12 верасня будзе прэзентаваны фільм "Svet" пра таленавітага беларускага блюзмэна, спевака, кампазітара ды лідара гурта Svet Boogie Band Святаслава Хадановіча, які загінуў у 2008 годзе. Стужка складаецца з архіўных канцэртных запісаў, інтэрв'ю са Святаславам ды прадстаўнікамі расійскай і беларускай музычнай тусоўкі.
"Гэта дакументальны музычны фільм, – распавядае рэжысёрка, прадзюсарка ды сцэнарыстка карціны Алена Сагельская. – Гэта фільм-партрэт, фільм-шоў, дзе шмат людзей з Масквы, Мінска, журналісты, музыкі, прадзюсары распавядаюць пра тое, які гэта быў цудоўны чалавек. Якая ў яго была незвычайная душэўнасць, цеплыня, якая ў яго была заразлівая энергетыка... І ў фільме ўвесь час гучыць яго музыка і музыка яго гурта".
Для стужкі выкарыстоўваліся архіўныя відэазапісы канцэртаў, а таксама інтэрв'ю, дзе сам Святаслаў разважае пра блюз, распавядае, як ён прыйшоў да музыкі, гісторыю ўтварэння Svet Boogie Band. Плануецца, што з цягам часу фільм з'явіцца і на дысках, пакуль жа яго будуць паказваць на некаторых расійскіх тэлеканалах, а магчыма, і на беларускіх.
"Калі яны зацікавяцца, вядома, – заўважае Алена. – Бо фільм беларускім тэлевізіёншчыкам можа падацца нейкім нестандартным, нефармальным, не дастаткова афіцыйным. А між іншым, я лічу Света гонарам Беларусі, бо гэта быў музыка дастаткова шырока вядомы, але не дастаткова шанаваўся нашымі радыё- ды тэлеканаламі".
Першы прэм'ерны паказ адбудзецца ў Мінскім Палацы Мастацтва (вул.Казлова 3) непасрэдна ў дзень яго чацвёртай гадавіны смерці, 12 верасня, пачатак 20:00. Другі паказ пройдзе падчас канцэрта-памяці Святаслава ў клубе "Гудвін" 11 кастрычніка.
Тэкст: Ілля Маліноўскі, "Еўрарадыё"