Галоўны рэдактар газэты "Антенна" Сяргей Маліноўскі і музыкант Віктар Рудэнка ацанілі шанцы Анастасіі Віньнікавай на конкурсе "Эўравізія-2011" па чатырох крытэрах, разгледзеўшы песьню "I Love Belarus", пастаўлены нумар, харызму самой сьпявачкі і палітычную падаплёку конкурсу.
Вялікімі посьпехамі за сямігадовую гісторыю ўдзелу ў конкурсе "Эўравізія" Беларусь пахваліцца ня можа. За гэты час айчынныя выканаўцы толькі двойчы траплялі ў фінал. Самы пасьпяховы вынік паказаў Дзьмітры Калдун у 2007 годзе (6 месца), найгоршы быў у Паліны Смолавай у 2006 (22 месца). Правал чакаецца і сёлета. Прынамсі, так лічаць экспэрты. На просьбу UDF.by свае ацэнкі далі галоўны рэдактар газэты "Антенна" Сяргей Маліноўскі і лідэр гурта Dali Віктар Рудэнка.
ПЕСЬНЯ (МУЗЫКА, СЛОВЫ, МЭЛЁДЫЯ, АРАНЖАРОЎКА, ВЫМАЎЛЕНЬНЕ)
Сяргей Маліноўскі: "I Love Belarus" зробленая нібы ў стылі таннай агітбрыгады. Сама Наста піша ў дзёньніку, што яе песьня шмат каму падабаецца ў Дусэльдорфе. Але ня думаю, што так можа быць. У яе вельмі прымітыўны твор, але ён запамінаецца. У пляне навязьлівасьці ўсё ў яго парадку. А вось у пляне сэнсу і шчырасьці адчувальныя праблемы. Надта яна ўжо паказушная. А вось з вымаўленьнем праблем ня бачу.
Віктар Рудэнка: Мэлёдыя "I Love Belarus" будзе зразумелая для людзей, якія слухаюць "Сектор газа" і песьню "Гуляй, мужык" у прыватнасьці. Яна не належыць да ліку інтэлектуальных песень. Добра, канечне, што тэкст патрыятычны. Але наўрад ці ён кране сэрцы эўрапейцаў, як было ў выпадку з Сэрбіяй ды яе "Малітвай". Бо там была душэўная і лірычная кампазыцыя. А тут — трэш-поп, пададзены пры гэтым сур’ёзна. Таму зусім няясна што тут да чаго. Песьня — відавочны анахранізм. А вось наконт вымаўленьня пераймацца ня варта. На 100% па-ангельску бліскуча ніхто не сьпявае. І ў Эўропе на слушнасьць вымаўленьня ніхто не зьвяртае ўвагу.
НУМАР (ПАСТАНОЎКА, КАСЬЦЮМЫ)
Сяргей Маліноўскі: У цэлым пастаноўка нумару мне спадабалася, бэк-вакалісткі добра глядзяцца, гама колераў пасуе, касьцюмы ў шэра-белых танах модна выглядаюць. Без патэтыкі і добра, што абыйшліся без чырвона-зялёнага. Тут заслуга Івана Айплатава, які з кожным разам робіць касьцюмы ўсё цікавей. Галоўнае, што ўсё гэта зроблена сваімі сіламі, танна і сярдзіта. Добра, што абышліся без дарагіх замежных аўтараў і пастаноўшчыкаў.
Віктар Рудэнка: Калі б нумар быў зроблены зь сьмяшынкай, па сьцёбе, выглядала бы прыкольна. А так зусім нявесела глядзіцца. Паказуха для беларускіх чыноўнікаў: вось, глядзіце, як мы любім Беларусь. Для спажыўца гэта анічога ня значыць, з пункту гледжаньня шоў-бізнэса ён глядзіцца непрывабна. Гэтыя лапці і цымбалы ў такім кантэксце выглядаюць жахліва і пачварна.
СЬПЯВАЧКА (ІМІДЖ, ХАРЫЗМА, УМЕНЬНЕ ТРЫМАЦЦА НА СЦЭНЕ)
Сяргей Маліноўскі: Анастасія — ні разу не сьпявачка. І ня факт, што яна адбудзецца, як сьпявачка. Пакуль яна ня можа сябе адпаведным чынам паводзіць, падаваць, як артыстка. І ня дзіўна — яна не дала яшчэ ніводнага сольнага канцэрту. Яна ў тым не вінаватая і пэўна разумее, што ранавата паехала прадстаўляць Беларусь на "Эўравізію". Яна апынулася між молатам і кавадлам. Больш чым упэўнены, што на нейкім прадзяржаўным канцэрце яе пачуў непасрэдна Лукашэнка і загадаў накіраваць на конкурс.
Віктар Рудэнка: Яна яшчэ малая дзяўчына, пораху не нюхала, як кажуць. З такім жа посьпехам можна было бы ўзяць студэнта 1-га курсу "кулька" (Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры, — заўвага udf.by) ды выправіць яго засьпяваць перад запоўненым "Ўэмблі". Наста не прайшла яшчэ пэўнага шляху і пакуль як бы яна ні жадала сама, як бы ні працавала, бліскуча ў яе ня выйдзе. Баюся, што яе чакае вялікае фіяска.
ШАНЦЫ І ПАЛІТЫЧНАЯ ПАДАПЛЁКА
Сяргей Маліноўскі: Падчас прэс-канферэнцыяў у Дусэльдорфе Анастасіі даводзіцца бясконца адказваць на пытаньне, як можна любіць Беларусь, калі там ёсьць палітвязьні, парушаюцца правы чалавека і г. д. З гэтай прычыны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шмат хто з нашых артыстаў вырашыў сёлета не прэтэндаваць на паездку на "Эўравізію". І, канечне, палітыка тут адыграе сваю ролю. У прадказаньні Google, які ставіць Беларусь у шасьцёрку лепшых я ня веру. Нашай краіне сёлета няма чаго чакаць ад гэтага конкурсу. Да ўсяго, у ім бяруць удзел зь дзясятак выканаўцаў, якія выглядаюць куды лепш за ўдзельніцу ад Беларусі. Вельмі моцны будзе вакальны конкурс. Так што, калі раптам Віньнікава і выйдзе ў фінал, разьлічваць на высокія месцы не выпадае. І я не сустрэў ніводнага чалавека, у тым ліку на дзяржаўным тэлебачаньні, якія бы верылі ў посьпех. Хоць тыя, ад каго хоць нешта залежыць робяць усё ад іх магчымае. Як сказала сама Наста, за яе будуць перажываць котка і бацькі. Відаць, яны толькі і вераць.
Віктар Рудэнка: Упэўнены, што беларуская песьня ня выйдзе з паўфіналу. Няма ў яе анічога, што магло бы крануць слухачоў. Канечне, можна спадзявацца на спачуваньне з боку Эўропы з уліку тых падзеяў, якія ў нас адбыліся. Але, паўтаруся, "I Love Belarus" далёка ня сэрбская "Малітва". Можна спадзявацца яшчэ і на тое, што прыхільнікі "Сектора газа" з постсавецкіх краінаў выкажуць сваю сымпатыю. Але паводле ўсіх крытэраў яна ня вартая фіналу. Гэта зусім ня лепшае з таго, што можа паказаць Беларусь. Тым ня менш будзем духоўна падтрымліваць нашу краіну і заўзець за Анастасію.
ДАВЕДКА:
Сяргей Маліноўскі, журналіст
Нарадзіўся у 1971 годзе ў Вялейцы, шэсць гадоў жыў у Баўгарыі (1983—1988), у 1989 годзе паступіў у БНТУ на спэцыяльнасць "тэхналёгія машынабудаўніцтва", але на трэцім курсе кінуў вучобу і пайшоў у журналістыку. Працаваў у агенцтве БелаПАН, газэтах "Знамя юности", "Аргументы и факты", "Свободные новости", "Советская Белоруссия", стажыраваўся ў Швэцыі і Польшчы ("Gazeta Vyborcza"), у 1999—2005 — журналіст газэты "Комсомольская правда в Белоруссии", з 2005 году — галоўны рэдактар газэты "Антенна".
Віктар Рудэнка, музыкант
Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Віцебску, вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце і Лінгвістычным унівэрсытэце ў Менску. Лідэр гурта Dali, які пачынаў, як акампануючая група Ірыны Дарафеевай, а потым стаў працаваць незалежна. Разам з Dali тройчы ўдзельнічаў у адборы на "Эўравізію" ад Беларусі. У 2009 годзе трапіў у фінал польскага нацыянальнага адбору на "Эўравізію". Адзін з вакалістаў праекту "У нескладовае". Суаўтар першага варыянту песьні Анастасіі Віньнікавай.
Тэкст: Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў", для UDF.BY
Комментарии
вот так
Вот так бывает.