З нагоды выхаду свайго сольнага альбому "Malapananapalam" Віктар Сямашка распавёў у інтэрвію Tuzin.fm чаму сыйшоў з гуртоў "Нагуаль" і "Князь Мышкін" ды ўпершыню прызнаўся, для каго ён грае сваю музыку.
– Чаго ты сыйшоў з "Князя Мышкіна". Няўжо ў межах гэтага гурта можа стаць цесна?
– Сыходзіць было шкада, але да гэтага вымагалі абставіны. Прыйшло адчуваньне, што больш нічога новага прыўнесьці ў гэты гурт я не змагу, што лепшая зьмена – мая адсутнасьць. Я адпрацаваў у КМ болей за 10 гадоў. Відаць, на тым мая місія выкананая. Тым больш, што ў складзе групы застаўся выдатны імправізатар – кантрабасіст Эрык Арлоў-Шымкус, прадстаўнік, скажам так, новае генэрацыі, маладая кроў.
– А што было нагодай сыходу з "Нагуаль"?
– Ну, з "Нагуалем" – гэта даўняя гісторыя. Увогуле, я раблю нешта, пакуль адчуваю, што гэта трэба й інакш немагчыма, нават калі канкрэтных доказаў таму ня маю. Зь цягам часу гэтае адчуваньне можа паступова зьнікнуць, справа стане бессэнсоўнай, мэханічнай… Тады трэба ставіць кропку і перагортваць старонку. Між тым, зь Лявонам Паўлёнкам мы рэгулярна перасякаемся. Летась "Нагуаль" граў на маім вясельлі ў Наваградку. Было фэерычна!
– Твае імправізацыі – яны для каго? Для цябе самога? Ці ўсё ж ты разьлічваеш на слухацкую ўвагу?
– Найперш, як бы гэта ня патасна гучала, яны для Пана Бога. Не палічыце мяне фанатыкам, але Ён сапраўды – галоўны адрасат, слухач, цэнзар, крытык і г. д. Слухачы, каля яны ёсьць, то выключна ў ролі пасярэднікаў. Увогуле, мне хочацца вярнуць музыцы яе галоўную функцыю – рэлігійную, якая аднаўляе сувязь чалавека з Богам. Разам з тым, любы творца ў любой сфэры так ці інакш мусіць уяўляць сабе абстрактнага, патэнцыйнага слухача, каб быць яму зразумелым, не губляючы ўласнае аўтарскае мовы. Калі казаць пра аўдыторыю на канцэрце – то гэта, як ні парадаксальна, адначасова галоўны стымул для гранічнае канцэнтрацыі ды асноўная перашкода для таго ж.
– Дык а можаш сказаць яшчэ канкрэтней, што ты прагнеш давесьці сваімі п’есамі?
– Ня ведаю. Напэўна, хачу паказаць, што цуды ў нас пад носам. Што ў рэжыме "тут і цяпер" пры жаданьні і слушным намаганьні зь нічога можна зрабіць нешта важнае і важкае. Я закаханы ў музычныя інструмэнты. Яны ўсе для мяне, як цацкі. Я абсалютна не разумею, як з клярнэта альбо флейты здабываецца такі фантастычны гук. Часам бывае, што інструмэнты быццам самі граюць у маіх рукох. Акром таго, хочацца данесьці да людзей нейкую сьвежую невэрбальную інфармацыю, якую інакш як праз музыку ня выкажаш. Таму форма ў такой музыкі – не зусім традыцыйная. Атрымоўваецца штосьці на перасячэньні фры-джазу, акадэмізму, фальклёру ды электронікі, дзе кожны з чатырох гэтых складнікаў не зьяўляецца сабой у поўнай меры.
– А кім ты захапляесься?
– Пра гэта я магу доўга гаварыць. Па-першае, я захапляюся беларускай музыкай ва ўсіх яе праявах. Гэта некалькі соцень аўтараў і выканаўцаў. Па-другое, я вельмі люблю амэрыканскі крэатыўны джаз кшталту Энтані Брэкстана альбо Джозэфа Джармана. У маёй музыцы можна адшукаць шмат спасылак да іх. Па-трэцяе, я шмат чаго слухаю з расейскае музыкі: Макараў, Гайваронскі, Курохін, Фёдараў, Мамонаў… Апошняга лічу сучасным Златавустам.
– У цябе ніколі не было жаданьня выказацца на сцэне ня толькі з дапамогай інструмэнту, але і сьпеву?
– Я не вельмі люблю ў сваёй творчасьці сынтэтычныя формы. Калі музыка – то чыстая музыка бяз словаў, калі вершы – то вершы. Спалучацца яны між сабой найлепш могуць у выглядзе ня песьні, а гэткіх мэлядэклямацыяў. Хаця колісь мы з братам Алесем стварылі цыкль на вершы Максіма Багдановіча і цяпер часам некаторыя з тых песень агучваем на рэдкіх адмысловых імпрэзах.
– Якое разьвіцьцё можа атрымаць твая сольная кар’ера ў далейшым?
– Прадбачыць нічога не магу. Асабістай творчацю, рознымі "хатнімі праектамі" я займаюся яшчэ з 90-х гадоў. Апрацаваных і недаробленых запісаў – процьма. Але фактычна толькі сёлета я пачаў менавіта публічную сольную творчасьць. Дапамагла прымочка з loop-эфэктам, якую мне жонка падаравала. Праз прымочку я ствараю пэўную базу для імправізацыі і потым зьверху навальваю усялякіх пасажаў ды выкрутасаў. Адначасова, акром такога "самотнага" варыянту, спрабую супрацоўнічаць зь іншымі музыкамі. Хутка апублікую дуэтныя практыкаваньні з рэчыцкім бубначом Уладзімерам Краўчанкам, з тым жа Эрыкам. Запісалі таксама дуэт з расейцам Васілём К., які увойдзе ў ягоны новы CD. Праз soundcloud.com днямі пазнаёміўся з французам Крыстофам, таксама аматарам спантаннага музыкаваньня. Ужо зрабілі адну сумесную рэч. Разам з жонкай зварганілі бокс з трох кружэлак, які цяпер прадаецца ў кнігарні "ЛогвінаЎ". Там зьмешчаныя запісы маіх "хатніх праектаў" апошніх двух гадоў. Увогуле, калі надакучыць праца з прымочкай, магчыма, ізноў сканцэнтруюся выключна на "студыйнай" працы. Наяўнасьць публікі, гастроляў для мяне не зьяўляюцца прынцыповым момантам.
8 лістапада Віктар Сямашка выступіць у антыкавярні "Дом Фішара" (прасп. Незалежнасьці, 84a).
Тэкст: Іван Бяспалы, Tuzin.fm
Фота: Воля Сямашка