Паэт і музыка-імправізатар Віктар Сямашка прадставіў у Сеціве сэрыю запісаў пад агульным назовам "Logos Spermatikos". Аўтар папярэджвае, што ў абраным загалоўку няма нічога фізіялягічнага, гэта даўні філязофскі тэрмін. Асноўны зьмест матэрыялу – мэлядэклямацыі, а менавіта вершы, начытаныя пад музыку.
"Тут сабраныя ня толькі мае вершы, і ня толькі мая дэклямацыя. Разам з кумпаніяй чытаем Вацлава Ластоўскага, Максіма Багдановіча, Алеся Пруднікава, Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава ды іншых клясыкаў. Ёсьць пераклады Пятра Мамонава, кыргыскія казкі… Запісы пераважна канцэртовыя, і зробленыя яны ў самых розных кропках Беларусі. Стылёвы роскід – ад фры-джазу й эмбіэнту да авангардовага гіп-гопу й гард-кору", - распавядае Віктар.
На дадзены момант даступныя для праслухоўваньня й спампоўваньня 6 частак з сэрыі "Logos Spermatikos". Падрабязныя выходныя дадзеныя кожнае часткі зьмешчаныя на бонуснай карцінцы, якую можна пабачыць спампаваўшы альбом цалкам. Працяг будзе.
Спампаваць усе часткі (і пры жаданні заплаціць) можна на афіцыйным Bandcamp.
Тэкст: прэс-реліз