О проекте

Сьвятаслаў "Svet" Хадановіч у "Залі славы беларускага року" (+відэа)

 

"Калі амэрыканцы пачулі яго запісы, то сказалі адназначна: гэта наш чалавек іграе. І калі я тлумачыў, што гэта беларус, яны ня верылі. Сьцьвярджалі: белы, тым больш не амэрыканец, так іграць ня здольны!"… Выдатны блюзмэн Сьвятаслаў "Svet" Хадановіч увайшоў у "Залю славы беларускага року" на "Тузіне Гітоў". З гэтай нагоды пра музыку, жыцьцё якога абарвалася ў верасьні 2008 году, згадваюць ягоныя калегі.

Мне сапраўды пашчасьціла часта сустракацца з гэтым сапраўды незвычайным і надзвычай таленавітым чалавекам. І на канцэртах у Менску, і двойчы на блюзавых фэстывалях у Польшчы, куды мы выяжджалі з той прычыны, што музыкаў, якія маглі б лепш прэзэнтаваць за мяжой блюз зь Беларусі, тады проста не было. На "Nocy bluesowej" у Раве Мазавецкай у 2003 годзе Сьвет імгненна закантачыў з усімі канкурсантамі і адразу ж пасьля сканчэньня конкурсу разам з Элам Шыловічам і Валерам "Біг Вэлам" Прыхожым пацягнуў новых знаёмых для таго, каб паджэмаваць на вуліцы. Занятае ў конкурсе месца яго аніяк не хвалявала. І нават пасьля таго, як вынікі былі вядомыя, я, ідучы цэнтрам гэтага невялічкага гарадку, гукнуў праз вуліцу: "Вы першыя!" Сьвет адмахнуўся: маўляў, ня веру. А менскае трыё насамрэч аднагалосна перамагло канкурэнтаў зь іншых краінаў Эўропы. Зрэшты, аб той паездцы добра распавядае зьняты для БТ фільм Кацярыны Нявінскай.

Сам пісаў пра Сьвета шмат. Паўтарацца не хацелася б, таму аддам слова музыкам, якім ёсьць што сказаць пра Сьвета, якія ведалі яго ў справе. Адзін зь іх – Аляксандар Памідораў.

– Сам факт зьяўленьня такога музыкі на беларускай прасторы цалкам заканамерны. На жаль, такога кшталту музыкі чамусьці тут, прабачце, доўга не жывуць. Сьвет жа памерам свайго таленту выходзіў далёка па-за межы Беларусі, ён быў творцам у галіне блюзу – не пабаюся сказаць – сусьветнага маштабу. Пасьля першай нашай зь ім сустрэчы мне было надзвычай прыемна ўсьвядоміць, што ёсьць у нас такія маладыя людзі, якія гэтак файна ўпраўляюцца з музычнымі інструмэнтамі і валодаюць стылістыкай, якая даўно набыла статус культавай. Мне было цікава: а ці надоўга ў яго хопіць імпэту выконваць карнявы, акустычны дэльта-блюз? Потым, калі ўсё пачало разьвівацца, ад удзелу ў іншых калектывах Сьвет прыйшоў да таго, што стварыў уласны гурт. І тое, як ён выконваў бугі-вугі, джамп-блюз, было проста неверагодна! Гэта было на ўзроўні сусьветных клясычных запісаў. Але тое стваралася ня недзе там, а на тваіх вачах! Твой суграмадзянін, можна сказаць – сусед рабіў нешта зусім нязвыклае!

Бяда ў тым, што ва ўсіх нас (маю на ўвазе беларускіх музыкаў) прысутнічае нейкі інфантылізм. Няшмат хто здольны прадрацца праз воўчыя законы жыцьця, творчасьці. Аднаго таленту замала, неабходна, сьціснуўшы зубы, перці і перці. Пры гэтым абраная Сьветам дарога была не мэйнстрымам, а больш сьціслай плыньню – для знаўцаў. Яму, канечне ж, хацелася большай папулярнасьці, але на такую разьлічваць было няпроста, нават зважаючы на ягоную проста фантастычную працаздольнасьць. Можна, безумоўна, шкадаваць, што для яго не знайшлося адпаведнага дырэктара, прадусара. Ды, зь іншага боку, яны маглі прымусіць яго танчыць пад якую іншую дудку. І наступствы маглі быць жахлівыя. Хоць што можа быць больш жахлівым, чым сьмерць…

Музыкі такога ўзроўню, які б гэтак іграў блюз, на жаль, у Беларусі на гэты момант няма. Дый у суседніх славянскіх краінах такіх – лічаныя адзінкі. Я зь першародным кайфам аддаваўся таму, што ён рабіў на сцэне! І гэта – белы хлопец! Я такіх людзей даўно ня бачыў, і таму гэтая рана ня гоіцца. І дзякаваць Богу, што засталося шмат запісаў, засталіся тыя, хто зь ім граў, працягваюць несьці, велічна кажучы, ягоны сьцяг. І таму яны ня маюць права граць горш, чым ён. Насамрэч, гэта быў сьветлы чалавек. Шкада, што мы зь ім ня так шмат кантактавалі.

Валеры "Big Val" Прахожы выступаў са Сьветам у складзе трыё. Пазьней Сьвет і Эл Шыловіч паўдзельнічалі ў запісе сольнага альбому Валерыя. А па сьмерці Сьвета Валеры павесіў гітару на цьвік…

– Я ня ведаю, як ён вучыўся, але як музыка ён быў нечым неверагодным. Наогул не ўяўляю, як усяму гэтаму можна было навучыцца. Так, ён бесьперапынна слухаў музыку, аўтэнтычны матэрыял, але ж ствараў уласнае літаральна зь ліста, бесьперапынна імправізаваў. Я паказваў амэрыканцам ягоныя запісы, і тыя казалі: адназначна, гэта наш чалавек іграе. І калі я тлумачыў, што гэта беларус, яны ня верылі. Сьцьвярджалі: белы, тым больш не амэрыканец, так іграць ня здольны! Як музыка ён быў бліскучым выканаўцам, параўноўваць яго проста няма зь кім. І калі пачаў пісаць аўтарскія творы, ён выйшаў на новы ўзровень, асабліва калі спрабаваў пісаць на ўласныя расейскамоўныя тэксты. Гэта было цікава, таму што, як многія мяркуюць, што блюз, бугі-вугі, наогул уся рок-музыка ня вельмі кладуцца на расейскамоўныя тэксты. Аднак Сьвет паказаў, што гэта цалкам магчыма. Вось яшчэ адзін доказ таго, што добры музыка кожную музыку здольны выканаць пісьменна, прыгожа, правільна.

Як чалавек, Сьвецік быў сонечным зайчыкам, які пры гэтым не адбіваў сьвятла. Ён сам яго выпраменьваў. Магу нават казаць, што на пачатку ён мяне нават сьляпіў. Бо я ня мог зразумець: адкуль ён такі ўзяўся, як ён гэтак можа рабіць?! Наогул – як такое магчыма? Адна справа, калі глядзіш відэа і бачыш, як іграе, скажам, Клэптан, але зусім іншая – калі побач з табой жывы чалавек, малады, наш!.. Як у тым анэкдоце: габрэй з "Кока-колай" у пустыні? Міраж!

Да таго ж выключна вар’яцкая ягоная энэргія. Я, дастаткова дарослы чалавек, проста ня ведаў часам, як зь ім трымацца. Ён урываўся, быццам віхура, і вымагаў рабіць тое, што яму трэба было. І ты нібыта зьбіраўся займацца нечым іншым, аднак праз колькі імгненьняў разумеў: ужо робіш тое, што неабходна яму. Яго нават у твар я называў Карлсанам, быццам за сьпінай у яго сапраўды бесьперапынна працаваў маторчык, які сілкуецца ад сонечнай батарэйкі.

І ні граму фальшы, ані разу! Заўсёды казаў тое, што думаў. А я гэта вельмі шаную. І гэтай шчырасьцю ён падкупляў усіх, таму што гэта было натуральным. Такі лёгкі налёт фамільярнасьці мяне, прызнацца, часам такі прыбіваў, хоць розьніца ў гадах у нас была ледзь ня ў два разы. Аднак ён мяне быццам "прызямляў", і я адчуваў сябе зь ім пагодкам. Адпаведна і розныя глупствы рабіліся, у тым ліку й музычныя. Памятаю, я адмаўляўся: маўляў, ня буду гэта сьпяваць, не маё! А ён мне: што ты курчысься, паспрабуй! Паглядзелі, паспрабавалі – сапраўды атрымліваецца! Вось ён захапіў ідэяй, прымусіў, зачараваў – і ёсьць вынік.

Быў час, калі ў мяне было жаданьне некаму нешта даказаць праз музыку. Проста ў той момант нашыя хвалі – мая, Сьвета і Эла – супалі. Аднойчы я іх прыцягнуў у гэты пакой (пазьней яны прызналіся, што доўга сумняваліся, ці варта ісьці да нейкага ледзь знаёмага мужыка), мы расьселіся: я з гітарай, Эл з гітарай, Сьвет з гармошкай. Прапанаваў нешта сыграць разам. І – атрымалася, так склалася, быццам мы даўно разам ігралі! І першыя нашыя сумесныя запісы былі самыя шчырыя, якія менавіта тут і пісаліся. Пісаліся лічы ні на што, на мікрафон для караоке. І Сьвет паўплываў на мяне ў тым сэнсе, што мне тады гэта было трэба і ён мяне дапоўніў, дапамог, падцягнуў мяне. І нават прымусіў гэта рабіць далей. А далей… Таксама з-за асабістых прычын ад музыкі я адыйшоў. Але ж час, які мы былі разам, лічу адным з найлепшых момантаў уласнага жыцьця. Гэта быў абсалютна чысты, сьветлы струмень у маім жыцьці!

Аляксей "Эл" Шыловіч пазнаёміўся са Сьветам дастаткова банальна, праз аб’яву ў газэце. Пачалі выступаць у дуэце ў 2001 годзе, у 2004 у сувязі са службовымі абавязкамі Аляксей пакінуў Сьвета, вярнуўшыся ў Svet Boogie Band у 2006-м.

– Мы абодва хацелі займацца музыкай і такім чынам адшукалі адзін аднаго. Кантакт усталяваўся адразу, і першае, што я адчуў у яго, – гэта энэргетыку. На першай жа рэпэтыцыі ён схапіў у рукі швабру і пачаў зь ёй, як зь мікрафоннай стойкай, нешта сьпяваць на імправізаваны тэкст. Гэта для мяне было вельмі незвычайна. Яго нельга было называць музыкам у звычайным разуменьні слова. Ён мог раптоўна захапіцца нейкім стылем і цягам двух-трох месяцаў цалкам аддавацца яму. Прапусьціўшы тое празь сябе, рабіў нешта ўласнае. І было зразумела, што ён разьвіваўся праз увесь час. Усё ж у Сьвета была акадэмічная музычная адукацыі, а таму ён імкнуўся дабраць тое, чаму не навучыўся раней. І ў той час, як склаўся ўжо як асоба, музыку ён успрымаў, безумоўна, як нешта такое, што прыйшло з Захаду, чаму неабходна няспынна вучыцца.

Працуючы з калегамі, Сьвет заўсёды выступаў як матор, але пры гэтым нячаста навязваў іншым сваю пазыцыю. Хоць з часам (і гэта было заўважна) ён пачаў разумець, што ў параўнаньні зь іншымі выконвае больш важкія функцыі – арганізацыйныя, прадусарскія. І вось гэта ўжо давала яму права казаць іншым, як і што варта рабіць. І гэта цалкам апраўдана, бо калі кожны пачне рабіць, што ён хоча, плёну бадай ня будзе.

Адзін з нашых першых выступаў як Svet Boogie Band быў вельмі незвычайны. На публіцы мы яшчэ не працавалі, а тут прапанавалі выступ у Маскве, на стадыёне "Дынама". Быў вялікі фэстываль, які мы мусілі распачынаць. Кампанія музыкаў была вельмі салідная: немцы, швэды, на якіх мы глядзелі шырока расплюшчанымі вачыма. Зрэшты, як і яны на нас: маўляў, зь якой прычыны сюды трапілі гэтыя дзеці? Запомніўся яшчэ і выступ у Лёндане, удзел у фінале конкурсу, на які з розных краін трапілі панкі, мэталісты. І мы. Такое забыць немагчыма.

Цяпер музыкай я не займаюся. На гэта вельмі паўплывала сьмерць Сьвета. Я згубіў адчуваньне таго, чым мушу займацца, што рабіць, ня здолеў адшукаць у сабе сілы рухацца далей. Хоць, цалкам магчыма, адшукаю нейкія сьцежкі для таго, каб вярнуцца да музыкі і рабіць у ёй тое, што мне падабаецца.

Для большасьці людзей, якія бачылі яго, чулі, ён назаўсёды застаўся чалавекам, які проста граў блюз. Чалавекам, які празь сябе трансьляваў чужыя ідэі. Для тых, хто блюз разумее, ён усё адно застаецца тым відам творчасьці, у якім беламу чалавеку зрабіць нешта вартае і арыгінальнае немагчыма, як бы ён не вылузваўся са скуры. Белы ў блюзе так ці інакш застаецца толькі рэтрансьлятарам. І ў пэўны момант Сьвет, відаць, зразумеў гэта, а таму адыйшоў ад блюзу, бугі, адчуўшы, што здольны выдаць нешта ўласнае. Але здарылася тое, што здарылася… Тыя рабочыя запісы самага апошняга пэрыяду гавораць пра тое, што Сьвет як творца, аўтар музыкі, тэкстаў, выйшаў на прынцыпова новы ўзровень. Цяпер яго ўводзяць у Залю славы, але тады вакол яго было вельмі мала людзей, якія разумелі, што можа вырасьці з такога чалавека. Па вялікім рахунку ён ніколі не трапляў на тэлеэкран, па радыё пускалі ў ягоным выкананьні нейкія чужыя творы, і таму я магу казаць, што пайшоў ад нас Сьвет так і не рэалізаваўшы сябе. Пайшоў у той момант, як пачаў ствараць цалкам арыгінальную музыку, якую можна было б сьмела паказваць дзе заўгодна і на самым высокім узроўні.

Цікава, што за два дні перад тым, як мы дамовіліся з вамі на гэтую сустрэчу, мне раптам прысьніўся Сьвет. Мы зь ім пра нешта дамаўляліся, гутарылі, і было гэта быццам у рэальнасьці. А потым ваш званок. І я зразумеў, чаму да мяне прыходзіў Сьвет. Проста ён нікуды не сыходзіў…

Тэкст: Зьміцер Падбярэзскі, "Тузін гітоў"
Фота: svetboogieband.livejournal.com


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net