Інтэрнацыянальны авангардовы дуэт Крыстоф Мэльен (Парыж) і Віктар Сямашка (Менск) запісалі альбом "Still Life". Музыкі пазнаёміліся дзякуючы рэсурсу Soundcloud. Адразу ж узьнікла ідэя сумеснага запісу, зробленага шляхам перасылкі аўдыёфайлаў праз файлаабменьнікі.
Крыстоф і Віктар абмяняліся чарнавымі матэрыяламі й дадалі да іх свае партыі. Француз сыграў на электрапіяна, гітары, выкарыстаў барабанныя сэмплы, дадаў дэклямацыю на роднай мове. Беларускі бок задзейнічаў розныя духавыя інструмэнты, у тым ліку дуду, а таксама старэнькі патэфон.
Віктар Сямашка: "Для мяне гэта першы досьвед такога кшталту: запісвацца з чалавекам на адлегласьці, амаль анічога пра яго ня ведаючы. Усё, што мы ведалі адзін пра аднаго – толькі нашая музыка, выкладзеная на Soundcloud. Прычым, пра рэальнае імя Крыстофа я таксама дазнаўся не адразу, бо ён мае шмат псэўданімаў. Мяне зачапілі яго спантанныя імправізацыі на фартэпіяна, мне яны падаліся вельмі блізкімі. Увогуле, гэта быў вельмі творчы й максымальна дэпэрсаналізаваны, скажам так, працэс".
Крыстоф Мэльен: "Калі я чую гэтую музыку, я не магу паверыць. Віктар ня толькі дадаў некаторые сола на мае музычныя фрагмэнты. Ён нібы стварыў наноў мае мэлёдыі й надаў ім іншае вымярэньне. Цяпер было б файна зрабіць некалькі выступаў зь ім! Хаця ў Францыі ня проста зладзіць канцэрт свабоднае музыкі. Магчыма, хто-небудзь пачуе гэты запіс, прачытае гэты тэкст і арганізуе такую сустрэчу."
Даволі разрозьненыя трэкі арганічна склаліся ў канцэптуальны альбом, які вырашана было выдаць на лэйбле Tape-Safe (Бэльгія), які спэцыялізуецца на падобнай музыцы. У аздабленьні выкарыстаны жывапіс Хаіма Суціна, які сваім лёсам злучыў Беларусь і Францыю.
Спампаваць альбом на Mediafire.com
Комментарии
Приятный джазик, под фон
Приятный джазик, под фон очень даже хорошо