса Краўчонка (танец, спеў, званочкі). Таксама мультыфункцыянальны саўндтрэк уключае аўтэнтычны плач, пазычаны з дакументальнага фільму 1969 г. "Пакуль гарыць Сонца".
Паслухаць і спампаваць альбом можна па сайце Archive.org.
Тэкст: прэс-рэліз