Музыкі зь Беларусі, Украіны і Расеі заснавалі ў Маскве свой гурт і заяўляюць, што зьбіраюцца зьмяніць уклады ў тамтэйшым шоў-бізе, граючы "не махровы расейскі рок і ня штучную папсу". Ужо запісаны дэма-альбом і зьняты першы кліп. Для дэбюту абраная беларуская мова ў спадзеве вылучыцца сярод астатніх.
У кожнага ўдзельніка нядаўна створанага гурта KilFil вялікі досьвед у музыцы. Яны ўжо працяглы час жывуць у Маскве і не наракаюць на незапатрабаванасьць. Але – заробкі заробкамі, а і творчыя амбіцыі ахвота зрэалізаваць. Таму і паўстала ідэя свайго праекту, у якім можна было б з душой выконваць тую музыку, якая даспадобы.
Так і паўстаў гурт, які пасьля нядоўгага абмяркаваньня вырашана было назваць "КілФіл" (раўназначныя абодва напісаньня назвы – кірыліцай і лацініцай). Назва, трэба думаць, яскрава сьведчыць пра інтарэс музыкаў да творчага крэатыўнага прадукту ды поўнае непрыманьне ўзорнай расейскай папсы. Сваё першае інтэрвію музыкі вырашылі даць парталу Tuzin.fm. ды прадставіць наведнікам нашага парталу сваё першае відэа, каб ужо дакладна ня быць галаслоўнымі ў абазначэньні сваіх далейшых намераў.
– Для пачатку – калі і як утварыўся гурт?
Аляксей Красоўскі: Гурт KilFil склаўся з музыкаў зь Беларусі, Украіны і Расеі. Да таго, як мы пачалі граць разам, мы так ці інакш перасякаліся адзін з адным падчас працы ў розных музычных праектах. Цяпер адначасова сасьпелі да сур’ёзнай працы, запаліліся адной ідэяй, у якую і кінуліся з галавой тут і цяпер.
Большая частка гурта пазнаёмілася на канцэрце Maroon 5 у Маскве. Мы тады гралі ў іх на разагрэве ў складзе іншага калектыва, якога больш не існуе. Як цяпер памятаю – да мяне падыйшоў лідэр Maroon 5 Адам Левайн і кажа "Клясна граеш! Табе трэ кідаць той гурт, дзе ты ёсьць, і браць вось таго гітарыста і клявішніцу… А яшчэ бубнач у вас таксама круты. Знойдзеце сабе кляснага франтмэна і будзе бомба!"
Назар Раўкоў: Так, Левайн глянуў на нас і спытаў: "Хлопцы, вы даўно ў гурце?". Мы яму: "Не, не, мы сэсіёншчыкі, так проста падпрацоўваем". Ну і пасьля таго пакаціла.
– Дык якая ідэя вас аб’яднала, што вы хочаце данесьці сьвету?
Назар Раўкоў: Мы ненавідзім Філіпа Кі… Не, гэтак нельга казаць у інтэрвію (сьмяецца)
Арцём Рулёў: Калі сур’ёзна, то нас аб’яднала тое, што мы хочам даць Беларусі, Расеі, а пасьля і іншым краінам сапраўдную музыку, не махровы расейскі рок і ня штучную папсу.
Алесь Кот-Зайцаў: Я б сказаў больш – ёсьць у нас мэта зрабіць ня проста якасны харошы гурт, а стварыць свойго кшталту карпарацыю, аб’яднаньне, якое будзе працаваць на карысьць сапраўднай музыкі ў шматлікіх яе праявах. Пляны адным словам вялікія!
– Вы прадусарскі праект?
Арцём Рулёў: Не, мы абсалютны індыпэндэнт. Індыпэндней не прыдумаеш.
Алесь Кот-Зайцаў: Магчыма ў будучыні і будзем супрацоўнічаць з рознымі мэнэджарамі, прадусарамі, бо намеры ў нас сур’ёзыя з прафэсійнага пункту гледжаньня. Але сабраліся мы самі па сабе. Не "Іванушкі int.", не.
– І да чаго вы імкнецеся?
Аляксей Красоўскі: Людзі ў нас вельмі любяць чужое і часта ня любяць сваё. Думаю так было не заўжды, і не заўжды так будзе. Імкнемся сытуацыю зьмяніць.
Анастасiя Аляксандрава: Ну і скарыць увесь сьвет канечне. (смяецца)
– Чаму з дапамогай беларускай мовы?
Назар Раўкоў: На ўкраінскай ужо "Океан Ельзи" сьпяваюць. Нам засталася беларуская.
Анастасiя Аляксандрава: Спачатку мы ўзгадалі пра ўзбэцкую і казаскую. Але пасьля трох песень зразумелі, што атрымліваецца штосьці ня тое. Ды й інтэрпрэтацыя назвы гурта, "КалФал", гучыць неяк ня так (сьмяецца). Спынілі выбар ўсё ж на тых мовах, якія дасканала ведаем.
Алесь Кот-Зайцаў: Усё проста. 85% складу гурта – беларусы. Тое самае і са складам нашай музыкі. Ёсьць песьні і не на беларускай, але беларуская мова так ці інакш была і застаецца для мяне адзінай сваёй.
– Ці даводзілася ўжо чуць водгукі пра сваю творчасьць?
Анастасiя Аляксандрава: Мая мама сказала, каб я не губляла свае найлепшыя гады (сьмяецца).
Назар Раўкоў: Ну так, нам сказалі, што мы поўная лажа і нікуды не праб’емся. Дзіма Малікаў, напрыклад, чуў нас. Ён сказаў, што ў нас няма гітоў. Але дадаў, што сам ён ня надта ў гэтым разьбіраецца (сьмяецца).
– І што будзе з вамі далей?
Назар Раўкоў: Ну заўтра мы будзем адсыпацца. Бо да начы здымалі сваё наступнае відэа, калядна-навагодняе дарэчы.
Алесь Кот-Зайцаў: А далей мэдалі! (сьмяецца) Будзем працаваць – пабачым. Мне па-кайфу тое, што цяпер адбываецца, а гэта галоўнае!
KILFIL:
Алесь Кот-Зайцаў – сьпеў
Анастасія Аляксандрава – клявішныя
Назар Раўкоў – гітара
Аляксей Красоўскі – бас-гітара
Арцём Рулёў – бубны
Песьню "Манэкен" можна спампаваць на афіцыйным сайце каманды www.kilfil.com.
Комментарии
Прикольный брит-попчик.
Прикольный брит-попчик. Интересно было бы послушать альбом.
могу поспорить, что черезгод
могу поспорить, что черезгод о них никто и не вспомнит, если не раньше