Бэльгійскі нэт-лэйбал Tape-Safe выдаў новы альбом "Віктара Сямашкі ды Кумпаніі" "Zembin'". Запіс адбыўся год таму падчас канцэрту ў Зэмбінскім цэнтры культуры пра падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!". Музыкі самі выбралі мейсца для выступу, загадзя ведаючы, што ў Зэмбіне (60 км ад Менску) прайшло юнацтва мастачкі-супрэматысткі, прадстаўніцы "Парыскай школы" Надзеі Хадасевіч-Лежэ.
У Зэмбіне захоўваюцца яе арыгінальныя мазаікі, а таксама шэраг копіяў з працаў Ван Гога, Гагена ды іншых славутых мастакоў, зробленых у Луўры. На аб’яўленую імпрэзу "Zembin Supremus" у актавай залі сабраўся ўвесь мясцовы культурніцкі актыў. Як выявілася, некаторыя зь мясцовых жыхароў асабіста бачыліся з Надзеяй Лежэ ў дзяцінстве. Яны распавялі, што падчас наведваньня малое Радзімы мастачка выдатна размаўляла на клясычнай беларускай мове ўзору 1920-х гадоў, памятала народныя песьні. Некалькі год таму зэмбінцы паставілі спэктакаль паводле біяграфіі Лежэ: сцэнар пісалі самі, а галоўную гераіню гралі тры акторкі розных узростаў.
У паэтычна-музычных імправізацыях кумпанію Віктару Сямашку склалі ўдзельнікі дэз-джаз-бэнду Masque Noir – Фрыд Самотны (сакс) і Дзяніс Кудраўцаў (гітара). Увесь матэрыял за выключэньнем вершаў ствараўся цалкам спантанна пад уплывам самога мейсца. Сярод іншага моцны эмацыйны адбітак пакінуў наведаны перад канцэртам паўразбураны касьцёл. Імпрэза скончылася, як і мае быць, агульным застольлем з абдымкамі, пацалункамі ды сьпевамі пад акардэон. "У часы культурніцкіх выбухаў полюсы яднаюцца. Авангард зьбліжаецца з народнай культурай. Зьдзейсьніць такі непасрэдны акт яднаньня сёньня для мяне было вельмі важна. Спадзяюся, тое яшчэ неяк адгукнецца", – прызнаецца Віктар.
Пачуўшы запіс з Зэмбіна, кіраўнік бэльгійскага лэйблу Tape-Safe Ларэнца палічыў яго "неверагодным" і пагадзіўся на публікацыю. У якасьці бонусу дадаюцца тры кампазыцыі, запісаныя тым жа складам і таксама летась у скульптурнай майстэрні Заіра Азгура. На думку Сямашкі, адным з далейшых крокаў ва ўшанаваньні памяці Надзеі Лежэ магло б стаць разьмяшчэньне мазаічнага пано ейнага супруга Фэрнана Лежэ на будынку Палаца спорту ў Менску. З такой прапановай колісь выступала сама мастачка, аднак ідэя не знайшла водгуку ў мясцовых уладаў – авангард быў не ў пашане.
Спампаваць рэліз можна на сайце Archive.org
Тэкст: прэс-рэліз