Беларускі музыка, паэт і журналіст, былы ўдзельнік гуртоў "Князь Мышкін" і "НагУаль", Віктар Сямашка выклаў у сеціве альбом "Małapananapałam". На альбоме змешчаны запіс з летняга канцэрту ў мінскім ДК "La Мора", аднаго з першых сольных выступаў Віктара Сямашкі. Усе кампазіцыі ўяўляюць сабой спантанныя перкусійна-духавыя імправізацыі з выкарыстаннем loop-эфэкту без якіх-небудзь фанаграмных загатовак.
"Калі казаць пра стылістыку, то гэта нешта на мяжы фры-джазу, этна і акадэмічнае музыкі, – лічыць Віктар Сямашка. – Канцэрт адбываўся ў разняволенай, практычна хатняй атмасферы. Кампазіцыя "Гай" – прысвячэнне беларускім птушкам, "Ardore Marina" – успамін пра італьянскі гарадок, "Meditatio III" – спроба каталіцкае медытацыі з адмысловым тэкстам, "Салавей" – незапланаваная варыяцыя на палескі народны спеў…"
Дарэчы, у апошняй і самай працяглай кампазіцыі да музыкавання далучаюцца два гледачы (зноў жа не па сцэнары) – Раман Яраш і Максім Іўкін. Максім вядомы сваім удзелам у гуртох "Жаба ў каляіне" ды "Балцкі субстрат", музыкай да спектакляў, акадэмічнымі творамі. А Раман – адзін з актыўных удзельнікаў "Студэнцкага этнатаварыства", бард і чалец многіх акустычных утварэнняў.
Назоў "Małapananapałam" – гэта паліндром (верш, што чытаецца ў абодвух напрамках аднолькава): мала пана напалам. У фізычным выглядзе альбом складаецца з двух CD, паколькі доўжыцца ў суме 1 гадзіну 40 хвілінаў. У аздабленні выкарыстаная графіка Віктара Сямашкі-старэйшага (бацькі аўтара).
Папярэдні альбом Віктара Сямашкі "г.М", запісаны таксама жыўцом у розных цікавых пунктах Мінску і выдадзены сёлета расійскім лэйблам Clinical Archives, па-ранейшаму даступны для вольнага спампоўвання.
Спампаваць альбом па спасылцы.
Тэкст: Ultra-music.com паводле прэс-рэлізу
Комментарии
Что-то в этой музыке есть. Но
Что-то в этой музыке есть. Но чего-то и нет. Красивые джазовые зарисовочки. Не хватает саунд-продюссера.