"Палацу" – 20! З гэтай нагоды пачынальнікі хвалі беларускага фолк-мадэрну выдаюць новы альбом "Кола грукатала" і ладзяць вялікі канцэрт. Па словах лідара "Палаца" Алега Хаменкі, дыск будзе ўяўляць сабой складанку лепшых і новых песень гурта, напісаных цягам апошніх шасці гадоў.
Алег Хаменка: "Няма канцэпцыі ў альбома. Гэта нашыя песні, якія не выдаваліся ў нумарных альбомах, якія былі запісаныя цягам апошніх шасці гадоў. Сярод іх тое, што ўваходзіла ў розныя складанкі, і некалькі песень, якія яшчэ нідзе не гучалі. Акрамя вельмі вядомых і даўно створаных песень, такіх, як "Кола грукатала" ці "Праважала маці сына", будзе "Шэрая поўсць", якую ніхто не чуў, "Стаіць вярба", якую мы толькі некалькі разоў гралі на канцэртах. То бок, альбом будзе свайго роду кампеляцыяй хітоў за апошнія шэсць гадоў".
Алег Хаменка кажа, што будучая пласцінка "Палаца" яму вельмі падабаецца. Перад Калядамі яна з’явіцца ў Інтэрнэце ў вольным доступе. А набыць яе, спадзяецца музыка, можна будзе ўжо на канцэрце-святкаванні юбілею, які адбудзецца 26 кастрычніка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
"На канцэрце будуць сябры, з якімі мы працавалі апошнія гады, – распавядае Алег пра святочны спектакль у тэатры. – Будуць музыканты, якія працавалі разам з "Палацам" і ад якіх мы ўзбагаціліся ў творчасці і ў жыцці, і якія засталіся нашымі сябрамі. Будуць калегі. Думаю, што нейкія моманты віншавання мы зрэжысуем. Але можа гэтага і не трэба! Хочацца нечага лёгкага, такога, як у святочны дзень. Каб гэта была не справаздача, а каб гэта было свята".
Падчас канцэрта, адзначае Хаменка, прагучаць толькі тыя песні "Палаца", якія любяць граць музыкі гурта. З той прычыны, жартуе Алег, і праграма юбілею мае назву "Сяброўскі канцэрт гурта "Палац" з лепшымі песнямі любові і мудрасці". Квіткі на канцэрт можна набыць у касе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
26 кастрычніка сяброўскі канцэрт да юбілею легендарнага гурта "Палац" з лепшымі песнямі любові і мудрасці. Пачатак у 19.30. Квіткі ў касах тэатра і пра замову па тэлефоне (029) 385 97 51
Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"
Фота: Generation.by