На інтэрнэт-лэйбле HAZE выйшаў новы альбом імправізатара Віктара Сямашкі "Імігрант". Рэліз зьмяшчае музыку, напісаную для нямога кіно 1917 г. з Чарлі Чаплінам у галоўнай ролі. Дэманстрацыі гэтае стужкі з жывым суправаджэньнем Віктара прайшлі цягам мінулага траўня ў Гародні ды Берасьці на адкрытым паветры.
Ідэя сумясьціць клясычную камэдыю з авангардовым агучваньнем належыла арганізатарам фэстывалю "Кінемо".
– Мяне адразу папярэдзілі, што з камэдыяй працаваць цяжка. І я пераканаўся ў тым. Па-за артыстычным сьмехам заўжды хаваюцца сьлёзы. Таму маёй задачай было раскрыць гэты адваротны бок, выварат камэдыйнага жанру. Акром таго, прапанова агучыць " Імігранта" сталася даволі сымбалічнай і своечасовай. Цяпер я мушу амаль палову часу праводзіць за мяжой, – патлумачыў Віктар Сямашка.
Акром трох поўных вэрсіяў саўндтрэку да "Імігранта" , альбом Віктара Сямашкі зьмяшчае некалькі варыяцыяў на тэму. Сумарная працягласьць кампазыцыяў складае болей за паўтары гадзіны. Партыі на ўсіх інструмэнтах – духавых, клявішных, пэркусійных – выконвае аўтар. У адным з трэкаў выкарыстоўваецца стары пасьляваенны патэфон.
Паглядзець фільм з саўндтрэкам можна на YouTube. Бліжэйшы сольны выступ Віктара Сямашкі пройдзе ў галерэі Elysium у Вільні 29 лістапада.
Спампаваць (і пры жаданні заплаціць) можна на старонцы лэйбла HAZE.
Тэкст: Experty.by паводле прэс-рэліза