Лэйбал h-a-z-e.org прэзэнтаваў новы рэліз Віктара Сямашкі – альбом "Зьнянацку". Запіс адбыўся летась у хатцы, што завецца ДК "La мора" й месьціца ў менскім раёне Грушаўка. Імпрэза Віктара й кумпаніі сталася адной з апошніх музычных падзеяў на гэтай арт-пляцоўцы. Хатку хутка зьнясуць.
Гэты выступ Віктара Сямашкі адрозьніваўся ад усіх папярэдніх значнай колькасьцю запрошаных музыкаў. Яны далучаліся па адным цягам дзеі, каб напрыканцы ўтварыць імправізацыйны сэптэт. Альбом поўніцца незвычайнымі інструмэнтальнымі спалучэньнямі: напрыклад, адначасова гучаць тры сынтэзатары, у тым ліку аналягавы й кішэнны; афрыканскі драўляны ксілафон і гудучая тыбэцкая чара; шмат розных духавых інструмэнтаў.
Віктар Сямашка пералічае ўдзельнікаў: "Па-першае, менавіта дзеля гэтага канцэрту з Гародні прыехаў пэркусіяніста, які сам вырабляе свае стукалкі ды грукалкі, Ігар Адасік. Потым Раман Яраш дадаў аўтэнтычных сьпеваў, а Васіль Панкратаў – уласнае паэзіі. Ну, і гурт Masque Noir далучаецца ў поўным складзе. Я моцна ім дзякую й публіцы таксама. Здаецца, усе засталіся вельмі задаволеныя"
Варта дадаць, што ў аздабленьні альбома выкарастаныя фотаздымкі Сяргея Гудзіліна – узоры стыхійнага менскага супрэматызму.
Спампаваць альбом "Зьнянацку" разам з вокладкай можна на сайце h-a-z-e.org
Тэкст: прэс-рэліз