На францускім Murmure Intemporel апублікаваны студыйны альбом менскага авант-джазавага ансамблю "Фантастычныя плыўцы". У працы паўдзельнічаў брытана-польскі саксафаніст Філіп Пальмэр, а таксама вядомыя па розных праектах прадстаўнікі менскае андэрграўднае сцэны. У іх ліку Фрыдрых Самотны (сакс) і Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас).
Куратар лэйблу Жан-Люк Хэрвэ Бэртэлю кажа, што быў прыемна зьдзіўлены, атрымаўшы запіс зь Менску й упадабаў альбом цалкам зь першага праслухоўваньня: "Музыка падаецца напалову імправізаванай, з добра запісаным гукам, з дасканалай эвалюцыяй кожнае часткі ды з добрым пачуцьцём гумару ў некаторых трэках. Мае ўлюбёныя эпізоды – гэта "Легенда", "Этап 3" і "Этап 4". Карацей кажучы, вельмі добры "авант-джазавы" альбом у выкананьні "фантастычных" музыкаў".
Новая праграма "Фантастычных Плыўцоў" атрымала імя ад загалоўнае песьні, ноты й тэкст якой адшукаў паэт і дасьледчык літаратуры Віктар Жыбуль. "Лягерная песьня" на словы расейскага абэрыута Аляксандра Ўвядзенскага й музыку аўтара гімну БССР Нестара Сакалоўскага датуецца 1935 г. Адмыслова для альбома "Плыўцоў" яе агучыў у Купалаўскім музэі ў Менску кампазытар і хормайстар Максім Іўкін. Запіс астатніх твораў адбываўся ў гаражнай студыі на ўскрайку сталіцы.
"Кожная кампазыцыя будавалася на пэўнай размове між інструмэнтамі. Імправізацыя абмяжоўвалася адмысловымі інструкцыямі ды графікамі", - кажа стваральнік ансамблю Віктар Сямашка. – "Упершыню мы выкарысталі фартэпіяна толькі эпізадычна. Раней менавіта яно задавала тон і лад нашай музыцы. Тут жа рэй вядуць духавое трыё й рытм-сэкцыя". У кампазыцыі "Этап 4" да асноўнага складу "Плыўцоў" дадаецца хор "Кум-Кума".
Трэба заўважыць, што на вокладцы альбома зьмешчаны фотаздымак аднаго з "гулагаўскіх" аркестраў, які стварыў рэпрэсаваны дырыгент Барыс Райскі – легенда беларускага джазу. І варта дадаць, што напярэдадні публікацыі "Лягерных песень" "Фантастычныя Плыўцы" зьмясьцілі ў Сеціве сваю канцэртаграфію.
Альбом можна паслухаць і бясплатна спампаваць на сайтах Archive.org (losless) Freemusicarchive.org (mp3).
Тэкст: прэс-рэліз
Комментарии
Першая рэцэнзія на альбом ад Леаніда Аўскерна
http://jazzquad.ru/index.pl?act=PRODUCT&id=4738